Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты шэрагу палітычных партый і грамадзкіх арганізацый зладзілі ў Менску традыцыйны «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да 24-гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Падчас яго правядзеньня арганізатары абвясьцілі пра стварэньне грамадзкага камітэту «У абарону жыцьця». «Чарнобыльскі шлях-2010» прайшоў у фармаце жалобнага шэсьця і завяршыўся без затрыманьняў.

Арганізатары і ўдзельнікі сабраліся ў прызначаны час на пляцы каля НАН. Але многія так і ня здолелі прысутнічаць на кароткім мітынгу на прыступках будынку, бо падыходы былі ачэпленыя турнікетамі і патрапіць у цэнтар падзеяў магчыма было толькі праз рамкі мэталашукальнікаў і асабісты дагляд. Імпрэзу распачаў вядомы бард Андрэй Мельнікаў, а затым слова ўзялі праваабаронца Людміла Гразнова, навуковец Іван Нікітчанка, якія заявілі пра замоўчваньне ўладамі праблемаў Чарнобыля, пра палітычны і духоўны чарнобыль у Беларусі. Прадстаўнік расейскага моладзевага руху «Абарона» Іван Савельеў сказаў наступнае:

«Пра стаўленьне ўладаў Беларусі да памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы гаворыць той факт, што па дарозе на гэты мітынг былі затрыманыя сябры нашай арганізацыі. Адзіная іх віна заключалася ў тым, што яны разам з вамі зьбіраліся ўшанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю. Але мы салідарныя з народам Беларусі».

Арганізатары сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» заклікалі ўдзельнікаў вярнуць акцыі статус жалобнай імпрэзы ў памяць ахвяраў трагедыі. Гэты заклік быў пачуты і ўдзельнікі прыйшлі на акцыю без партыйных сьцягоў і іншай атрыбутыкі, а выключна зь бел-чырвона-белымі сьцягамі з павязанымі чорнымі стужкамі, а таксама плякатамі, прысьвечаныя тэме Чарнобылю. Адзін з арганізатараў, Зьміцер Дашкевіч, таксама абвясьціў, што сёлета адной з мэтаў ёсьць стварэньне грамадзкага камітэту «У абарону жыцьця»:

«Заклікаю вас далучыцца да грамадзкай кампаніі „У абарону жыцьця“. Мы павінны адрадзіць нашу краіну да новага і годнага жыцьця. Жыве Беларусь!»

На завяршэньне мітынгу ўдзельнікі правялі пэрформанс, зваяваўшы пудзіла сьвіньні з плякатам «Накармлю Беларусь радыяцыяй». Затым яны накіраваліся на вызначаны маршрут — праспэкт Незалежнасьці — вуліца Сурганава — капліца ахвярам Чарнобылю. Цягам усяго шэсьця іх суправаджалі АМАП і супрацоўнікі ў цывільным. Акцыю віталі сыгналамі вадзіцелі легкавікоў, а таксама бел-чырвона-белымі сьцягамі людзі з бальконаў. Яшчэ адной асаблівасьцю сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» сталася тое, што сярод арганізатараў і ўдзельнікаў не было старшыняў партыі БНФ і АГП. Тым ня менш, акцыя сталася выніковай, кажа адзін з арганізатараў, палітык Мікола Статкевіч:

«Акцыя сваёй мэты дасягнула, бо яна прыцягнула ўвагу і грамадзкасьці, і ўладаў, і СМІ. Акцыя прайшла ў мэмарыяльным фармаце і напэўна — гэта самае неабходнае і патрэбнае ў гонар памяці ахвяраў катастрофы».

«Чарнобыльскі шлях» яго ўдзельнікі завяршылі каля капліцы хвілінай маўчаньня, малітвай і сьпевам гімну «Магутны Божа». Жалобная акцыя прайшла без затрыманьняў.

XS
SM
MD
LG