Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях-2010. Онлайн-рэпартаж


26 красавіка ў Менску прайшла жалобная акцыя з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Некалькі сотняў удзельнікаў прайшлі ад будынку Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы. Там людзі ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.

21.20 Затрыманых перад пачаткам акцыі актывістаў расейскага моладзевага руху адпусьцілі з пастарунку без складаньня пратаколу.



Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху ў пагонах"

У Віцебску маліліся за ахвяраў Чарнобылю

20.16 Акцыя завершылася, людзі ставяць сьвечкі і разыходзяцца.

20.14 Пасьля хвіліны маўчаньня сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі прачытаў малітву. Людзі сьпяваюць гімн «Магутны Божа».

20.10
Удзельнікі акцыі падышлі да помніка ахвярам Чарнобылю, паклалі бел-чырвона-белы сьцяг на кветкі. Людзі запальваюць сьвечкі. Хвілінай маўчаньня яны ўшаноўваюць памяць пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.




20.05
Калёна дайшла да Чарнобыльскай капліцы. Тут шмат супрацоўнікаў міліцыі на чале з кіраўніком ГУУС Менгарвыканкаму Леанідам Фармагеем.

20.00
Галава калёны падыходзіць да Чарнобыльскай капліцы. Удзельнікаў акцыі вітаюць гудкамі кіроўцы машынаў, што праяжджаюць побач.


19.55
Удзельнікі акцыі раздаюць мінакам інфармацыйныя матэрыялы. Калёна ідзе праз парк Дружбы народаў.


19.45
Аўтазакі абганяюць калёну, якая падыходзіць да Парку дружбы народаў.

19.35
Калёна падыходзіць да скрыжаваньня з вуліцай Максіма Багдановіча.




19.25
Галава калёны дайшла ла ўнівэрсаму «Рыга».

19.20 На вуліцы Сурганава з гаўбца пятага паверху ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» вітала дзяўчына зь бел-чырвона-белым сьцягам. Гэта выклікала ажыўленьне ў шэрагах дэмантрантаў.


19.15
Супрацоўнікі АМАПу ідуць побач з удзельнікамі акцыі, эксцэсаў, інцыдэнтаў няма.


Магілёў: Чарнобыльскія мітынгі асобна й па ўскраінах

Чарнобыльскія акцыі ў Вільні

Апазыцыя наведала чарнобыльскія вёскі

19.06
Галава калёны падыходзіць да скрыжаваньня з вуліцай Якуба Коласа. Людзі ідуць па ходніках.



Абакунчык: «Калёна рушыць па вуліцы Сурганава. Ад Акадэміі навук людзі выйшлі, трымаючы абраз Маці Божай Чарнобыльскай Алеся Марачкіна. Нясуць Чарнобыльскі звон, расьцяжкі. Мэталяшукальнікі не перашкодзілі таму, каб людзі маглі патрапіць на акцыю. У калёне рушаць таксама аўтамабілі спэцназу з закратаваным вокнамі.


Тут прысутнічаць і супрацоўнікі АМОНу, якія, дарэчы, маюць значкі ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Я запыталася ў аднаго зь іх, ці яны падтрымліваюць гэтую акцыю, тыя сказалі, што не падтрымліваюць, што лепш было б ускласьці кветкі да магілаў. А на пытаньне, ці лічаць яны што ўсе праблемы Чарнобыля вырашаныя, амонаўцы прамаўчалі ў адказ.

Людзі ідуць, скандуючы «Жыве Беларусь», «Беларусь да Бога! «Верым, можам, пераможам». Раней завяршыўся кароткі мітынг, на якім выступіў Алесь Марачкін з вершамі, прысьвечанымі чарнобыльскай трагедыі. Пасьля выступіў прадстаўнік расейскай моладзевай арганізацыі «Абарона» Аляксандар Савельеў, які сказаў, што стаўленьне беларускіх уладаў да праблемаў Чарнобылю выяўляецца хаця б у тым, што ўдзельнікаў расейскай чарнобыльскай арганізацыі спэцназаўцы затрымалі ў Менску на вуліцы, лёс іх на тыя хвіліны ня быў вядомы.


Праваабаронца Людміла Гразнова гаварыла пра тое, што цяпер у Беларусі перажываюць палітычны Чарнобыль. «Мы закладнікі палітычнага Чарнобылю, калі ў краіне знаходзяцца такія дыктатары, як Курманбек Бакіеў, калі беларускія ўлады так паставіліся да трагедыі ў Польшчы», сказала Гразнова. Яна нагадала таксама пра суд над Мікалаем Аўтуховічам.

Мікола Статкевіч выступіў прамовай, у якой казаў пра тое, што быў шанец, прынамсі, учора, вырашыць праблему Чарнобыля, абраўшы новых кандыдатаў у дэпутаты, аднак гэтыя выбары прайшлі па звыклым сцэнары, калі дэмакратычныя палітычныя актывісты ў мясцовыя саветы не патрапілі.

На завяршэньне мітынгу арганізатары зьбіралі подпісы да прэзыдэнта, Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Мінздраву з патрабаваньнем перагледзець канцэпцыю бясьпечнага пражываньня на забруджанай тэрыторыі, аднавіць эфэктыўную сыстэму кантролю радыенуклідаў, спыніць вытворчасьць прадуктаў харчаваньня на забруджанай тэрыторыі, стварыць мэдычную сыстэму абслугоўваньня з пастаянным назіраньнем за сытуацыяй з радыенуклідамі.


Дадам, што калі людзі рухаліся па праспэкце Незалежнасьці, то ля «Акадэмкнігі» пры павароце на Сурганава, іх спыніў атрад спэцназу. Хаця да пачатку арганізатары гаварылі, што яны дэкляруюць максымальна мірны ход акцыі, тым ня менш яна праходзіць пад узмоцненым кантролем супрацоўнікаў міліцыі.



19.00 Па праспэкце Незалежнасьці людзі ішлі па ходніках, зараз павярнулі на вуліцу Сурганава ў бок плошчы Бангалор. Каля кнігарні «Акадэмічная кніга» стаяў кардон з АМАПаўцаў.

18.53
Калёна пачала рух у бок Чарнобыльскай капліцы.



18.47
Мітынг ля Акадэміі навук скончыўся. Народ скандуе «Жыве Беларусь!» і пачынае фармаваць калёну, каб ісьці да Чарнобыльскай капліцы.



18.40 На мітынгу выступіў прадстаўнік расейскага моладзевага руху «Оборона» Аляксандар Савельеў. Ён сказаў, што затрыманьне ў Менску сябраў «Обороны» сьведчыць пра стаўленьне беларускіх уладаў да праблемаў Чарнобылю. Зараз на мітынгу выступае старшыня зарэгістраванага ў Вільні «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова.

18.30




Абакунчык: «Удзельнікі шляху сабраліся і яшчэ зьбіраюцца. Некалькі сотняў чалавек стаяць на прыступках Нацыянальнай акадэміі навук. Яны трымаюць у руках бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнымі стужкамі, вялікі плякат „Чарнобыльскі шлях — 2010“. Тут абраз „Маці Божая ахвяраў Чарнобылю“ мастака Аляксея Марачкіна.


Пагадзіліся на тым, што акцыя будзе праходзіць па праспэкце Незалежнасьці, па вуліцы Сурганава і скончыцца малітвай каля Чарнобыльскай капліцы.

Старшыня МФ Зьміцер Дашкевіч агучыў заяву аргкамітэту — ён прапануе стварыць грамадзкі камітэт у абарону жыцьця. У яго склад увайшлі сябры аргкамітэту сёньняшняй акцыі — Мікола Статкевіч, Іван Нікітчанка, Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык.


Прагучаў заклік падпісвацца пад патрабаваньнем да ўлады спыніць фізычны і духоўны Чарнобыль. Гэты камітэт павінен уздымаць ня толькі праблему Чарнобылю, але і шмат іншых сацыяльных праблем: пазбаўленьне льготаў ліквідатараў, п’янства, наркаманія і г.д. У бліжэйшыя хвіліны арганізатары зьбіраюцца выйсьці маршам на праспэкт Незалежнасьці».


18.25 На мітынгу выступіў член-карэспандэнт Акадэміі навук, ліквідатар Іван Нікітчанка, які распавёў, што зараз сытуацыя ня менш сур’ёзная, чым у 1986 годзе, адразу пасьля катастрофы. Таму што пра Чарнобыль афіцыйныя ўлады фактычна забыліся. Зараз слова ўзяў лекар з Жодзіна Аляксандар Ваўчанін.



18.20 На мітынгу выступае лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які заклікае народ пайсьці да Чарнобыльскай капліцы.



Арганізатары раздаюць улёткі «Чарнобыльскі шлях» — парады, як абараніць сябе ад радыяцыі. Асаблівасьць сёлетняй акцыі — выкарыстоўваецца сымболіка, прысьвечаная выключна тэме Чарнобыля. Да гэтага перад пачаткам акцыі заклікаў аргкамітэт. Паводле іх, трэба вярнуць акцыю ў жалобны фармат. Памятаць, што ахвярамі зьяўляемся ўсе мы, а не ператвараць акцыю ў прапаганду сваіх палітычных поглядаў.

Яшчэ адна асаблівасьць: удзельнікі акцыі праходзяць на месца збору праз мэталашукальнікі. Усё падыходы да Акадэміі навук абгароджаныя турнікетамі, у трох месцах усталяваныя па 3 рамкі мэталашукальнікаў. Каля кожнай рамкі — па 3-4 міліцыянты. Даглядаюць кожнага, хто праходзіць, — асабісітыя рэчы, кішэні. Даглядаюць таксама журналістаў, правяраюць тэхніку. Гэта досыць марудная працэдура, людзі ўсё яшчэ праходзяць.

Прыкладна палова ўдзельнікаў акцыі яшчэ праходзяць праз мэталашукальнікі.

Арганізатары паведамілі, што гэта ініцыятыва гарвыканкаму і міліцыі.

Міліцыя заявіла, што пасьля шляху праз такую ахову будуць праходзіць на ўсе наступныя акцыі апазыцыі.

Акцыю распачаў адзін з арганізатараў, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Бард Андрэй Мельнікаў прасьпяваў дзьве песьні, прысьвечаныя Чарнобылю.

Зараз гаворыць Віталь Рымашэўскі.

Некаторыя лідэры партый застаюцца ў Чарнобыльскіх рэгіёнах, гэта старшыня АГП Анатоль Лябедзька і кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Але вельмі шмат вядомых людзей прыйшлі сёньня, гэта самі арганізатары, сацыял-дэмакратычны палітык Мікола Статкевіч, акадэмік Іван Нікітчанка, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык і іншыя.

Арганізатары прасілі дазвол на марш ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы. Менгавыканкам не дазволіў гэты шлях і прапанаваў прайсьці да парку Дружбы народаў.

18.15 Паплечнікі трох затрыманых актывістаў расейскага моладзевага руху «Оборона», якія прыехалі адмыслова ўзяць удзел у «Чарнобыльскім шляху», паведамілі, што Марыя і Аляксей Казаковы і Алег Казлоўскі знаходзяцца ў пастарунку міліцыі Савецкага раёну сталіцы. Сябры «Обороны» патэлефанавалі ў расейскую амбасаду ў Менску і паведамілі пра затрыманьне расейскіх грамадзянаў. Супрацоўнікі амбасады адказалі, што сёньня працоўны дзень скончыўся, і хутчэй за ўсё, справа будзе разглядацца ўжо заўтра.

Толькі што на пляцоўцы каля Акадэміі навук пачаўся мітынг, які адкрыў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

18.10 Акцыя пачалася выступам барда Андрэя Мельнікава. Ён выканаў некалькі песьняў пра Чарнобыль.

18.00 Арганізатары раздаюць на плошчы інфармацыйныя матэрыялы «Чарнобыльскі шлях — 2010». Там падаецца інфармацыя пра сёньняшнюю акцыю, пра тое, як абараніцць сябе ад радыяцыі, — за подпісам навукоўца Івана Нікітчанкі і апазыцыйных палітыкаў, якія зьвяртаюцца да нацыі ў зьвязку з гадавінай чарнобыльскай трагедыі. Інфармацыйныя матэрыялы хутка разабралі, у тым ліку супрацоўнікі ў цывільным, якія зь цікавасьцю іх чытаюць.

Некаторыя ўдзельнікі надзелі павязкі з знакам радыяцыі і парлевыя павязкі.


Зьявілася вялікая расьцяжка «Чарнобыльскі шлях — 2010», іншай сымболікі, апроч бел-чырвона-белых сьцягоў з чырвонай стужкай, пакуль ня бачна.



17.55 Супрацоўнікі камунальных службаў прывезьлі на плошчу вялікія кантэйнэры для сьмецьця. Кантэйнэры ставяць такім чынам, каб людзі не маглі патрапіць за агароджу.


17.55
Людзей сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі з чырвонымі стужкамі.



17.40 Плошча перад Нацыянальнай акадэміяй навук агароджаная па пэрымэтры. Усталяваныя 6 прапускных рамак. Ля іх стаяць ахоўнікі зь ліку арганізатараў. Яны тлумачаць людзям, навошта патрэбны дагляд. Ва ўсіх правяраюць асабістыя рэчы. У журналістаў — тэхніку. Празь іх мала хто праходзіць.










17. 37 На плошчы Якуба Коласа затрымалі трох актывістаў расейскага моладзевага руху «Оборона», якія прыехалі ўзяць удзел у Чарнобыльскім шляху.

15.35
Мапа забруджанасьці тэрыторыі Беларусі Цэзіем-137



14.05 У Нью-Ёрку выйшла кніга Васіля Несьцярэнкі пра чарнобыльскія наступствы



14.00 Затрыманыя актывісты «Вольнай моладзі»


Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёна Менску затрымалі двух актывістаў руху «Вольная моладзь» Вікторыю Ладзіс і Алеся Барадзімчыка.

Маладых людзей затрымалі каля парку Чалюскінцаў і закінулі ў мікрааўтобус. У міліцыі ў іх адабралі два бел-чырвона-белыя сьцягі, расьцяжку «Чарнобыльскі шлях», пяць сьцягоў «Вольнай моладзі», стужкі чорнага колеру, а таксама стужкі з надпісам «Чарнобыльскі шлях».

У міліцыі Вікторыі і Алесю паведамілі, што ўсё гэта застаецца ў пастарунку, і калі ў іх будуць прэтэнзіі, то няхай зьвяртаюцца пазьней. Ніякіх пратаколаў выняцьця не складалі.

Толькі што стала вядома, што пратрымаўшы тры гадзіны, маладых людзей адпусьцілі.


Сачыце за абнаўленьнямі!


Мапа акцыі


Глядзець вялікую мапу


Напярэдадані акцыі


Гадавіна Чарнобыля: на шлях праз мэталашукальнік

Улады дазволілі «Чарнобыльскі шлях», але ў іншым фармаце

Севярынец заклікае прыйсьці на «Чарнобыльскі шлях»

Чарнобыльскі шлях адбудзецца. Але бязь лідэраў апазыцыі

На чарнобыльскую гадавіну частка апазыцыйных лідэраў разьяжджаецца

Сёлетні «Чарнобыльскі шлях» правядуць па-новаму


Акцыі Розных гадоў


2009

2008

2007


Чарнобыльская катастрофа
Паводле «Альтэрнатыўнай справаздачы аб Чарнобылі» (TORCH), якая падрыхтаваная брытанскімі навукоўцамі Іенам Фэйрлі і Дэвідам Самнэрам , 30 краін забруджаныя цэзіем-137

Раніцай 26 красавіка 1986 года адбыўся выбух на 4-м энэргаблёку атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі, на памежнай з Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыі.

Аварыя на ЧАЭС стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва.

У паветра, ваду і глебу патрапіла ад 50 да 250 мільёнаў кюры, што адпавядае выбуху ня меней да 100 атамных бомбаў.

70% радыёактыўных адпадаў прыпала на тэрыторыю Беларусі. Забруджана болей за 23% тэрыторыі краіны.

Тэрыторыя ў 155 000 квадратных кілямэтраў да гэтай пары застаецца забруджанай небясьпечнымі ізатопамі цэзію-137 і стронцыю-190, якія маюць вельмі доўгі пэрыяд паўраспаду і будуць небясьпечнымі для людзей на працягу некалькіх стагодзьдзяў.

У чыстыя рэгіёны Беларусі пераселена было 138 тысячаў грамадзянаў з 470 населеных пунктаў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласьцей.

Болей за паўтара мільёны чалавек да гэтага часу жывуць на забруджаных тэрыторыях.

Эканамічныя страты Беларусі ад Чарнобыльскай аварыі перавышаюць 235 мільярдаў даляраў ЗША.

Беларуская апазыцыя з 1989 году праводзіць у Менску жалобныя шэсьці ў гадавіну аварыі.


Станьце карэспандэнтам “Свабоды!
Зрабіце фота.

Здыміце відэа.

Дашліце на адрасы rferl.minsk@gmail.com і svaboda@rferl.org

Пазваніце на тэлефон у Менску +375 17 266 39 52


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG