Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўлады назавуць прозьвішчы новых дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі. Іх будзе болей за 20 тысяч. Упершыню на мясцовых выбарах быў скасаваны парог яўкі выбарцаў. Аднак нягледзячы на гэта, паводле афіцыйных зьвестак, у датэрміновым галасаваньні ўдзельнічала рэкордная колькасьць выбарцаў.

Папярэднія вынікі галасаваньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына абвесьціць у панядзелак а 12-й гадзіне на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі. Зручней усяго лічылі бюлетэні ў безальтэрнатыўных акругах. Але, як патлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, адзін кандыдат тэарэтычна не азначае, што ён ужо дэпутат:

"Тое, што парог яўкі адменены, азначае, што выбары адбудуцца, калі прагаласаваў хаця б адзін выбарца. Аднак гэта не азначае, што ўва ўсіх акругах будуць абраныя дэпутаты. Тэарэтычна можа атрымацца так: калі ў акрузе балятуецца толькі адзін кандыдат (а ў нас такіх акруг вельмі многа), а галясоў "супраць" будзе болей, чым галасоў "за", то атрымаецца, што выбары адбыліся, а дэпутат не абраны".

Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфэр, зь якім я размаўляў 25 красавіка, называе магчымасьць, пра якую кажа спадар Лазавік, "выключна тэарэтычнай":

"Такога ня можа быць практычна. Таму што ва ўсіх безальтэрнатыўных акругах дэпутаты фактычна ўжо выбраныя. Там балятуюцца выключна праўладныя кандыдаты. І для іх усё будзе добра, калі толькі нехта не памрэ да канца сёньняшняга дня".

Сёлета ў датэрміновым галасаваньні ўдзельнічала 29,3% усіх выбарцаў. На папярэдніх мясцовых выбарах у студзені 2007 году аналягічны паказьнік складаў — 24,9%. Новы рэкорд — ніколі раней у папярэднім галасаваньні ня ўдзельнічала так багата выбарцаў -- старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька камэнтуе так:

"Гэта якраз і ёсьць рэагаваньне на рашэньне, у тым ліку і нашай партыі, выйсьці з гэтай кампаніі. Гэта рэагаваньне на тое, што ня толькі мы, але і выбарцы байкатуюць заключную частку выбараў. Улада такім спосабам змагаецца за адчуваньне таго, што велізарная колькасьць людзей імкнецца ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Таму што пытаньне стаіць так: ці ў нас поўны крызіс уладнай сыстэмы, на які рэагуюць ня толькі апазыцыя, а і выбарцы? Ці — не? І ўлады не знайшлі нічога лепшага, як зноў "намаляваць" прывабную лічбу. А каб яна была больш унушальная, яе трэба падняць праз заганяньне людзей на выбарчыя ўчасткі.

А па-другое, лічба датэрміновага галасаваньня — і ёсьць тая лічба, якая закладаецца ў перамогу прадстаўніка ад улады".
XS
SM
MD
LG