Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы, кіраўнік фэдэральнага дэпартамэнту замежных спраў Швайцарыі Мішлін Кальмі-Рэй заклікала беларускае кіраўніцтва ўзмацніць намаганьні ў справе набліжэньня да гэтай арганізацыі.


"У нас ёсьць падставы меркаваць, што Беларусь на 18 сакавіка выканала два сьмяротныя прысуды. Гэты факт сур'ёзная перашкода на шляху збліжэньня паміж Менскам і Радай Эўропы”,– заявіла Кальмі-Рэй.

Паводле яе словаў, яна чакае ад Беларусі скасаваньня сьмяротнага пакараньня – толькі тады дыялёг паміж Менскам і Страсбурам можа быць адноўлены. Мішлін Кальмі-Рэй таксама ўзгадала сваю размову з Аляксандрам Лукашэнкам, у часе якой закраналася гэтае пытаньне. Гэта было сёлета ў лютым, калі беларускі кіраўнік знаходзіўся ў Швайцарыі.

Мішлін Кальмі-Рэй падкрэсьліла, што будзе чакаць “дакладнага сыгналу” зь Менску да канца швайцарскага кіраўніцтва ў Радзе Эўропы, да 11 траўня. Потым старшыняваць у гэтай арганізацыі будзе Македонія.

Беларусь – адзіная эўрапейская краіна, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Летась гэта арганізацыя аднавіла дыялёг зь Менскам пасьля доўгага перапынку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG