Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: “Я ня стаў бы сьпісваць Лукашэнку”


Заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя ў нядзелю на выбарчым участку, мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара расейскай праграмы Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзя Мошаса.

Мошас: Спадар Лукашэнка – чалавек, які рэдка даруе напады на сябе, таму я мяркую, што ён палічыў сябе абавязаным адказаць. Але тут ёсьць пытаньні сутнасныя. У той эканамічнай сытуацыі, у якой сёньня знаходзіцца Беларусь, і з увагі на новае збліжэньне паміж Масквой і Кіевам, Лукашэнку крыўдна. Ён разумее, што канкурэнцыя за ўвагу з боку Расеі і танныя энэрганосьбіты абвастраецца.

Тое, якім чынам Масква, а таксама астатні сьвет, адрэагаваў на адхіленьне ад улады кіргіскага прэзыдэнта Бакіева, ня можа яго не закранаць у палітыка-псыхалягічным пляне. Калі з такой лёгкасьцю можна здаць, а можна і паспрыяць скіданьню чалавека, зь якім яшчэ нядаўна разьвіваліся прагматычныя адносіны, з пункту гледжаньня Лукашэнкі лягічна праецыраваць гэта і на ўласны палітычны лёс.

Ва ўмовах стасункаў з Захадам, якія разьвіваюцца хвалямі, трэба зноў зьвярнуць на сябе ўвагу, паспрабаваць у складанай гульні на балянсе паспрабаваць зарабіць сабе ачкі.

Дракахруст: Некаторыя экспэрты – і беларускія, і расейскія, наконт гэтых заяваў Лукашэнкі кажуць, што ён нарэшце дагуляўся, што яму канец, што “расейскі мядзьведзь” махне сваёй магутнай лапай і .... Вы таксама гэтак мяркуеце?

Мошас: Я ня стаў бы сьпісваць Лукашэнку і лічыць яго "кульгавай качкай". Ён так доўга быў ва ўладзе дзякуючы свайму палітычнаму чуцьцю і сваім палітычным інстынктам, і я падазраю, што ён ведае, што робіць.

Якраз зараз ён будзе выглядаць выгадна на фоне дзеяньняў новага ўкраінскага кіраўніцтва. Вось украінскае кіраўніцтва па вялікім рахунку здало нацыянальныя інтарэсы, ускладніла сабе стасункі з Захадам і ня вельмі зразумела, што атрымала ў эканамічным пляне. Чым больш людзі пачынаюць разьбірацца, што ж падпісалі Мядзьведзеў і Януковіч, тым больш бачаць рызыкі для Ўкраіны. Пры новым абвастрэньні адносінаў паміж Кіевам і Масквой Януковічу давядзецца расплачвацца ўласнасьцю. Канфліктная пазыцыя Лукашэнкі дае яму большыя магчымасьці для манэўру.

Што Масква можа зрабіць Лукашэнку, чаго яна раней не рабіла? Пайсьці на арганізацыю перавароту? Наўрад ці. Падтрымаць нейкія сілы на прэзыдэнцкіх выбарах? Я таксама ня думаю, што гэта было б проста зрабіць. А эканамічны ціск і цяпер ідзе па поўнай праграме, і на гэты ціск ён адказвае больш жорсткай палітычнай рыторыкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG