Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіева пазбавяць імунітэту

  • БелаПАН

Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Часовы ўрад Кіргізстану разгледзеў дэкрэт аб адхіленьні ад пасады экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева, пазбаўленьні яго імунітэту і забесьпячэньні яго дастаўкі на радзіму. "Праект дэкрэту аб адхіленьні ад пасады Курманбека Бакіева быў разгледжаны на пасяджэньні ўрада.

Згодна з праектам, Бакіеў пазбаўлены прэзыдэнцкага імунітэту, і праваахоўным органам даручана забясьпечыць яго дастаўку ў рэспубліку", —"РІА Новости" прыводзіць словы кіраўніка апарату старшыні часовага ўрада Эдзіля Байсалава.

Паводле слоў кіраўніка прэс-цэнтра часовага ўрада Турата Акімава, гаварыць аб прыняцьці такога дэкрэта пакуль рана, бо дакумэнт яшчэ не паступіў на подпіс кіраўніцы ўраду Розе Атунбаевай.

У Кіргізстане супраць Бакіева распачатая крымінальная справа па факце гібелі людзей у час мітынгу, арганізаванага апазыцыяй 7 красавіка ў Бішкеку. Пры штурме кіргізскага Белага дома загінула больш за 80 чалавек.

16 красавіка Бакіеў пакінуў краіну і накіраваўся ў Казахстан. Гэта стала вынікам перамоў з удзелам прэзыдэнтаў ЗША, Расіі і Казахстану. Бакіеў напісаў заяву аб складаньні паўнамоцтваў. 20 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Бакіеў знаходзіцца ў Менску.

На наступны дзень у Выканкаме СНД зрынуты прэзыдэнт Бакіеў заявіў, што не прызнае сваёй адстаўкі. "Дзевяць месяцаў таму народ Кіргізстана абраў мяне прэзыдэнтам, і я прысягнуў служыць яму. Няма сілы, якая прымусіць мяне адмовіцца ад маёй клятвы. Толькі сьмерць спыніць мяне", — сказаў Бакіеў.

Але пазьней ён заявіў, што не зьбіраецца вяртацца на радзіму ў якасьці дзейнага прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG