Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-сяброўка Мэла Гібсана прафінансавала апэрацыі 22-м беларускім дзецям


Аксана Грыгор’ева

Аксана Грыгор’ева

Расейская музыкантка зь беларускімі каранямі Аксана Грыгор’ева (Чарнуха), якая апошнім часам жыве у Лос-Анжэлесе, не зьбіраецца спыняць сваёй дабрачыннай дзейнасьці і будзе надалей фінансаваць лекаваньне для пацярпелых у выніку Чарнобыльскай катастрофы беларускіх дзяцей.

Вось ужо трэці год запар яна ахвяруе ўласныя ганарары за канцэрты і продаж альбомаў у міжнародную праграму «Дзіцячае сэрца», што дзейнічае ў Беларусі і ва Ўкраіне пры актыўным ўдзеле кардыяхірургаў з ЗША. Апэрацыі на сэрца для беларускіх дзяцей праводзяцца на базе дзіцячага кардыяцэнтру РНПЦ «Кардыялёгія». Сёлета 39-гадовая піяністка і сьпявачка пералічыла на рахунак праекту 100 тысяч даляраў — грошы за яе сольны канцэрт у Лос-Анджэлесе.

Аксана хоча неўзабаве наведаць Менск і сустрэцца з тымі 22 беларускімі дзецьмі, якім ужо правялі складаныя кардыялягічныя апэрацыі, а таксама пабачыць тых, каму гэтыя апэрацыі прызначаныя сёлета на травень. Пра гэта яна паведаміла ў размове з журналістамі ў Маскве.

На мінулым тыдні ў расейскай сталіцы музыкантка ўзяла ўдзел ў дабрачынным канцэрце «Падаруй жыцьцё», сродкі ад якога пойдуць на лекаваньне анкалягічна хворых дзяцей.

На пытаньне, чаму яна вырашыла аказваць дапамогу чарнобыльскім дзецям, Аксана адказала:

«У мяне ёсьць уласныя дзеці, і я з спачуваньнем стаўлюся да іншых маці з дзецьмі... Мне пашанцавала, што я ў стане дапамагчы гэтым дзецям і я маю гонар рабіць гэта».

Паводле СМІ, ні канцэрт Грыгор’евай у Маскве, ні яе праграма не былі адкрытымі для шырокай публікі і прэсы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG