Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка нагадаў Мядзьведзеву пра расейскія базы ў Беларусі


Аляксандар Лукашэнка зноў заступіўся за Бакіева, адказаў Мядзьведзеву і аблаяў бязьдзейнасьць АДКБ ў кіргіскім пытаньні.


Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся на выбарчым участку ў Менску, назваў нядаўнія словы Д. Мядзьведзева аб прыёме ў Беларусі зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева "непасьлядоўнымі", а таксама заявіў пра дэманстрацыю Расеяй падвойных стандартаў:

"Відаць, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Расеі забыў, што на тэрыторыі Беларусі ажно дзьве дзейныя вайсковыя базы РФ. Магу нагадаць: адна раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе, знаходзіцца ў раёне Баранавічаў, а другая – забясьпечвае сувязь з падводным флётам Расеі ў Атлянтыцы. Месца базаваньня – Вілейка. І магу нагадаць, што ў адрозьненьне ад Севастопаля Расея нам плаціць нуль рублёў нуль капеек за арэнду гэтых баз".

А. Лукашэнка нагадаў таксама пра супольную беларуска-расейскую сыстэму супрацьпаветранай абароны і пра тое, што Беларуская армія абараняе Расею на заходнім кірунку ды складае аснову вайсковай групоўкі так званай саюзнай дзяржавы.

Гэтыя словы сталі рэакцыяй Лукашэнкі на заяву Мядзьведзева пасьля падпісаньня ім дамовы аб арэндзе базы Чарнаморскага флёту ў Севастопалі. Тады Мядзьведзеў нэгатыўна ацаніў факт запрашэньня Лукашэнкам зрынутага кіргіскага прэзыдэнта ў Беларусь:

«Адна справа — дамаўляцца аб тым, каб па-сур’ёзнаму працаваць, ісьці насустрач адзін аднаму, дапамагаць адзін аднаму, а іншая справа — прымаць рашэньні аб прыёме на сталае месца жыхарства людзей, якія страцілі працу. Гэта розныя рэчы».

Адначасова Лукашэнка сёньня заявіў пра беспэрспэктыўнасьць далейшай дзейнасьці АДКБ ў цяперашнім стане:

"Что гэта за арганізацыя, калі ў адной з нашых краін адбываецца дзяржаўны пераварот? Цішыня, нуль!", цытуе Лукашэнку "Інтэрфакс".

Лукашэнка заявіў, што пакуль ня вызначыўся, ці паедзе ён на саміт АДКБ ў Маскву 8 траўня 2010 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG