Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 красавіка два дзясяткі актывістаў партыі БНФ наведалі забруджаны радыяцыяй Чэрыкаўскі раён Магілёўшчыны. Фронтаўцы на чале з кіраўніком партыі Аляксеем Янукевічам парадкавалі пляцоўкі ля памятных знакаў адселеным вёскам.


Фронтаўцы прабылі ў зоне адчужэньня тры гадзіны. За гэты час яны наведалі тры адселеныя вёскі — Вепрын, Чудзяны ды Малінаўку. Усе гэтыя вёскі былі пахаваныя ў 1999 годзе. У чужыя краі мусілі зьехаць каля паўтары тысячы чалавек. Ля кожнай нежывой цяпер вёскі ўсталяваныя памятныя знакі — камяні з шыльдай пра тое, колькі было адселена сем’яў і агулам людзей, і з пазнакаю пра дату пахаваньня самой вёскі.

Актывісты прыбіралі пляцоўкі ля памятных знакаў, абгортвалі іх бел-чырвона-белымі стужкамі, запальвалі памінальную сьвечку ды пакідалі пасьля сябе кош з кветкамі. Гэта троху мяняла навакольле. Яно безь сялянскіх хат выглядала панура: пажухлая, даўно ня кошаная трава, зьдзічэлыя сады ды магілы-пагоркі саміх хат.

Здолелі фронтаўцы ў зоне адшукаць і людзей, якія не захацелі пакідаць родных мясьцін. 80-гадовая Вера Пятроўна Гнедава з мужам у зоне жыве ў адселенай і пахаванай вёсцы Дубраўка ад 1993 году. Сёлета думае перабрацца да дзяцей у Чэрыкаў. Старыя, кажа, сталі, каб жыць у самоце. На жыцьцё Вера Пятроўна не наракае. Два разы на тыдзень прывозяць аўталаўкай з райцэнтру харчы.

Пабачыліся апазыцыянэры й зь міліцыянтамі. Тыя выпытвалі, чаму столькі людзей наведалася ў зону. Пагутарыўшы, аднак, пакінулі фронтаўцаў у спакоі.

Пра свае ўражаньні ад наведваньня зоны апавядае старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:
жыхары іншых раёнаў, якія мяжуюць з зонай, знаходзяцца ў небясьпецы ...

“Уражаньняў шмат, але сумных. Пазбаўленыя пахаваныя вёскі беларускай мовы. Усе шыльды на камянях зробленыя па-расейску. Засьмечаная, занядбаная зона. Улады забыліся на гэтую тэрыторыю. Найбольш моцнае ўражаньне — ад пустэчы, якая пануе там. Пачынаеш у ёй разумець, што радыяцыя ня мае межаў. Гэта азначае, што й жыхары іншых раёнаў, якія мяжуюць з зонай, знаходзяцца ў небясьпецы”.

Усяго з Чэрыкаўшчыны адселеныя 25 вёсак. Першую з іх, Нова-Малінаўку, адсялілі ў 1991 годзе, апошнюю — Камаровічы — у 2000 годзе. Зьехаць з родных мясьцін мусілі больш за дзьве тысячы чалавек.




Пабачыліся апазыцыянэры й зь міліцыянтамі

Закінутыя й нежылыя дамы

80-дзесяцігадовая Вера Пятроўна Гнедава

Яе сядзіба

Аляксей Янукевіч

Фронтаўская талака

Памятны знак самай вялікай адселенай вёсцы раёна – Вепрын

Чарнобыльскі пэйзаж – зьдзічэлы сад і пажухлая трава

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG