Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сэнсу ў выбарах ня бачу, але засталася прывычка галасаваць…”


“Сэнсу ў выбарах ня бачу, але засталася прывычка галасаваць…”
Ці ведаеце, што сёньня адбываецца? Ці пойдзеце або хадзілі галасаваць? Адказваюць гарадзенскія мінакі.

Спадар: «Што выбары — знаю, але не хадзіў і не пайду. Сэнсу ня бачу зусім. Я лічу, што нічога ад гэтага не мяняецца, тым больш на мясцовым узроўні».

Спадар: «Я-то пайду яшчэ, а наконт сэнсу? Засталася прывычка галасаваць. Як паглядзіш: адны дырэктары, дырэктары, дырэктары ў саветах, і сумы, якія яны зарабляюць — у газэце надрукавалі — для чаго ім яшчэ туды лезьці? Людзям трэба даць, хай ня простаму рабочаму, а інжынэру. Што яны там для нас, для народу зробяць? Нічога! Мы — простыя рабочыя».

Ягоны прыяцель: «Мае чатыры гадавыя заробкі мае ў месяц. У мяне пяцьсот тысяч рублёў цяпер, нават чатырыста за месяц, працую па адзінаццаць дзён, астатні час дома. Я яшчэ падумаю — ці хадзіць галасаваць. Я на «карданных валах» працую, на «Белкардзе».

Сталая спадарыня: «Пойдзем галасаваць абавязкова».

Сталы спадар: «У Лядовы палац сходзім, прагаласуем за ўрача, за харошую жанчыну, каторая шмат харошага зрабіла, таму з задавальненьнем пойдзем галасаваць».

Малады спадар: «Схадзіць можна, ад нас ня ўбудзе. Паглядзім, дадзім ім шанец, прынамсі».

Ягоны прыяцель: «Не, я не пайду, таму што я зьехаў у камандзіроўку, так атрымалася. Я цяпер ня дома, у мяне не атрымаецца».

Сталы спадар: «Што выбары, я ведаю. Хадзіць не хадзіў і не пайду, толку няма. За мінулыя выбары каго ні спытай, ніхто ня ведае — хто ў нас дэпутатам і што з гэтымі будзе? Нічога ня будзе, маё меркаваньне такое».

Малады спадар: «Сэнсу ў галасаваньні ня бачу і галасаваць не хадзіў. Таму што, думаю, усё зараней ужо сплянавана і прадумана, інфармацыі няма ні па тэлебачаньні, ні па радыё — дзе хто ўдзельнічаў, інфармацыя закрытая ад людзей, і сапраўднай, хутчэй за ўсё, няма ўвогуле».

Спадарыня: «Ведаем, хадзілі, сэнсу ня бачым. Чаму хадзілі? Не, не прывычка, а каб за нас не прагаласавалі».

Яе муж: «Як жонка сказала, так і я — таксама, зь ёю згодны».

Малады спадар: «Так, хадзілі. Думаю, што трэба часам мяняць улады».

Малады спадар: «Ведаю, што выбары. Пакуль не хадзіў, пра кандыдатаў практычна ніякай інфармацыі няма, апроч некаторых аркушыкаў, якія расклейваюцца каля крамаў. У дадзеных выбарах мала сэнсу. Прыйсьці, нічога ня ведаючы пра кандыдатаў, — цяжка рабіць выбар. Адзіны стымул — каб не рабіць дзяржаве другія выбары, дзеля эканоміі грошай».

Спадар: «Тое, што выбары — ведаем. Галасаваць не хадзілі, бессэнсоўна гэта».
XS
SM
MD
LG