Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: "Несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы"


А.Мілінкевіч, А.Янукевіч, А.Фінькевіч

А.Мілінкевіч, А.Янукевіч, А.Фінькевіч

Сапраўдных выбараў не было, але ўдзельнічаць у кампаніі было варта, каб атрымаць прыхільнасьць насельніцтва і выкрыць мэханізмы фальсыфікацый. Такую выснову па выніках выбарчай кампаніі зрабілі лідэры Беларускага незалежніцкага блёку.


Паводле папярэдніх зьвестак, ніхто з кандыдатаў ад Беларускага народнага фронту, "Маладой Беларусі" і руху "За свабоду" ня здолеў атрымаць дэпутацкі мандат. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што мінулую кампанію ўвогуле нельга назваць выбарамі:
пасьля ўнясеньня гэтых зьменаў у выбарчае заканадаўства мы пабачылі значна больш нахабныя і значна больш бессэнсоўныя парушэньні ...

"У нейкай ступені сымбалічна, што ў гэтыя несапраўдныя саветы адбыліся такія несапраўдныя выбары. Сёньня мы можам з поўнай упэўненасьцю сказаць, што ўсе гэтыя зьмены выбарчага заканадаўства, якія рабіліся напярэдадні выбараў, ня толькі не паўплывалі на большую свабоду падчас гэтых выбараў: пасьля ўнясеньня гэтых зьменаў у выбарчае заканадаўства мы пабачылі значна больш нахабныя і значна больш бессэнсоўныя парушэньні".

Найбольш істотным Аляксей Янукевіч назваў масавае, штучна арганізаванае ўладамі датэрміновае галасаваньне — усяго каля 30 адсоткаў па краіне, а таксама адмову ўчастковых камісіяў асобна лічыць бюлетэні датэрміновага галасаваньня. Некаторыя сябры выбарчых камісіяў ад БНФ у сувязі з парушэньнямі адмовіліся падпісваць выніковыя пратаколы і зьбіраюцца іх абскарджваць, паведаміў спадар Янукевіч.

На ягоную думку, улады разглядалі мясцовыя выбары як генэральную рэпэтыцыю прэзыдэнцкіх або нават як іх першы тур.

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч, нягледзячы на нэгатыўны вынік, заявіў, што мэты, якія ставіліся ў гэтай кампаніі, у цэлым былі дасягнутыя:
Мы хацелі, каб у выніку кампаніі ў грамадзтве павялічваўся пратэстны настрой ...

"Мы хацелі, каб у выніку кампаніі ў грамадзтве павялічваўся пратэстны настрой, каб людзі больш ведалі ўвогуле пра сытуацыю ў краіне і больш ведалі пра альтэрнатыву, а яна ёсьць, каб людзі больш ведалі пра мэханізмы фальсыфікацый выбараў".

Паводле Мілінкевіча, які праехаў у часе гэтай кампаніі амаль усе вобласьці Беларусі, грамадзтва стала больш сьпелым, людзі з большай павагай ставяцца да таго, што кажуць альтэрнатыўныя кандыдаты. Таму, паводле спадара Мілінкевіча, стратэгія на ўдзел, а не на байкот, была абраная слушна:
гэтыя выбары абсалютна нельга прызнаваць, яны сфальсыфікаваныя ...

"Самае галоўнае зараз і для нас, для дэмакратычнай супольнасьці, і для нашых партнэраў у цывілізаваных краінах — цьвёрда сказаць: гэтыя выбары абсалютна нельга прызнаваць, яны сфальсыфікаваныя, выбараў не было. І кожныя наступныя выбары, калі, як мінімум, незалежны кандыдат ня будзе мець магчымасьць разам з уладай лічыць галасы, мы ніколі не прызнаем. Калі ня будзе нашых прадстаўнікоў на прэзыдэнцкіх выбарах у камісіях, то такія выбары ня будуць прызнаныя".

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі будзе чарговая хваля рэпрэсіяў, закручваньне гаек. Спадар Мілінкевіч выказаў спадзеў, што дэмакратычныя, прабеларускія, праэўрапейскія сілы здолеюць аб'яднацца на будучых прэзыдэнцкіх выбарах і арганізаваць добрую супольную кампанію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG