Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на тое, што сёлета ўпершыню на рэгіянальных выбарах быў адменены парог яўкі выбарцаў, беларускія грамадзяне, паводле афіцыйных зьвестак, яшчэ да 25 красавіка выявілі надзвычайную выбарчую актыўнасьць. Улада сьцьвярджае, што ў датэрміновым галасаваньні ўдзельнічала рэкордная колькасьць выбарцаў.

Папярэднія вынікі галасаваньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына абвесьціць у панядзелак а 12-й гадзіне на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі. Праўда, некаторыя кандыдаты ў безальтэрнатыўных акругах ужо прымаюць віншаваньні. Але, як патлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, яны пасьпяшаліся, бо адзін кандыдат — тэарэтычна яшчэ не дэпутат:

Мікалай Лазавік
"Тое, што парог яўкі адменены, азначае, што выбары адбудуцца, калі прагаласаваў хаця б адзін выбарца. Аднак гэта не азначае, што ўва ўсіх акругах будуць абраныя дэпутаты. Тэарэтычна можа атрымацца так: калі ў акрузе балятуецца толькі адзін кандыдат (а ў нас такіх акруг вельмі многа), а галасоў "супраць" будзе болей, чым галасоў "за", то атрымаецца, што выбары адбыліся, а дэпутат не абраны".

Сёлета ў датэрміновым галасаваньні ўдзельнічала 29,3% усіх выбарцаў. На папярэдніх рэгіянальных выбарах у студзені 2007 году аналягічны паказьнік складаў — 24,9%. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у інтэрвію "Свабодзе" назваў тры прычыны, чаму сёлета ўдзельнікаў датэрміновага галасаваньня болей:

"Першы фактар — стабільная сацыяльна-палітычная і эканамічная абстаноўка ў нашай рэспубліцы. І гэта адзін з найважнейшых крытэраў, які напэўна ляжыць у аснове выбару любога грамадзяніна, калі ён думае пра будучыню цэнтральнай альбо мясцовай улады.

Другі фактар — гэта ўсё-ткі вясна, надвор'е. Мінулыя выбары праходзілі зімой. Цяпер жа зусім іншыя ўмовы надвор’я. Людзі з задавальненьнем гуляюць па вуліцы, а заадно заходзяць і на выбарчыя ўчасткі.

І трэці фактар — нягледзячы на тое, што парог яўкі выбарцаў скасаваны, арганізатары выбараў нацэльвалі ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу — нельга ні на адзін працэнт зьніжаць арганізацыйную і тлумачальную працу над датэрміновым галасаваньнем. Людзі павінны ведаць, што такое права ў іх ёсьць. А арганізатары выбараў павінны даць ім умовы, каб такое права рэалізаваць".

А вось аднаму з арганізатараў ініцыятывы "Праваабаронцы — за свабодныя выбары" Алесю Бяляцкаму гэтыя выбары нагадваюць савецкія часы:

Алесь Бяляцкі
"Людзей гоняць, гоняць і гоняць галасаваць заўчасна. Але ж ніхто ня мае гарантыяў, што робяць пасьля з гэтымі бюлетэнямі.

А па-другое, шмат дзе няма назіраньня. Асабліва ў тых акругах, дзе балятуецца толькі адзін кандыдат. А там вельмі важны псыхалягічны момант колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня. Чаму? Бо нашы выбары — гэта ня толькі тэхналягічны працэс, але ж яшчэ і ідэалягічны. І гэта вельмі моцна нагадвае савецкія часы, калі абавязкова ў выбарах удзельнічалі больш за 90% выбарцаў і амаль усе галасавалі за кандыдатаў блёку камуністаў і беспартыйных. І вось гэты гіпноз вялікіх лічбаў беларускія ўлады захоўваюць і цяпер.

Навошта яны гэта робяць? Па-першае, для здушэньня любых пратэстных ініцыятыў супраць масавага падману. А па-другое, для "падпітваньня" сябе, каб зрабіць выгляд, што людзі іх падтрымліваюць. Ім гэта неабходна. Прынамсі, тады яны, мабыць, больш упэўненыя ў сабе, калі бачаць такія лічбы".
XS
SM
MD
LG