Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчае пасланьне ўлады — “усё будзе па-ранейшаму”


Што хацела прадэманстраваць улада беларускаму грамадзтву, правёўшы мясцовыя выбары ва ўзорна-савецкім стылі? Ці выканала апазыцыя сваю задачу прыйсьці да людзей падчас гэтай кампаніі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць публіцыст Аляксандр Класкоўскі і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Віталь Цыганкоў

«Улада — Эўропе: палітычнай лібэралізацыі не чакайце»


Цыганкоў: Афіцыйныя лічбы яўкі выбарнікаў — амаль 80 працэнтаў, толькі адзінкі апазыцыянэраў на 21 тысячу дэпутатаў, — гэтак прайшлі мясцовыя выбары. Што гэтым хоча прадэманстраваць улада? Якія мэсідж яна накіроўвае грамадзтву, і Захаду?

Класкоўскі: Мэсідж вельмі просты — «усё будзе па-ранейшаму». Найперш улада хоча прадэманстраваць грамадзтву, што нягледзячы на крызісы, на падкопы ворагаў, у тым ліку і Расеі — сыстэма трымаецца, яна непахісная, і так будзе і надалей. Акрамя іншага, ствараецца такі піяраўскі псыхалягічны антураж у грамадзтве пад хуткія прэзыдэнцкія выбары.

Для апазыцыі таксама ёсьць мэсідж, а менавіта: «шанцаў у вас няма». Што да пасланьня Эўропе, то тут яно таксама празрыстае: палітычнай лібэралізацыі не чакайце, хопіць тых саступак, што мы ўжо зрабілі, калі ўнесьлі зьмены ў выбарчае заканадаўства, да якіх, як мы бачым, улада выдатна адаптавалася. Напрыклад, тую квоту ў выбаркамах для партыяў і грамадзкіх арганізацыяў амаль цалкам запоўнілі прадстаўнікамі праўрадавых арганізацыяў.
Улада лішні раз паказвае, што сыстэма працуе як швайцарскі гадзіньнік.


Ну і, вядома, тут ёсьць і мэсідж улады самой сабе, гэткі сэанс аўтатрэнінгу. Пераканаць, што ўсё нармальна, што сыстэма трымаецца моцна. Адсюль і шалёныя лічбы датэрміновага галасаваньня, узорная савецкая яўка. Улада лішні раз паказвае, што сыстэма працуе як швайцарскі гадзіньнік, і гэтак сама спрацуе на прэзыдэнцкіх выбарах.


«Памяняўся закон, але не памянялася практыка правядзеньня выбараў»


Цыганкоў: Паўлюк, на вашу думку, чаму ўлада вырашыла правесьці выбары такім «жалезабэтонным чынам»? Чаму было б не прапусьціць некалькі дзясяткаў апазыцыянэраў, што нічога не зьмяніла б?

Быкоўскі: Гэта ня толькі жаданьне ўлады, але і інэрцыя сыстэмы. Нават з тым, што крышачку памянялі заканадаўства, — ня ставілася мэты правесьці выбары дэмакратычна. Напрыклад, паводле закону нішто не перашкаджае назіральнікам перашкаджаць — але ўвесь час узьнікалі канфлікты паміж назіральнікамі і старшынямі камісіяў, што не дазвалялі ім падыходзіць бліжэй за нейкую адлегласьць і гэтак далей. Памяняўся закон, але не памянялася рэальная практыка правядзеньня выбараў — і гэта галоўнае.

Цыганкоў: Апазыцыя даволі адэкватна ацэньвала свае магчымасьці на гэтых выбарах, яшчэ 5 красавіка прыняла адпаведную заяву, у якой адзначыла, што гэтую кампанію нельга называць выбарамі. Таму галоўная мэта — выйсьці да людзей, ці як выразіўся Аляксандар Мілінкевіч, узьняць пратэстныя настроі. Ці ўдалося гэта?

Класкоўскі: Кампанія прайшла ціха і непрыкметна. Казаць, што апазыцыя разварушыла народ — не выпадае. Вядома, ёсьць і аб’ектыўныя чыньнікі — сьціплыя магчымасьці апазыцыі, адсутнасьць у яе магчымасьцяў выхаду да насельніцтва. Акрамя таго, стан грамадзтва. Сацыялёгія паказвае, што ніякім рэвалюцыйным духам у грамадзтве пакуль ня пахне. Зараз насельніцтва схільнае прымаць уладу такой як ёсьць — «дай божа, адужаць гэты крызіс, каб ня стала горш» — прыблізна такі настрой.
Памяняўся закон, але не памянялася рэальная практыка правядзеньня выбараў — і гэта галоўнае.


Але гэта толькі адна частка праблемы. Іншая — у даўняй застарэлай праблеме разьяднанасьці апазыцыі, фактычна расколу, які выявіўся і падчас гэтай кампаніі. Калі некаторыя партыі, як АГП, дэкляравалі выхад з кампаніі, бразнулі дзьвярыма, а іншыя, наадварот, сьцьвярджалі, што трэба змагацца да канца, каб выкарыстаць агітацыйныя магчымасьці кампаніі. У выніку электарат застаўся зноў з уражаньнем, што апазыцыя сама ня ведае, што рабіць, што ў яе «хто ў лес, хто па дровы». Факт, што нейкага адзінага дэмакратычнага пасланьня падчас гэтай кампаніі не было

«Агітацыі, уласна кажучы, на выбарах не было»


Цыганкоў: Любыя выбары — гэта легальная магчымасьць выйсьці да выбарнікаў, калі можна на законных падставах агітаваць, раздаваць улёткі. Ці былі гэтыя магчымасьці выкарыстаныя напоўніцу?

Быкоўскі: Мяне падчас прэсавай канфэрэнцыі Старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошыны моцна ўразілі яе словы, што 75 працэнтаў кандыдатаў ня выкарысталі грошы на выбарчую агітацыю. Я не кажу, што ў гэтыя працэнты ўваходзіла апазыцыя — хутчэй, гэта ня так. Але гэта паказвае, што агітацыі, уласна кажучы, на выбарах не было.

Нават на прыкладзе АГП, якая абвясьціла, што яна ня ўдзельнічала ў выбарах, але зь іншага боку, была другая па колькасьці кандыдатаў, што ўдзельнічалі ў выбарах — у галаве выбарніка гэта відаць, ня можа ўкласьціся. З улікам таго, што апазыцыйных кандыдатаў было толькі каля 300 на 21 тысячу месцаў — то гэта не магло ніяк у глябальным маштабе паўплываць на вынікі кампаніі. Гэта не магло даць нейкага імпульсу грамадзтву, бо не было агульнага мэсіджу. Фактычна гэта былі першыя выбары, якія прайшлі пры афіцыйна разьяднанай апазыцыяй — калі ёсьць БНБ і АДС.

І тут узьнікае пытаньне, з чым мы прыйдзем да прэзыдэнцкіх выбараў. На сёньня не складаецца ўражаньне, што апазыцыя можа сама нарадзіць нейкага кандыдата, які б стаў адзіным. Нельга выключаць, што нейкі кандыдат сам абвясьціць, што ён адзіны, і апазыцыя яму падпарадкуецца. Пакуль гэтыя выбары, на жаль, не даюць ніякіх пазытыўных высноваў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG