Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў рэгіёнах Беларусі апазыцыйныя палітыкі падсумоўваюць вынікі ўдзелу сваіх кандыдатаў у мясцовых выбарах. Амаль усе гавораць пра парушэньні, якія дапускалі выбарчыя камісіі пры галасаваньні і падліку бюлетэняў. Карэспандэнты "Свабоды" запісалі меркаваньні абранага апазыцыйнага дэпутата, назіральнікаў і сябраў камісіяў.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Баранавічы: адна сьціплая перамога

Жыхар Баранавічаў Аляксандар Галькевіч, лекар "Хуткай дапамогі", пісьменьнік, кандыдат у дэпутаты ад Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня набраў амаль на 300 галасоў больш за свайго апанэнта — галоўнага рэдактара раённай газэты "Наш край" Міхаіла Шубіча.

Нягледзячы на тое, што і кандыдату, і назіральнікам стварылі падчас выбараў спрыяльныя ўмовы працы, не абышлося без кур'ёзных момантаў. Вось што кажа Аляксандар Галькевіч:

Аляксандар Галькевіч
Галькевіч:
"Пасьля падліку галасоў старшыня камісіі сышоў дзесьці. Ажно 40 хвілінаў яго не было. Нам вынікі не абвясьцілі. Дзе ён быў гэтыя сорак хвілін, я ня ведаю. І які сакрэт? Далей яны павінны былі паводле закону асобна абвясьціць вынікі папярэдняга галасаваньня. Гэтага не было. Абвясьцілі агульныя лічбы".

"Магчымасьці для кантролю за падлікам галасоў не было ніякай"

Лічбы вынікаў папярэдняга галасаваньня засталіся невядомымі. Але пасьля падліку бюлетэняў выбарцаў, што галасавалі непасрэдна 25 красавіка, стала зразумела, што пераможца — Галькевіч.
можа, вельмі яўная была перавага альбо, можа, нешта зварухнулася ў мазгах нашых уладаў, я ня ведаю ...

Галькевіч: "Шчыра кажучы, стаміўся я ўжо ад гэтага беззаконьня, ад усяго гэтага бяспраўя нашага, ад гэтай непразрыстасьці выбараў. Усё гэта ўжо надакучыла. Я ня ведаю, што там ім рухала, можа, вельмі яўная была перавага альбо, можа, нешта зварухнулася ў мазгах нашых уладаў, я ня ведаю. Але паўтару яшчэ раз: магчымасьці для кантролю за падлікам галасоў у мяне абсалютна ніякай не было".

Атрымалася, што ў Баранавічах перамог адзіны зарэгістраваны апазыцыйны кандыдат.

Галькевіч: "Я ў гэтым горадзе нарадзіўся і ў гэтай краіне паміраць зьбіраюся. Толькі тут. Ні ў якія Ізраілі, Штаты я не зьбіраюся выяжджаць. Я буду толькі тут, чым змагу — тым дапамагу маім людзям. Можа, дасьць Бог, палепшыцца нашае жыцьцё ў пляне дэмакратыі, у пляне правоў чалавека. У пляне таго, каб мы сапраўды спакойна жылі ў сябе дома, а не былі тут гасьцямі. На тых жа кантрактах кожны амаль што сядзіць. І ня ведаеш — у наступным годзе будзеш працаваць ці ідзі шукай новую працу".


ВІЦЕБШЧЫНА


Ніводзін з актывістаў БХД ня трапіў у дэпутаты

Паводле Тацяны Севярынец, віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, усе вылучаныя кандыдаты, а іх было 15 чалавек, набралі, паводле афіцыйных зьвестак, 5-12% галасоў.

Лідэрам па колькасьці галасоў стаў Яўген Самсонаў з Глыбоччыны, які балятаваўся ў Віцебскі абласны і Глыбоцкі раённы саветы. Ён набраў 30% галасоў.

Тацяна Севярынец была назіральніцай на 47 участку Тэхналягічнай выбарчай акругі № 9, дзе галасавалі за актывіста Ўладзімера Рамановіча:

Тацяна Севярынец
“На ўчастку — 1 600 выбарцаў. Прагаласавалі 1284 чалавекі, датэрмінова прагаласавалі 946 — больш за 60%! Гэта студэнцкая выбарчая акруга, таму студэнтаў гналі галасаваць шэрагамі і калёнамі. Вось гэтая лічба — галоўная і жахлівая: датэрміновае галасаваньне”.

Старшыня камісіі пры падліку галасоў адмовілася паведаміць назіральніцы, колькі галасоў і за каго выбарцы аддалі падчас датэрміновага галасаваньня. Менавіта на гэтым этапе падліку маглі здарыцца якія заўгодна фальсыфікацыі, мяркуе спадарыня Севярынец:

“Вынікі па кожнай скрыні павінны абвяшчацца. Гэта ігнаравалася старшынёй камісіі. Яна і плакала, і выскоквала за дзьверы, і казала, што дрэнна сябе адчувае — бо ня ведала, як зрабіць усё і ня даць нам лічбы. Усё лічылася ў поўнай цішыні”.

Цішыня на 47-м участку, дзе назіральніцай была Тацяна Севярынец, працягвалася тры з паловай гадзіны. На суседнім выбарчым участку, дзе назіральнікаў не было, лічбы ў камісіі сышліся за 40 хвілін.

Сябраў “Справядлівага сьвету” ў віцебскіх саветах таксама няма

Старшыня абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет” Мікалай Селівашка, які працаваў у абласной выбарчай камісіі, таксама пэўны, што менавіта на ўчастках “робіцца” вынік. І “робяць” яго кіраўнікі камісіі, а зусім не шараговыя чальцы:

Васіль Селівашка
“Усе чальцы камісіі — гэта так, намінальна. Ніякай інфармацыі ўголас — ты ня ведаеш, што налічыў і напісаў другі чалец камісіі. На паперках усё падаюць, а потым старшыня і сакратар камісіі абвяшчаюць, што камісія нібыта налічыла. Так робіцца вынік, і праверыць яго ўжо немагчыма.

Вынікам для “Справядлівага сьвету” стала тое, што ніводзін з кандыдатаў гэтай партыі ня трапіў у дэпутаты — ні ў абласным цэнтры, ні ў рэгіёнах.

Кудлацкая: “Сёлета як ніколі шмат “сапсаваных” бюлетэняў

У Верхнядзьвінску сёлета ў саветы розных узроўняў балятаваліся пяцёра актывістаў. Для райцэнтру з 8-тысячным насельніцтвам гэта даволі шмат, на думку старшыні раённай суполкі БСДП (Грамада) Валянціны Кудлацкай.

Яна мяркуе, што ў камісіях, апрача замоўчваньня прамежкавых вынікаў, ёсьць яшчэ адна “тэхналёгія” — пры падліку выяўляецца дужа шмат сапсаваных бюлетэняў:

“Я бачыла бюлетэні, дзе птушка стаяла і “супраць усіх”, і дзе за кандыдата прагаласавалі. Гэта сапсаваныя бюлетэні. Вось у гэтых сапсаваных, дзе “супраць усіх”, як кажуць, “сабака зарыта”.

Актывістка лічыць, што такую тэхналёгію выкарыстоўваюць, калі абвяшчаюць, што незалежны кандыдат прайграў праўладнаму невялікую колькасьць галасоў, як здарылася, да прыкладу, з актывістам Алегам Шульёй:

“У Алега розьніца з супернікам усяго 40 чалавек. Дык “супраць усіх” налічылі 53 галасы, і сапсаваных бюлетэняў 30”.

З усіх незалежных кандыдатаў Віцебшчыны ў дэпутаты Бараньскага гарсавету прайшоў толькі сябар БСДП (Грамада) Віктар Міхасёў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Мясцовыя саветы без апазыцыйных дэпутатаў

Кандыдаты ад апазыцыі на Гарадзеншчыне пераконваюць, што ім удалося прасачыць тэхналёгію фальсыфікацыі выбараў.

Кандыдат ад АГП, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, прааналізаваўшы выніковыя лічбы, кажа, што на гэтых выбарах апазыцыйным кандыдатам у большасьці выпадкаў дазволілі набраць ад 15 да 25% галасоў.

Зь яго слоў, асноўная фальсыфікацыя праводзілася падчас датэрміновага галасаваньня, паколькі на некаторых участкаў лічба тых, хто прагаласаваў, складала да 50%, і гэтага, як цьвердзіць Істомін, нельга было пракантраляваць.

Па-другое, Юры Істомін асаблівую ўвагу зьвяртае на падлік галасоў.

Юры Істомін
Істомін:
“Зараз мы рыхтуем паперы ў пракуратуру і суды, бо самае галоўнае парушэньне — што ніводнага з нашых назіральнікаў не дапусьцілі, каб ён па-сапраўднаму мог бачыць тыя бюлетэні, якія падлічвалі. І гэта самая асноўная прычына, чаму мы не прызнаем вынікаў гэтых выбараў”.

Скаргі пішуць Горадня, Слонім, Ліда, Масты, Астравец, Бераставіца…

У Слоніме, са слоў кандыдата ад БНФ Івана Шэгі, на ягоных участках амаль палова выбарцаў прагаласавалі датэрмінова. Падчас датэрміновага галасаваньня ён не набраў і 10%, а ў асноўны дзень выбараў перамог свайго канкурэнта.

Паколькі на адным зь ягоных участкаў падчас падліку галасоў прысутнічалі дасьведчаныя назіральнікі з Горадні, працэс удалося пракантраляваць. Аднак сакратар камісіі, зь яго слоў, ад гэтага перанэрвавалася і самлела. Атрымалася недарэчная сытуацыя.

Іван Шэга
Шэга:
“Потым жа трэба выніковы пратакол вывешваць, а зь сябраў камісіі ніхто ня ведае лічбаў, бо тэлефанавалі непасрэдна сакратару, якія яны павінны быць. Дык давялося вывесіць з тых лічбаў, якія былі ў маіх давераных асобаў”.

Мастоўскі актывіст Зьміцер Кухлей перакананы, што ён выйграў выбары, але вынікі, на яго думку, сфальсыфікавалі.

Зьміцер Кухлей
Кухлей:
“Я, па-першае, рыхтую заяву ў раённую камісію аб непрызнаньні вынікаў выбараў, паколькі нашых давераных асобаў не дапускалі на ўчасткі. А па-другое, да мяне прыходзілі людзі з тым, каб паскардзіцца ў пракуратуру, бо калі яны прыходзілі галасаваць, высьветлілася, што за іх ужо прагаласавалі”.

Падобныя скаргі пішуць кандыдаты ў Астраўцы, Бераставіцы, Лідзе, Горадні. У Лідзе сябра выбарчай участковай камісіі Станіслаў Карабан адмовіўся паставіць свой подпіс пад пратаколам выбараў у раённы Савет.

Карабан: “Самая галоўная фальсыфікацыя праводзілася, калі выходзілі з вынасной скрыняй: тут яны кідалі. Я паглядзеў, што заявак у сьпісе было больш за 10, а яны прыцягнулі паўнюткую скрыню, больш за 200. І калі хацелі падкінуць на ўчастку, то пасылалі мяне, каб ішоў са скрыняй. Але я адмовіўся, то яны ўзялі скрыню і там ужо рабілі што хацелі…”


"Зьмены ў заканадаўстве не палепшылі сытуацыю"

Праваабаронца Віктар Сазонаў ажыцьцяўляў маніторынг выбарчай кампаніі ў Гарадзенскай вобласьці. Сёньня зроблена падсумаваньне працэсу галасаваньня, кажа ён.
невядома — дзе знаходзіліся скрынкі, хто іх ахоўваў, хто да іх меў доступ ...

Сазонаў: “Перш за ўсё можна сказаць, што ўсё было зроблена, як і ў папярэднія гады. Ніякія зьмены ў заканадаўстве выбарчым не палепшылі сытуацыю. Вельмі непразрыста адбылося папярэдняе галасаваньне: невядома — дзе знаходзіліся скрынкі, хто іх ахоўваў, хто да іх меў доступ. Як высьветлілі назіральнікі, падлік галасоў быў абсалютна непразрысты. Як і ў мінулыя гады, сябры камісіі лічылі толькі сваю частку бюлетэняў, гаварылі лічбы старшыні камісіі. Іншыя ўдзельнікі камісіі ня ведалі — якія лічбы ў іхняга супольніка. Усё аддавалі старшыні камісіі, ён падсумоўваў як хацеў і агучваў іх”.

Ці памянялася становішча назіральнікаў на выбарчых участках? Меркаваньне Віктара Сазонава:

“Назіральнікі сядзелі дастаткова далёка, ня мелі магчымасьці назіраць за падлікам галасоў, не дапускаліся да стала. Яны перакананыя, што шараговыя ўдзельнікі камісій не валодаюць сапраўднымі лічбамі падліку галасоў. Карацей, ні ў якім разе нельга сказаць, што нейкія зьмены ў заканадаўстве паўплывалі станоўча на працэс выбараў. Яны як праходзілі ў вельмі закрытым рэжыме, так і праходзяць”.

Нічога не памянялася ў выбарчым працэсе на лепшае, лічыць таксама давераная асоба Алеся Зарэмбюка Аляксандар Пудаўкін, які раней быў дэпутатам Мастоўскага райсавету. Засталася ўстаноўка нікога з апазыцыйных прадстаўнікоў не прапускаць у саветы, кажа ён.

Пудаўкін: “На дадзены момант, не зважаючы на ўсе “паблажкі”, на тое, што яны заяўляюць, што гэта больш дэмакратычныя выбары, я магу сказаць, што, наадварот, назіраецца больш жорсткі падыход да нязгодных, да апазыцыі, хто вылучаецца і хоча стаць дэпутатам мясцовых саветаў. На нашым мастоўскім прыкладзе гэта асабліва заўважна”.

Аляксандар Пудаўкін удакладняе:
Каманда Алеся Зарэмбюка зазнала жорсткі прэсінг напярэдадні выбараў ...

“Каманда Алеся Зарэмбюка зазнала жорсткі прэсінг напярэдадні выбараў, былі выклікі на допыты, ператрусы, на Алеся нават нейкую крымінальную справу завялі. Была затрымка з друкам улётак, якія выдалі толькі ў пятніцу ўвечары — за дзень да галасаваньня. Плякаты ўвогуле не надрукаваныя. Нікога з каманды не ўключылі ў камісіі. Гэта больш падобна да ўзмацненьня рэпрэсіўных захадаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG