Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зрынуты кіргіскі прэзыдэнт знайшоў прытулак у Беларусі: каму гэта выгадна? - Штогадовае пасланьне прэзыдэнта нацыянальнаму сходу: ад гадаваньня дзяцей да выхаваньня Расеі і Амэрыкі. - Мясцовыя выбары ў ценю Бішкеку. Гэтыя тэмы – ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы нашага радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк, супрацоўніца кіргіскай службы нашага радыё Венера Джуматаева і сябра менскай гарадзкой выбарчай камісіі Сяргей Альфер.



Лукашук: Галоўнай падзеяй апошняга тыдня выбараў у мясцовыя саветы ў Беларусі стаў не пачатак датэрміновага галасаваньня і не адмена палётаў зь Менскага аэрапорту з-за ісьляндзкага вулькана, а зьяўленьне ў Менску адхіленага ад улады прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. У аўторак, выступаючы са штогадовым пасланьнем, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Менску:

У панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Менск. На яго просьбу, ён пра гэта прасіў і неаднаразова. І хоць тут быў закрыты аэрапорт і іншае, гэта вашыя праблемы, кажу, вы ваенныя людзі, каб Бакіеў быў у Менску. Карацей, у панядзелак ён быў у Менску.
...
Я ня думаю, што там сытуацыя цалкам разрадзілася. Той, хто пляскае ў ладкі і разьлічвае на тое, што ў Кіргізіі... сышоў, няма Бакіева... Бакіеў нікуды ня сыдзе, гэта ня той чалавек. Ён сябе лічыць на сёньняшні дзень прэзыдэнтам, і, я яшчэ раз падкрэсьліваю, і народ там сёньня ацьвярозеў, нават тыя, якія штурмавалі, і — “вярніце нашага прэзыдэнта...”


Кіраўнік часовага ўраду Кіргізстану Роза Атунбаева заявіла, што Беларусь мае права вызначаць, каго прымаць у сябе, але народ Кіргізстану ня можа станоўча рэагаваць на прыбыцьцё ў Беларусь "такога чалавека, на сумленьні якога сьмерць многіх людзей".

Паводле яе, усе тыя, хто пацярпеў ад яго, лічаць, што "не павінна быць кутка зямлі, дзе б маглі прыняць гэтага садыста".

Венера, чаму Курманбек Бакіеў прыняў прапанову беларускага прэзыдэнта? Што азначалі гэтыя зыгзагі – палёт у Казахстан, вылет з Казахстану?

Джуматаева: Я мяркую, што ў спадара Бакіева не было іншага выбару. Прэзыдэнт Лукашэнка паведаміў, што Бакіеў некалькі разоў зьвяртаўся да яго з просьбай прыняць яго ці хаця б яго сям’ю з маленькімі дзецьмі. Беларусь аказалася адзіным выбарам для Курманбека Бакіева, якому ў цяжкую хвіліну, калі яго адрынуў народ Кіргізстану, не працягнулі руку дапамогі ні Расея, ні Казахстан, ні Узбекістан, ні Кітай – краіны суседзі.

Казахстан прыняў рашэньне эвакуаваць Бакіева ў момант, калі Кіргізстан апынуўся за некалькі крокаў ад грамадзянскай вайны. Краіна вельмі выразна падзеленая на поўдзень і поўнач. Прэзыдэнт Назарбаеў зразумеў, што Курманбек Бакіеў і ягонае атачэньне сталі цэнтрам дэстабілізацыі сытуацыі ў Кіргізстане. Таму Казахстан, якому абсалютна нявыгадны хаос у суседняй краіне, эвакуаваў Бакіева, але не запрасіў для сталага пражываньня.

Лукашук: Юры, на ваш погляд, чаму Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прытулак зрынутаму калегу? Асаблівага сяброўства паміж імі, здаецца, не назіралася. Які палітычны зьмест у гэтай шчырай прапанове?

Дракахруст: Мне здаецца, што Курманбек Бакіеў выступае своеасаблівым талісманам для Аляксандра Лукашэнкі. Ён паказвае беларусам, што будзе страляць у выпадку чаго, і паказвае, як ён абараняе чалавека, які страляў. Ён паказвае Расеі ступень свайго абурэньня тым, як хутка яна кінула свайго былога партнэра. Ён паказвае моцным гэтага сьвету – і Расеі, і Амэрыцы, што іх дамоўленасьць паміж сабой – гэта яшчэ ня ўсё. Ну гэта і пэўнае пасланьне лідэрам краін Цэнтральнай Азіі, якія можа і таксама, як і Лукашэнка, з жахам прымяраюць лёс Бакіева на сябе, аднак з прычыны сытуацыі не змаглі выступіць на яго абарону. Лукашэнка тут выступае як своеасаблівы лідэр Сьвяшчэннага антырэвалюцыйнага саюзу.

У яго зьявілася новая стаўка, як у свой час жыцьцё падкінула яму праблему Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. І ён у рызыкоўным покеры з моцнымі гэтага сьвету спрабуе яе згуляць – супраць Расеі і супраць ЗША.

Лукашук: Венера, мы чулі першыя заявы Бакіева на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску – што ён будзе змагацца за сваё прэзыдэнцтва і што спыніць яго зможа толькі сьмерць. Ці могуць яго заявы, дзеяньні у Беларусі паўплываць на сытуацыю у самім Кіргізстане?

Джуматаева: Я думаю, што гэтыя менскія заявы Бакіева могуць у пэўнай ступені дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. На поўдні, на малой радзіме Бакіева, некалькі сотняў чалавек працягваюць мітынгаваць. Гэта пераважна людзі, якія мелі добрыя пасады пры Бакіеве, ягоныя сваякі. Але я лічу, што на агульную сытуацыю заявы Бакіева не паўплываюць.

Дракахруст: Венера, мне здаецца, што галоўная праблема ў Кіргізстане цяпер – гэта зусім не Джалал-Абад. Пагромы, самовольныя захопы зямлі, мітынгі міліцыянераў адбываюцца ў самой сталіцы ці каля яе. Ці кантралююць новыя ўлады хаця б Бішкек?

Джуматаева: Часовы ўрад зь першага дня заяўляе, што цалкам кантралюе сытуацыю ў краіне. Лякальныя канфлікты сапраўды адбываюцца, 5 чалавек загінулі ў панядзелак падчас арганізаваных беспарадкаў. Часовы ўрад заяўляе, што гэтыя акцыі былі справакаваныя прыхільнікамі Бакіева, што людзям раздаюць грошы, каб дэстабілізаваць сытуацыю. Так што апошнія заявы Бакіева могуць падліць алею ў агонь і лякальныя супрацьстаяньні могуць працягвацца.

Лукашук: Юры, якія ўрокі з падзеяў у Кіргізстане робіць беларуская ўлада? Якія наступствы для беларуска-расейскіх адносінаў можа мець тое, што Курманбек Бакіеў ня толькі знайшоў прытулак у Менску, але і працягвае зь беларускай сталіцы палітычную барацьбу з уладай, прызнанай Масквой?

Дракахруст: Лукашэнка ўжо агучыў некаторыя з урокаў: тая ўлада чагосьці вартая, якая ўмее абараняцца. Урок той, што гэта магчыма, што такая пагроза існуе. Думаю, што ў парадку прадухіленьня паўтарэньня кіргіскіх падзеяў будзе працягвацца лінія на зацісканьне любых праяваў самастойнасьці, некантраляванасьці ў краіне, прычым незалежна ад ступені небясьпекі, і закрываньне краіны ад вонкавых уплываў, прычым хіба не найперш ад расейскага. Паводзіны Расеі ў кіргіскім крызісе, яе магчымая гіпатэтычная роля ў скіданьні Бакіева, яе супольныя са Злучанымі Штатамі дзеяньні па вырашэньні гэтага крызісу былі ўспрынятыя афіцыйным Менскам як вельмі трывожныя званочкі.

Ужо цяпер можна сказаць, што Лукашэнка запрасіў Бакіева не для таго, каб той проста адпачываў як прыватная асоба.

Ужо падчас свайго пасланьня Лукашэнка фактычна заклікаў да рэваншу ў Кіргізстане. Сёньняшняя заява Бакіева – працяг, Менск робіцца цэнтрам, штаб-кватэрай рэваншу.

ЗША і Расея фактычна выступілі гарантамі стабілізацыі ў Кіргізстане пад кіраўніцтвам новай улады, Лукашэнка падрывае гэтую стабільнасьць. Наколькі гэтыя высілкі яго і ягонага госьця будуць удалымі – залежыць ад сытуацыі ў Кіргізстане. Калі новыя ўлады краіны ня здолеюць утрымаць сытуацыю – стаўка Лукашэнкі можа і згуляць, адкрыецца шырокае поле гандлю. Калі не – то Бакіеў стане проста палітычным пэнсіянерам, як і яго папярэднік.

Ну а наступствы для Беларусі? Лукашэнка падчас свайго выступу казаў – ну а чаго мяне палохаюць, я палоханы. І сапраўды, ня раз бывала, што розныя назіральнікі казалі – ой, ён кінуў выклік, ой што зь ім зробяць. І нічога не адбывалася. Але зараз Лукашэнка замахнуўся на вельмі сур'ёзныя інтарэсы вялікіх дзяржаваў – ваенныя базы, аўганскі транзыт, стабільнасьць у важным рэгіёне сьвету, багатым рэсурсамі і падатным на ісламісцкую экспансію. Калі закранаюцца не рытарычныя, а сапраўдныя інтарэсы вялікіх дзяржаваў, яны ўмеюць дзейнічаць надзвычай жорстка.

Лукашук: Венера, вось прайшло два тыдні пасьля скіданьня Бакіева. Дэмакратыі ў краіне стала больш ці менш?

Джуматаева: Усе нацыянальныя тэле- і радыёканалы, якія да 7 красавіка належалі сям'і Бакіева, цяпер свабодныя. Цэнзуры няма, ёсьць толькі на нацыянальным тэлебачаньні ліміт на выступы прыхільнікаў Бакіева. Усе незалежныя газэты, якія былі закрытыя пры Бакіеве, зноў пачалі выходзіць.

Праз 6 месяцаў у краіне будуць выбары. У нас ужо ёсьць досьвед, у 2005 годзе пасьля "цюльпанавай" рэвалюцыі выбары былі прызначаныя празь месяц. Цяпер ёсьць досьвед і перасьцярога, што пры такім сцэнары да ўлады прыйдуць выпадковыя людзі.

Таксама праз 6 месяцаў будзе падрыхтаваная новая Канстытуцыя, якая павінна гарантаваць немагчымасьць узурпацыі ўсёй улады ў краіне адной асобай.

Лукашук: Ці ёсьць шанец у Бакіева зрабіць тое, што не зрабіў Акаеў –вярнуцца ў Бішкек?

Джуматаева: Я мяркую, што фізычна ён калі-небудзь магчыма і зможа вярнуцца. Але як лідэр – наўрад ці. Ён супярэчыць сам сабе. Калі ён хаваўся ў сваёй вёсцы, зь ім сустракаліся грамадзкія дзеячы і ён казаў, што ня мае маральнага права быць прэзыдэнтам краіны, пасьля таго, як 85 чалавек былі забітыя і каля 1000 параненыя. Тое, што ён сёньня казаў у Менску, цалкам супярэчыць гэтаму. Я мяркую, што тут адыграў сваю ролю ціск з боку афіцыйнага Менску, што яму казаць на гэтай прэсавай канфэрэнцыі.




Лукашук: Паведамленьне пра тое, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі, была хіба ня самым яркім, сэнсацыйным, але не адзіным цікавым фрагмэнтам сёлетняга штогадовага пасланьня прэзыдэнта Лукашэнкі.

Мы тут у Празе таксама слухалі выступ – якое вашае першае уражаньне?

Максімюк: Штогадовае пасланьне прэзыдэнта Беларусі Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу — адно з найярчэйшых палітычных шоў у краіне, у якое Аляксандр Лукашэнка ўкладвае ўвесь свой талент аратара і актора. І шмат энэргіі. І ўсе чакаюць гэтага шоў з зацікаўленьнем. І трэба сказаць, што Аляксандар Лукашэнка не падмануў сёлетніх чаканьняў-спадзяваньняў. Сёлетняе ягонае выступленьне цягнулася 4 гадзіны. І як звычайна, ягоны выступ — я маю на ўвазе імправізаваны тэкст, а ня тое, што ў прэзыдэнта было напісана на паперы — быў пабудаваны на лягічных супярэчнасьцях. Гэта, так бы мовіць, галоўны ход у красамоўстве беларускага прэзыдэнта. Нагадаю толькі дзьве самыя кідкія супярэчнасьці зь ягонага выступу.

З аднаго боку, была жорсткая крытыка Масквы за нібыта несправядлівае абыходжаньне зь Беларусьсю, з другога — паддобрываньне і нават падлізваньне. Маўляў, мы гатовыя на ролю малодшага брата, калі старэйшы брат будзе з намі дзяліцца сваёй скібкай хлеба з маслам і абараняць нас ад нападаў іншых.

І другі прыклад — матыў на тэму, куды цяпер падзецца Беларусі. З аднаго боку прэзыдэнт кажа, што Беларусі, краіне ў сярэдзіне Эўропы, ёсьць куды падзецца і без Расеі, а ў іншым месцы сьцьвярджае, што Беларусі трэба поўзаць на каленях перад Захадам, каб вымаліць грошы і залатаць бюджэтныя дзіркі. Ну дык насамрэч — ёсьць недзе для Беларусі годнае месца ці не?

Гэта ўжо Джордж Оруэл у сваім рамане "1984" больш за паўстагодзьдзя таму заўважыў, што ў таталітарным палітычным дыскурсе ня дзейнічае традыцыйная лёгіка, што там магчыма верыць адначасна ў тэзіс і ў антытэзіс. І выглядае на тое, што якраз Аляксандар Лукашэнка верыць ва ўсё, што ён гаворыць. Іначай мне цяжка зразумець, як можна быць так пераканаўчым і пасьлядоўным у сваёй нелягічнасьці і супярэчлівасьці.

Лукашук: Юры, якія галоўныя пункты, тэзы гэтага выступу можна вылучыць?

Дракахруст: Першая частка выступу была прысьвечаная эканамічнай сытуацыі. І там Лукашэнка даволі шмат казаў пра неабходнасьць эканамічнай лібэралізацыі, пра тое, як бізнэс стогне пад цяжарам падаткаў і свавольства бюракратыі, пра інвэстыцыйны кодэкс і шмат што іншае.
Але ня менш цікавай была міжнародная частка, прысьвечаная становішчу Беларусі ў сьвеце. Значнага частка гэтага разьдзелу была прысьвечаная крытыцы Расеі, угаворваньню Расеі , шантажу Расеі:

Кіраўніцтва Расеі зыходзіць з таго, што “нікуды ня дзенуцца“. Дзенемся. У цэнтры Эўропы краіна пуставаць ня будзе. Я не магу дазволіць сабе прыніжаць уласны народ. У зямлянкі пойдзем, але выжывем!

Я вымушаны дзякаваць не Расеі, а сваім “ворагам“: МВФ, Эўропе, Захаду.

Я не хачу канфрантацыі з РФ. Ня позна ўзяцца за галаву, вярнуцца на тыя прынцыпы, на якіх ствараўся наш саюз. Мы гатовыя забыць усё і вярнуцца на ранейшыя асновы, бо мы адзіны народ.

Страціўшы Беларусь, Расея канчаткова страціць свой прыцягальны статус і выгляд.


Пры гэтым было заяўлена, што магчыма замова на будаўніцтва АЭС будзе зробленая не расейцам, а кітайцам, наагул Кітай падаваўся як новы магчымы старэйшы брат, калі Расея будзе працягваць праводзіць свой прагматычны падыход.

Што да Захаду, то Лукашэнка закрануў праблему Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства, і вельмі жорстка падкрэсьліў, што іншыя варыянты, акрамя прадстаўніцтва Нацыянальнага сходу Беларусі, для Менску непрымальныя.

Калі разглядаць пасланьне прэзыдэнта ня ў сэнсе пажаданьняў, таго, як павінны зь яго пункту гледжаньня паводзіць сябе Расея, ЗША і Эўропа, а з пункту гледжаньня таго, як яны рэальна сябе паводзяць, вынікае, што ціск на афіцыйны Менск узмацняецца, прычым з абодвух бакоў. Магчыма, гэта такі перадвыбарчы вобраз – крэпасьць-Беларусь, нязломная сярод бураў і на чале вядома з кім. А магчыма і канстатацыя таго, што прастора манэўру звужаецца. І як бы неабходнасьць пайсьці ў зямлянкі ня стала з прыгожай мэтафары практычнай неабходнасьцю.

Лукашук: Звычайна штогадовыя пасланьні прэзыдэнтаў – гэта не дакладная праграма дзеяньняў з выканаўцамі і датамі, а стратэгія, бачаньне будучыні краіны, якой яны кіруюць. Ян, якая яна, гэтая стратэгія беларускай дзяржавы, як яна прадстаўленая ў штогадовым пасланьні? Кажучы прасьцей – чаго беларусам варта чакаць?

Максімюк: Калі пастарацца зьвесьці адказ на ваша пытаньне да аднае формулы, да аднае фразы, дык я сфармуляваў бы гэта наступным чынам: Беларусам варта чакаць больш таго самага, што ўжо яны бачылі раней. Карацей — будзе déjà vu.

Няма сэнсу аналізаваць выступленьне прэзыдэнта з пункту погляду яго лягічнай структуры. Яно, як я ўжо казаў — акторска-мастацкі спэктакль, у якім тон і агульнае ўражаньне ад спэктаклю значаць больш, чым яго тэкст. А для мяне гэты агульны тон, на тле дзясяткаў папярэдніх прэзыдэнцкіх пасланьняў, не выдзяляўся нічым асаблівым. Атрымала за сваё і Расея, і Захад, як і належала спадзявацца, але зроблена гэта было такім чынам, каб не паліць за сабою ўсіх мастоў. Можна пагадзіцца з тымі камэнтатарамі, якія кажуць, што поле палітычнага манэўру для Лукашэнкі звужваецца. Мы пра гэта ня раз казалі і ў нашай праграме. Але пакуль што — беларускі прэзыдэнт гуляе па сваіх старых правілах, якія не бяруць пад увагу, што пляцоўка для гульца паменшала. Нават найбольшая сэнсацыя выступу – паведамленьне аб прытулку для Бакіева ў Беларусі – не выпадае з гэтай агульнай карціны déjà vu.

Лукашук: Юры, а на Ваш погляд, што на падставе пасланьня можна сказаць наконт галоўнага слова мінулага году – пэрспэктываў эканамічнай і палітычнай лібэралізацыі?

Дракахруст: Наконт эканамічнай лібэралізацыі – так, пэўныя крокі ў гэтым накірунку Лукашэнка ў сваім пасланьні абазначыў. Не сказаць, каб вялікія, але істотныя. Што да палітычнай лібэралізацыі, то на яе не было нават намёку. Мяркую, што і перадвыбарчая сытуацыя, і рэха кіргіскіх падзеяў прымушае казаць толькі пра тое, наколькі глыбокімі будуць замаразкі ў беларускім грамадзкім жыцьці. З другога боку менавіта кіргіскі досьвед дэманструе тэарэтычную магчымасьць дамоўленасьці Захаду і Расеі наконт Беларусі.

***

Лукашук: У гэтую нядзелю ў Беларусі – мясцовыя выбары. У гэты аўторак пачалося датэрміновае галасаваньне. Аналіз палітычных вынікаў выбараў – наперадзе, пасьля іх завяршэньня. Аднак цяпер ёсьць падставы ацаніць палітычныя, праўныя ўмовы іх правядзеньня.

Я нагадаю, што два тыдні таму 13 палітычных партый падпісалі заяву пра тое, што выбары абсалютна не адпавядаюць дэмакратычным стандартам. З прыблізна 400 кандыдатаў ад апазыцыйных партый і рухаў больш за чвэрць спынілі ўдзел у выбарчай кампаніі з прычыны яе скрайняй недэмакратычнасьці.

Кіраўнік дзяржавы, выступаючы са штогадовым пасланьнем Нацыянальнага сходу, выказаўся пра мясцовыя выбары і ўдзел у іх апазыцыі наступным чынам.

Лукашэнка: Для тых, каго народ і так ня выбера, і яны, спалохаўшыся, зьнялі свае кандыдатуры, што ні рабі — усё будзе дэкаратыўна, пакуль мы іх не прывядзём і сюды не пасадзім за руку

Ці сапраўды справа ў тым, што народ ня выбера апазыцыянэраў? Пра тое, якімі былі ўмовы правядзеньня кампаніі, мы папрасілі распавесьці сябру менскай гарадзкой выбарчай камісіі Сяргея Альфера

Альфер: Што даў новы выбарчы кодэкс? Новы выбарчы кодэкс даў прадстаўнікам апазыцыйных партыяў вылучацца ў абласныя і гарадзкія саветы без наяўнасьці арганізацыйных структур па акругах і спрасьціў гэтую працэдуру вылучэньня шляхам збору подпісаў для тых кандыдатаў, якія ішлі шляхам збору подпісаў. З пункту гледжаньня выбарчай кампаніі гэта ўсе прывілеі, якія мы атрымалі ад зьмены ў выбарчым кодэксе. Зьмены ў выбарчым кодэксе амаль не далі магчымасьці праводзіць агітацыйную кампанію для кандыдатаў у дэпутаты. І тут пытаньне не пра зьмены канкрэтныя ў выбарчым заканадаўстве, а пра разуменьне гэтага выбарчага заканадаўства тымі чыноўнікамі на месцах, якія рэальна арганізуюць гэтую выбарчую кампанію.

З пункту гледжаньня агітацыі колькасьць месцаў для агітацыі як была малой, так гэтых месцаў і не дадалося. І калі цяпер ёсьць месцы, у якіх агітаваць магчыма не ў дазваляльным, а паведамляльным парадку, то гэтыя месцы выбіраюцца далёка ад многіх выбарчых акругаў, і кандыдатам вельмі цяжка прывесьці туды выбаршчыкаў, каб зь імі сустракацца. Або знаходзяцца яны на так званых сабачніках, куды ўвогуле людзі ня ходзяць. Гэтая папраўка таксама не спрацавала.

У заканадаўстве не было дададзена ніякіх рэальных магчымасьцяў для выданьня агітацыйных матэрыялаў, і таму, на вялікі жаль, спрацоўвае адміністрацыйны рэсурс. І вялікая колькасьць кандыдатаў, якія знаходзяцца ў апазыцыі да дзейнай улады, ня маюць магчымасьці падрыхтаваць свае агітацыйныя матэрыялы. А што тычыцца цэнзуры і ўсяго астатняга – так, на вялікі жаль, з паведамленьняў СМІ вядома, што як і на папярэдніх выбарах, ішла цэнзура радыёвыступаў, друкаваных агітацыйных матэрыялаў, але гэта, на вялікі жаль, ня мае ніякага дачыненьня да закону. Гэта вялікае парушэньне закону з боку тых структураў, якія займаліся гэтай цэнзурай.

У мяне такое ўнутранае меркаваньне, што гэтыя выбары яшчэ больш ціхія і незаўважныя, чым тыя выбары, якія былі ў 2007 годзе. Гэтым яны і адрозьніваюцца. І тады мы ня ведалі, хто вылучаецца. А цяпер наогул можна ўлёткі кандыдатаў сустрэць толькі на стэндах, разьмешчаных на вуліцах. І калі ў Менску яшчэ нешта можна ўбачыць, то ў іншых гарадах амаль няма інфармацыйных матэрыялаў пра тое, што гэтая кампанія адбываецца.

Лукашук: Юры, Ян, цяпер самая пара аднавіць вашы прагнозы наконт таго, колькі кандыдатаў ад апазыцыі стануць дэпутатамі. Дык колькі?

Максімюк: Пару месяцаў назад, калі мы рабілі падобныя прагнозы, я казаў, што гэты лік будзе бліжэй сотні, чым дзясяткі. Тады не было зусім ясна, як апазыцыя паставіцца да гэтых выбараў. Цяпер, калі частка апазыцыі аб’явіла байкот, а ў выбарах застаецца каля 300 апазыцыйных або незалежных кандыдатаў, я ўжо не магу паўтарыць свой папярэдні прагноз. Такога, каб апазыцыя правяла ў дэпутаты траціну сваіх кандыдатаў, ніколі не бывала і, зразумела, цяпер таксама ня будзе. Так што сёньня я скажу, што лік апазыцыйных кандыдатаў будзе бліжэй дзясяткі, чым сотні.

Дракахруст: У сьвятле тых высноваў, якія мы рабілі на працягу гэтай перадачы, я мяркую, што гэтая лічба будзе надзвычай нязначнай. Цяпер я нават не выключаю, што вынік можа быць такім самым, як і падчас парлямэнцкіх выбараў. Пра тое, што кантроль – пэрсанальны, гаворыць рэпліка Лукашэнкі падчас выступу з пасланьнем “Я сёньня ня ведаю сваіх кандыдатаў, але на заўтра адвёў час, каб мне прынесьлі вывучыць іх біяграфіі”. Можа, першапачаткова і меркаваліся нейкія паслабленьні, дэманстрацыі лібэралізацыі, хай сабе і ўяўнай, але агульная тэндэнцыя стасункаў з Эўропай плюс цень Бішкеку, баюся могуць прывесьці да таго, што апазыцыянэраў сярод дэпутатаў ня будзе ніводнага. Сёньня прапусьціш дзясятак у Саветы, заўтра атрымаеш Бішкек. Можа і так атрымаеш, але будзе ўпэўненасьць, што зрабіў усё, што магчыма. Думка, што пэўнымі паслабленьнямі якраз Бішкек можна было б і прадухіліць, па-першае, спрэчная, а па-другое, ляжыць, гледзячы па ўсім, па-за інтэлектуальным небасхілам сучаснай беларускай улады.
XS
SM
MD
LG