Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тут тыя, хто ня мог заставацца дома”


У Менску адбыўся Чарнобыльскі шлях. 24-ю гадавіну катастрофы адзначылі жалобным шэсьцем ад Акадэміі навук вуліцай Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. Пасьля сумеснай малітвы людзі разышліся. Сёлетняя акцыя не была масавай — каля тысячы чалавек, сярод якіх ліквідатары наступстваў Чарнобыльскай аварыі, актывісты моладзевых арганізацый, палітыкі і грамадзкія дзеячы.

Наста Палажанка: «Малады фронт» ня ўдзельнічаў у Чарнобыльскім шляху 2 гады з-за таго, што гэта было больш падобнае на карнавал, але зь вялікай сумнай нагоды. Гэтым разам, паколькі арганізатары вырашылі вярнуць статус жалобнага мерапрыемства, маладафронтаўцы ня толькі далучыліся, але зьяўляліся аднымі з арганізатараў гэтай акцыі. Я прыйшла, каб выказаць спачуваньне ў такой жудаснай трагедыі«.

85-гадовы Павал Іваненка: «Ніколі не прапускаў ніводнага шэсьця... У 1986 годзе мая вёска паляцела да Бога. 50 ці нават болей сем’яў пераселеныя ў Менск. Паляцеў мой домік, які я, вярнуўшыся паранены з-пад Мазыра, пабудаваў... Прапаў домік, і на радзіму ўжо нельга паехаць... 30-кілямэтравая зона».

Мікола Статкевіч: «Я палічыў за свой абавязак быць тут, бо калі ня будзе Чарнобыльскага шляху, гэтага штогадовага напаміну нашай уладзе пра чарнобыльскія праблемы, то яна зробіць выгляд, што й праблемаў няма. Я тут яшчэ й таму, што цяпер спынены радыяцыйны кантроль за харчаваньнем, што кожны трэці мянчук мае радыенукліды ў сваім арганізьме, таму што ў Чарнобыльскай зоне працягваюцца сельскагаспадарчыя работы, нават нейкія пляны выконваюцца і перавыконваюцца, а мы гэта ўсё ямо».

Сяргей Скрабец: «Я прыйшоў сюды, бо лічу, што гэта вельмі добрая магчымасьць прайсьці пад бел-чырвона-белым сьцягам і паказаць, што ў нашай краіне ня ўсе згодныя з палітыкай дыктатуры і гэтага рэжыму. Шкада нацыю, але яшчэ больш шкада, што над ёй пануе незаконная ўлада».

Павал Севярынец: «Ну, апошнім часам на Чарнобыльскі шлях увогуле ходзіць мала людзей, бо акцыі праходзілі ў такім дзіўнаватым фармаце: прыходзілі паказаць, што яны ёсьць, розныя арганізацыі. Праблема сур’ёзная і глыбокая. Гэта не дзіцячы садок і не пясочніца. Гэта вельмі сур’ёзная тэма для Беларусі, тэма жыцьця і сьмерці. Канечне, тыя турнікеты, якія тут пастаўленыя, у мяне выклікаюць асацыяцыю з учорашнімі кабінкамі для галасаваньня».

Прадстаўнікі расейскай арганізацыі «Оборона»: «Узялі трох каардынатаў руху „Оборона“. Відаць, у іх былі нейкія наводкі. Ніколі не сутыкаўся з зваротам у расейскую амбасаду ў іншай краіне, але крыху шакаваны тым фактам, што ў консульскім аддзеле тэлефон прапаноўваў нам зайсьці на інтэрнэт-старонку амбасады і паглядзець як яна выглядае. Дзяжурны, калі я ня проста казаў, што ў мяне нейкія справы, а крычаў, што людзей скралі сярод белага дня, паабяцаў скласьці рапарт пра гэта, але сказаў, што разгляд гэтага адбудзецца толькі заўтра».

Ліквідатар наступстваў Чарнобыльскай аварыі Васіль Сільвестр: «Прыехалі на гэты мітынг таму, што ў нас у Калінкавічах адкрываць помнік удзельнікам і ліквідатарам аварыі на ЧАЭС, а нас не запрасілі. Ну, раз не запрасілі, мы прыехалі ў Менск, каб разам з маімі калегамі гэтую дату адзначыць тут».

Генадзь Бураўкін: «Гэта той дзень, калі я заўсёды прыходжу. У мяне дзьве такія даты сьвятыя — Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях.

Аляксей Марачкін: «Я хачу сказаць, што 26 красавіка — дзень вядомы ў сьвеце. Мы стаім тут перад Акадэміяй навук, а гэтае месца намоленае такімі людзьмі як Алесь Адамовіч, які быў некалі на Чарнобыльскім шляху, і таксама Васіль Быкаў. Мала людзей. Палітычных лідэраў вы тут ня ўбачыце... Тут людзі, каму гэта баліць. Хто ня мог заставацца дома».
XS
SM
MD
LG