Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І праўда – на што? Усе экспэрты, якія паважаюць сябе, адзначыліся ў ацэнках, што «Акела прамахнуўся», асабліва пасьля апошняй прэсавай канфэрэнцыі К. Бакіева, дзе той выказаў гатоўнасьць дапамагчы асобам, якіх яшчэ пару дзён таму называў бандытамі, прызнаў, што адрачэньне ад пасады ўсё ж напісаў, і нарэшце заявіў, што легітымнасьць сваю мае намер дэманстраваць дыстанцыйна. А тут яшчэ і Дз. Мядзьведзеў са сваімі намёкамі пра «прытулак для тых, хто страціў працу». Ну можа і прамахнуўся. Але каб вызначыць гэта, варта было б дакладна сфармуляваць, куды ж А. Лукашэнка зьбіраўся К. Бакіевым пацэліць.


У адказах недахопу няма, імі зараз як раз пераважна і запоўненыя газэтныя і інтэрнэтныя старонкі. І ня тое, каб яны былі няправільныя ці недакладныя, хутчэй занадта абстрактныя. Тое, што Лукашэнка, прыгрэўшы Бакіева і фактычна прымусіўшы яго працягваць барацьбу, кінуў камусьці выклік і накіраваў нейкае пасланьне – ўсе правільна. Але для гульца, які разьлічвае на цалкам канкрэтную выгаду, хай сабе і зьвязаную з рызыкай, неяк расплывіста. Гаворыцца таксама, што Лукашэнка ўлез у вялікую гульню па самых высокіх стаўках. Цяплей, але ізноў жа – якія ягоныя ўласныя стаўкі? Апалягетычныя трактоўкі таксама не даюць адказу на пытаньне, бо апісваюць сытуацыю ў катэгорыях каштоўнасьцяў – легітымнасьць, вернасьць, абавязкі, малыя дзеткі Бакіева і г.д. Можна спрачацца з тым, ці прыдатныя да аналізу сытуацыі менавіта гэтыя каштоўнасьці, але і апалягетыка такога кшталту не тлумачыць, што ж канкрэтна можа выйграць Менск.

Тлумачэньні самога беларускага прэзыдэнта таксама наўпрост не даюць адказу на пытаньне, на што ж ён разьлічвае. І ён, як і яго апалягеты, у асноўным падкрэсьлівае маральна-палітычны бок. Хаця нейкі намёк у ягоных тлумачэньнях, зробленых падчас выступу з пасланьнем, усё ж прагучаў:

“Я ня думаю, што там сытуацыя цалкам разрадзілася. Той, хто апладзіруе і разьлічвае на тое, што ў Кіргізіі сышоў, няма Бакіева... Бакіеў нікуды не сыдзе, гэта ня той чалавек. Ён сябе лічыць на сёньняшні дзень прэзыдэнтам, і, я яшчэ раз падкрэсьліваю, і народ там сёньня ацьвярозеў, нават тыя, якія штурмавалі, і — «вярніце нашага прэзыдэнта».

Наконт “вярніце” – гэта, мякка гаворачы, перабольшваньне. А вось наконт таго, што сытуацыя “не разрадзілася” – можа ў гэтым пэўная рацыя і ёсьць. А як менавіта можа яна “не разрадзіцца” на карысьць Лукашэнкі?

Так выглядае, што такіх сцэнароў як мінімум два.

«Хаос»


Першы – гэта сцэнар «Хаос». Насамрэч сапраўдным апанэнтам новых кіргіскіх уладаў зьяўляецца зараз зусім не зрынуты прэзыдэнт, а менавіта хаос. Зразумела, сам часовы ўрад заяўляе пра тое, што цалкам кантралюе сытуацыю ў краіне, ледзь не з 8 красавіка. Часовыя ўрады (і нечасовыя таксама) заўсёды гэтак заяўляюць. Але важна тое, як яно насамрэч, а можа яшчэ больш важна – як гэта ацэньваюць за мяжой, і асабліва тыя, хто трымае ключы ад Бішкеку. А гледзячы па ўсім – ня надта. Цяжка западозрыць цяперашнія расейскія ўлады ў адсутнасьці сымпатыяў да новых кіргіскіх уладаў. Тым болей пагрозьліва прагучала фраза Мядзьведзева, што Кіргізстан «знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны і распаду» і «на яго месцы можа ўзьнікнуць другі
Сапраўдным апанэнтам новых кіргіскіх уладаў зьяўляецца зараз зусім не зрынуты прэзыдэнт, а менавіта хаос.
Аўганістан». Ніхто прэзыдэнта Расеі за язык не цягнуў гэта казаць. Публічнае агучваньне такіх апакаліптычных прагнозаў аўтарытэту новым кіргіскім уладам не дадае, а чым усё можа скончыцца, калі яны ня здолеюць навесьці элемэнтарны паліцэйскі парадак, яны разумеюць ня горш за Мядзьведзева. А калі ён гэта ўсё ж такі сказаў, то сытуацыя відаць і сапраўды далёкая ад лагоднай.

Дык разьлік Лукашэнкі можа палягаць зусім ня ў тым, што ён пры дапамозе Бакіева гэтае полымя грамадзянскай вайны разьдзьме. А ў тым, што яно разгарыцца і без дапамогі Бакіева, і нават не грамадзянскай вайны, а менавіта хаосу – вёска на вёску, вёска на горад, горад на горад, вайна ўсіх супраць усіх. І што тады? Гэта толькі на думку некаторых дамарослых стратэгаў Масква сьпіць і бачыць, як бы куды-небудзь свае войскі ўвесьці. Увесьці можа і нескладана, але досьвед некаторых іншых дзяржаваў паказвае, што потым робіцца велізарнай праблемай, як вывесьці. Так што, калі такое ўсё ж здарыцца, то патрэба ў нейкай хаця б мінімальна ўплывовай мясцовай асобе з мінімальна абгрунтаванымі прэтэнзіямі на ўладу можа стаць надзвычай пільнай. І чым у такой сытуацыі кепскі абачліва захаваны ў менскай «лядоўні» спадар Бакіеў? Не ў цяперашняй, а ў той, зусім насамрэч негіпатэтычнай. Тады тое, што сёньня выглядае выклікам, абернецца велізарнай паслугай усім – і Маскве, і Вашынгтону, ў прыватнасьці. Хіба такое разьвіцьцё падзеяў абсалютна выключанае?

«ЗША супраць РФ»


Другі сцэнар – «ЗША супраць Расеі». Так, сапраўды, Масква і Вашынгтон, Абама і Мядзьведзеў дзіўным чынам дамовіліся наконт Кіргізстану. Але ці доўга праіснуе гэтае пагадненьне? Шчыраваньні К. Бакіева наконт таго, што расейцы моцна ціснулі на яго, каб ён выкінуў з краіны амэрыканскую базу, вельмі падобныя на праўду, бо пра гэта гавораць усе, і, у прынцыпе, гэта не адмаўляе і расейская ўлада. Дык на Бакіева былі злыя за тое, што не закрыў базу, а да новай улады будуць добрыя за тое, што працягнулі яе арэнду? Пры гэтым, нават пакідаючы за дужкамі гіпотэзы аб сувязях новага кіраўніцтва Кіргізстану з Масквой і пра датычнасьць Масквы да падзеяў 6-7 красавіка, аб'ектыўна новыя ўлады краіны больш залежныя ад Крамля, чым быў К. Бакіеў: іх легітымнасьць як мінімум спрэчная, грошай ім, каб супакоіць узрушаны народ, трэба шмат і адразу, магчыма спатрэбіцца і дапамога ў пытаньнях
Чаму не магчымая гульня Бакіевым за Захад супраць Расеі?
бясьпекі (гл. сцэнар «Хаос»). Дык ад больш устойлівай улады Расея дамагалася закрыць базу, а ад больш слабай – ня будзе? Мядзьведзеў з Абамам дамовіўся, новы ўрад працягнуў арэнду на год. А што ж пры Бакіеве не змаглі дамовіцца? Ці Масква – юнае дзяўчо, што ня магла дараваць Бакіеву падман: абяцаў закрыць базу і не закрыў? І хіба выключана, што праз пэўны час новыя ўлады Кіргізстану паставяць лёс амэрыканскай базы пад вялікае пытаньне? І тады ізноў жа ў менскай «лядоўні» для амэрыканцаў (ну і для NATO ў цэлым) ёсьць які-ніякі, а ўсё ж інструмэнт узьдзеяньня на сытуацыю. Вы будзеце сьмяяцца, але нават легітымны. Які, дарэчы, амэрыканскую базу ўсё ж з краіны ня выкінуў.

Лукашэнка з амэрыканцамі супраць расейцаў – немагчыма? А чаму? Колькі экспэртаў былі ўпэўненыя, што Лукашэнка на раз прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю? Чаму не магчымая гульня Бакіевым за Захад супраць Расеі?

Успаміны пра будучыню


Варта сказаць, што такія рызыкоўныя гульні Лукашэнка ў мінулым вёў неаднойчы. Напрыклад, ягоныя дэманстратыўныя заляцаньні да арабскіх рэжымаў пасьля 9 верасьня 2001 году, калі стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой перажывалі “мядовы месяц”, таксама здаваліся суцэльным вар’яцтвам і цяганьнем за хвасты двух львоў адразу. І нічога – “мядовы месяц” цягнуўся нядоўга, бакі вярнуліся да звыклай “Вялікай гульні”, ў якой знайшлося месца і Лукашэнку зь ягонымі камбінацыямі.

Гэтак і цяперашнія сцэнары выглядаюць на першы погляд рызыкоўнымі і малаімаверныя. Але яны досыць канкрэтныя, выйгрышы ад іх – таксама, а імавернасьць усё ж нянулявая. Лукашэнка ставіць вельмі шмат на тое, што яны спраўдзяцца. А колькі ставіце вы на тое, што ня спраўдзяцца?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG