Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заявы Лукашэнкі пра базы ня ўразяць Расею, бо там ужо будуюць уласныя станцыі”


Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Аляксандра Лукашэнка 25 красавіка зрабіў некалькі крытычных заўвагаў на адрас АДКБ — Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Маючы на ўвазе сытуацыю ў Кіргізстане, Лукашэнка заявіў: «Што гэта за арганізацыя, якая маўчыць, калі ў адной з нашых краінаў ліецца кроў? Калі і далей так будзе разьвівацца, то пэрспэктываў яна ня мае». Чаго дабіваецца беларускі прэзыдэнт, крытыкуючы калегаў па АДКБ? Зь якой мэтай Лукашэнка нагадаў Мядзьведзеву пра расейскія ваенныя базы, і які эфэкт гэта можа мець на расейскае кіраўніцтва? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.


Цыганкоў: Чаму Лукашэнка пачаў гэтак выказвацца пра АДКБ? Чаго ён хоча дабіцца гэтым дэмаршам?

Фёдараў: Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што, з пункту гледжаньня Лукашэнкі, АДКБ павінна ўмешвацца ва ўнутраныя справы краінаў-сябраў гэтай арганізацыі. Але, мяркую, што ніякае АДКБ у выпадку Кіргізстана не магло ўмяшацца ў тое, што там адбылося. Ніяк не вынікае, што з-за гэтага АДКБ перастае быць вартай арганізацыяй. Іншая справа, што гэтая структура зусім па іншых прычынах пакуль не выглядае надта дзеяздольнай.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што ў гісторыі з Бакіевым Аляксандар Лукашэнка ва ўсіх постсавецкіх структурах ад СНД да АДКБ кідае выклік Расеі, сьцьвярджаючы, што яна ня можа цяпер аднаасобна вырашаць, хто будзе кіраваць у краінах постсавецкай прасторы?

Фёдараў: Фармальна ва ўсіх гэтых структурах працуе прынцып кансэнсусу.
Магчымасьці ціску Расеі застаюцца. І баюся, што Лукашэнку перацягнуць гэтую коўдру на сябе будзе даволі цяжка.
Іншая справа, што Расея ўжывала розныя спосабы ціску на сваіх партнэраў, каб прымусіць іх далучыцца да пункту гледжаньня Масквы. Зараз па многіх пытаньнях разыходжаньні сапраўды даволі вялікія. Але праблема ў тым, што тыя ж магчымасьці ціску Расеі застаюцца. І баюся, што Лукашэнку перацягнуць гэтую коўдру на сябе будзе даволі цяжка.

Цыганкоў: Таксама Лукашэнка нагадаў прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву, што ў Беларусі ёсьць дзьве расейскі ваенныя базы, і за іх Расея нічога не плаціць. Наколькі істотны гэта козыр для Менску, і чаму Лукашэнку прыйшлося «даставаць яго з рукава»?

Фёдараў: Сапраўды, Расея нічога ня плаціць. Але ў свой час, яшчэ пры Ельцыне, у 1996-м годзе, была падпісана дамова, паводле якой Беларусі скасавалі запазычанасьць за газ памерам каля мільярда даляраў. І за гэта гэтыя 2 базы застаюцца на такіх правах, што Расея за іх нічога ня плаціць. Але Масква можа нагадаць пра гэтыя пагадненьні.

Баюся, што гэтае выказваньне Лукашэнкі ня вельмі ўразіць Крэмль, бо Расея ўжо пачала рыхтаваць замену, прынамсі, той базе «Волга», што знаходзіцца пад Ганцавічамі. Магчыма, хутка яны здолеюць выключыць гэтую базу са свайго сьпісу, і замяніць яе сваімі новымі базамі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG