Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія акцыі ў Вільні

  • Тацяна Поклад

Сёньня у Вільні праходзяць грамадзкія акцыі у памяць гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Удзельнікі акцый, арганізаваных актывістамі з Літвы, Беларусі і Расеі, пратэстуюць супраць плянаў будаўніцтва АЭС у гэтых краінах.


Удзельнікі акцыі каля будынку амбасады Беларусі ў Літве трымалі расьцяжкі і плякаты з надпісамі па-літоўску і па-беларуску «Не-- беларускай атамнай», «Астравецкая АЭС — дзякуй, не трэба!»



Зьміцер Геруловіч, сябра міжнароднай арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада» зь Менску, браў удзел у акцыі у дзень гадавіны Чарнобыльскай аварыі у Вільні і два гады таму:

«Мы таксама і тады выказвалі сваю пазыцыю супраць атамных электрастанцый, іх пабудовы, і таксама супраць тых праблемаў, якія яшчэ не вырашаныя, каб прыцягнуць да іх увагу урадаў. Мы пратэстуем супраць пабудоваў АЭС у Беларусі, Літве, Калінінградзкай вобласьці Расеі. Насамрэч АЭС — гэта перш за ўсё здароўе, здароўе людзей і праблемы, якія яшчэ не вырашаныя з часу выбуху Чарнобыльскай АЭС».

Тацяна Новікава, прадстаўніца антыядзернай кампаніі Беларусі:

«Я не думаю, што нам дазволілі б афіцыйна выступаць на вуліцы ў Беларусі. Нам адмаўлялі у памяшканьні нават проста для прэзэнтацыі нашых высноваў, для дыскусіяў. Дазвол на пікет атрымаць у Беларусі надзвычай складана, многія -- грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі, звычайныя грамадзяне, -- цягам трох гадоў, да прыкладу, падаюць заяўкі на правядзеньне такіх пікетаў і ім адмаўляюць».

Акцыі пратэсту прайшлі адначасова у трох месцах у Вільні -- перад будынкамі амбасадаў Беларусі і Расеі, і перад будынкам ураду Літвы. Ірына Сухій, кіраўніца экалягічнай арганізацыі грамадзкага аб'яднаньня Экадом:

«Мы разам з літоўскімі і расейскімі грамадзкімі арганізацыямі сплянавалі гэтыя акцыі у Вільні таму, што плянуецца будаваць ня толькі беларускую АЭС, ня толькі гэтая праблема. У Літвы ёсьць пляны будаваць Ігналінскую АЭС, а Расея пачала будаўніцтва Калінінградзкай АЭС. Мы лічым, што важна менавіта у Літве у дзень Чарнобыля нагадаць нашым урадам пра Чарнобыль, і прапанаваць ім знайсьці іншыя шляхі энэргетык сваіх краін».



Экс-прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус сёньня заявіў журналістам, адказваючы на пытаньне адносна плянаў пабудовы Калінінградзкай і Астравецкай АЭС, што АЭС, якія плянуюць будаваць непадалёк ад межаў Літвы — гэта своеасаблівая аблога Літвы ў палітычных мэтах. Аднак В.Адамкус адзначыў, што атамная электрастанцыя — гэта неад'емная умова энэргетычнай незалежнасьці Літвы, і вылучацца Літве на фоне іншых краін было б ня толькі не разумна, але і небясьпечна. Валдас Адамкус, які у ЗША працаваў на кіраўнічых пасадах у Агенцтве па ахове асяродзьдзя на Сярэднім Захадзе, заявіў, што бачыць чыста палітычны аспэкт у плянах Беларусі адносна АЭС, але ён паўтарыў, што і як 20 гадоў таму, перакананы, што АЭС — гэта самая чыстая крыніца энэргіі.

Напрыканцы сакавіка у Літве было сабрана больш за 20 тысяч подпісаў у звароце да ураду Літву з пратэстам супраць плянаў пабудовы АЭС. Увечары у Вільні — шэсьце па праспэкце Гедыміна, прысьвечанае гадавіне Чарнобылю, на знак пратэсту плянаў пабудовы новых АЭС у рэгіёне.
XS
SM
MD
LG