Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэлегацыя зьбіраецца на паседжаньне АДКБ


МЗС Беларусі паведамляе, што беларуская дэлегацыя возьме ўдзел ў паседжаньні групы высокага ўзроўню Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), якое пройдзе 27 красавіка ў Маскве.

У прыватнасьці, ад беларускага боку ў расейскую сталіцу зьбіраюцца намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксей Ялфімаў, начальнік генэральнага штабу ўзброеных сілаў Пётар Ціханоўскі і першы намесьнік міністра замежных спраў Ігар Петрышэнка.

У зьнешнепалітычным ведамстве сказалі, што адным з галоўных пытаньняў, якое мяркуецца разгледзець, будзе сытуацыя вакол Кыргызстана. Як раней пісалі афіцыйныя СМІ, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказваў занепакоенасьць адсутнасьцю зразумелай рэакцыі АДКБ на падзеі ў Бішкеку ды іншых гарадох гэтай сярэднеазіяцкай дзяржавы. 20 красавіка, у часе звароту да парлямэнту і беларускага народа, Лукашэнка рэзка скрытыкаваў пазыцыю ваенна-палітычнага альянсу адносна сытуацыі ў Кыргызстане. «Каму ў такім выпадку патрэбная такая арганізацыя?», — задаўся рытарычным пытаньнем Лукашэнка.

Варта нагадаць, што зрынуты прэзыдэнт Кыргызстана Курманбэк Бакіеў у гэты час хаваецца ў Беларусі — на асабістае рашэньне Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG