Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка заклікае былых прэзыдэнтаў Украіны выступіць супраць пагадненьняў з Расеяй


Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка зьвярнуўся да двох сваіх папярэднікаў, Леаніда Кучмы ды Леаніда Краўчука, з заклікам выступіць супраць падаўжэньня тэрміну базаваньня расейскага чарнаморскага флёту ў Крыме.

Напярэдадні аб'яднаная апазыцыя правяла мітынг перад будынкам Вярхоўнай рады.

Зьвяртаючыся да мітынгоўцаў, былая прэм'ер міністарка краіны Юлія Цімашэнка паабяцала разьвярнуць у адваротным накірунку "антыўкраінскую", на яе думку, палітыку дзейнай адміністрацыі, як толькі "Януковіч будзе адсунуты ад улады".

Цімашэнка заклікала сваіх прыхільнікаў працягнуць пратэсты ў аўторак.

На мінулым тыдні прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі Віктар Януковіч і Дзьмітры Мядзьведзеў падпісалі пагадненьне аб падаўжэньні дазволу на функцыянаваньне расейскай вайскова-марской базы ў Крыме на 25 гадоў, з магчымасьцю падоўжыць гэты тэрмін яшчэ на 5 год.

Адначасова была падпісаная папраўка ў кантракт аб пастаўках расейскага газу ва Ўкраіну. Паводле новых умоваў Кіеў атрымлівае зьніжку памерам 30% ад запраграмаванай папярэдне цаны. Віктар Януковіч падлічыў, што гэтая зьніжка, зэканоміць украінскаму бюджэту каля 40 мільярдаў даляраў на працягу наступных 10 год.
XS
SM
MD
LG