Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Здановіч — пра Беларусь у малюнках і ілюстрацыях


Ніна Здановіч
Ніна Здановіч

Сёньняшняя экспэртка пяцікніжжа — дацэнтка гісторыі Ніна Здановіч. Свoй рэйтынг яна прысьвяціла кнігам, якія, на яе думку, найлепей паказваюць Беларусь у малюнках і ілюстрацыях.









1. Беларусь у малюнках Напалеона Орды: другая палова XIX ст. Менск, «Ураджай», 2001

Хто ня верыць у тое, што Беларусь насамрэч была краінай замкаў — пагартайце гэтую кнігу. Хто ня верыць, што у нас былі свае Вэрсалі і Сан-Сусі — ізноў жа зьвярніцеся да яе. Хто яшчэ сумняваецца, што ня толькі кіраўнік вызвольнага паўстаньня Тадэвуш Касьцюшка, пісьменьнік Уладзіслаў Сыракомля, але і кампазытар Станіслаў Манюшка, і паэт Юльян Корсак, і гісторык і археоляг Тэадор Нарбут сваімі каранямі прарасьлі тут, на Беларусі — ізноў зьвярніцеся да гэтага альбома. У Напалеона Орды некалі хапіла імпэту наведаць ня толькі мэмарыяльныя мясьціны (як Завосьсе, Туганавічы, Мерачоўшчыну і інш.), але замаляваць нават сядзібу Варонча на Гарадзеншчыне — толькі таму, што яна ўзгадваецца ў «Пане Тадэвушы».

Адным словам, альбом запрашае ў вялікае падарожжа па Беларусі. Гэта — наша спадчына. Аднак у большасьці — страчаная спадчына. Слова "не захавалася«- звыклае завяршэньне падмалюнкавых подпісаў. Больш зьдзіўляе, калі нешта захавалася. Здавалася б, гэта — прычына для пэсымізму: усьведамляеш, колькі магло б быць, калі б засталося. Але яно не назаўсёды і не катастрафічна страчана. Дзякуючы Напалеону Орду мы бачым, якое яно павінна быць. Гэта — прычына для аптымізму. Дадае яго і тое, прыкладам, што да нядаўняга часу і рэальнага Завосься не было. Таму нам, звыклым ужо да «віртуальнай» рэчаіснасьці, застаецца спадзявацца, што любімыя вобразы, ўвасобленыя мастаком — толькі адцягненая ў часе рэальнасьць.


2. Музэй старажытнабеларускай культуры. Альбом. /Укладальнік Ярашэвіч А.А./ Менск, «Беларусь», 2004

У гэтым альбоме сабранае ўсё самае дарагое. Уся старажытная і традыцыйная Беларусь. Іконы сьведчаць пра наш няпросты шлях праз стагодзьдзі. Ня толькі праз напаўсьцертыя лікі, але і праз шматкроць перапісаныя абразы (як «Дэісус» сярэдзіны 18 ст. з Магілёва). Дзякуй рэстаўратарам, што пакінулі нам гэтыя «вокны» праз стагодзьдзі, інакш словы кшталту «зьмены канфэсій», «рэлігійнае супрацьстаяньне» заставаліся б для большасьці сучасьнікаў голай тэорыяй. Зьдзіўляе канкрэтнасьць, асацыатыўнасьць і адначасова глыбіня менавіта чалавечых пачуцьцяў у сюжэтных абразах. Дзе яшчэ сустрэнеш такое нагляднае тлумачэньне сакральнага: «віно — гэта ёсьць кроў мая», якое пададзена ў абразе «Хрыстос — вінаградная лаза» зь вёскі Альгомель Столінскага раёну? І раптам да болю зразумелым становіцца адчай і гора ад страты Ісуса, калі бачыш самлелую Марыю Магдаліну перад расьпятым на крыжы целам Збаўцы.

Беларусы зрабілі сьвятых «сваімі», прыпадобіўшы іх абліччы да сябе (у адрозьненьне ад безьцялесных рускіх абразоў). Міжволі узгадваеш грэкаў, для якіх багі былі таксама блізкімі, сваімі, бо падобнымі да іх па абліччы. Як і нашы сьвятыя. Раптам разумееш, што на асацыяцыю з Грэцыяй наткнула і назва вёскі, зь якой паходзіць абраз «Сьвятая Сафія і Сьвяты Павал» Бэнэдыкта Паўлоўскага — Аркадзія, што ў Берасьцейкім раёне.

Разьдзел «Скульптура і разьба» злучыў у адно пакуль разьдзельнае — каталіцкую ды праваслаўную традыцыі пад эгідай яго вялікасьці барока. А яшчэ зьяднаў прафэсійнае і народнае мастацтва. Таму паўсталі побач арыстакратычны невядомы Сьвяты біскуп з Шэрашава і стомленыя задуменныя апосталы Пётра і Павал.

Са словамі «добра ды мала» прагортваеш старонкі са слуцкімі паясамі. Народны касьцюм з вышытымі вобразамі-сымбалямі падмацоўвае ўражаньне загадкавасьці і адвечнай таямнічасьці народных вобразаў. А вось вытокі гэтых вобразаў — «на дне куфэрка» — у апошнім разьдзеле. Гэта тысячагодзьдзямі схаваныя ў зямлі і здабытыя археолягамі кавалачкі нашай мінуўшчыны. Іх суровая аб’ектыўнасьць і праўдзівасьць інтэрпрэтацыі каштавала жыцьця не аднаму з навукоўцаў у сталінскія часы.


3. Мая зямля. Жывапіс беларускіх мастакоў. Альбом. /Укладальнік Трыгубовіч В/. Менск, 1996.

«Карані і крона». Менавіта гэтыя словы характарызуюць зьмест жывапісных прац альбома. Як радавод чалавецтва пачынаецца ад Адама і Евы, так наша мастацтва — ад вобраза Сьвятой Еўфрасіньні. І стан гэтай фрэскі з Еўфрасіньнеўскай царквы дэманструе, як старанна нас імкнуліся вынішчыць разам з памяцьцю пра яе.

У 19 стагодзьдзі наша мастацтва сталела разам з намі — будуючы мастацкі вобраз Беларусі, якой не было ў рэальнасьці.

20 стагодзьдзе дало калейдаскапічнае мастацтва. Аптымізмам і надзеяй поўніліся гады беларусізацыі — шчыра верылі ў гэта Міхась Філіповіч і Язэп Драздовіч. Але вобраз трагічных 30-х адчуваецца ў карціне «Шляхам жыцьця» Пётры Сергіевіча.

І ў другой палове 20-га, як Фэнікс з попелу, паўстаў мастацкі вобраз размаітай Беларусі. Радзіма, якой яе ўбачыў кожны з 48 мастакоў. Гарадзкі пэйзаж і куточкі прыроды, Беларусь з вышыні «птушынага палёту» і праз травінкі і красачкі на поплаве. Рэалістычнасьць і мадэрнізм, Брэйгелеўская эпічнасьць і імпрэсіянісцкае імгненьне...


4. Ілюстраваная гісторыя «Краіна Беларусь». /Тэкст Уладзіміра Арлова; мастак Зьміцер Герасімовіч/. «Neografia», Martin, Slovakia, 2003

Можна назваць яе папросту гісторыяй у малюнках. А можна — ілюстраванай Бібліяй для сучасных беларусаў. Для тых, хто яшчэ не зразумеў, што гэта і ёсьць наша Зямля запаветная, наш Рай і наша Апраметная. І вывучаць, пазнаваць яе можна «ад калыскі да сьвечкі». Кожны знойдзе там сваю Беларусь — адныя — тую, што змагаецца ці бароніцца, другія — што будуецца, трэція — што верыць і чакае Збаўцу, чацьвёртыя — што ўпрыгожваецца ды шлюбуецца. Там — нашы героі, нашы Прарокі і нашы «бічы Божыя».

Кніга, прызначаная на сузіраньне і роздум, разьлічаны на гады. З ёю можна сталець і старэць. Пераходзіць ад цудоўных ілюстрацый да тэкстаў. З ёю з кожнай старонкай міжволі поўнісься гонарам і годнасьцю — за тое, што ты ёсьць частка вось гэтай Краіны Беларусь.


5.Мікола Селяшчук. Гучаньне музыкі нябёсаў: успаміны, эсэ, дзёньнікі. /Укладальнік Н. Шаранговіч. Менск, "Мастацкая літаратура, 2007

Вельмі шкада, што пра Міколу Селяшчука трэба казаць у мінулым часе. І вельмі добра, што гэты альбом вяртае нам яго мастацкі сьвет. У ім, як у люстэрку, прасочваюцца тры плашчыны, якія бачныя літаральна ў кожным творы. Найперш — гэта вытанчаная эстэтыка Рэнэсансу, што невядомым чынам зьнітоўваецца ў яго з вобразам сучаснай жанчыны і спалучаецца з тэхнікай калажа і Рафаэлеўскім мазком. Другая плашчына — беларускі казачны фальклёр. Адтуль — фантастычныя вобразы, зьвяры і птушкі ў незвычайных вясёлкавых строях з пёркаў. Трэцяя плашчына — беларуская гісторыя, найперш архітэктурная спадчына: вежы замкаў і храмаў нечакана вырастаюць то з жаночага капелюша, то з азёрных хваляў. Яго творы — гэта плынь сьвядомасьці, знітаваная пакадрава. І кожны твор — філязофскі роздум. Нават па назьве...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG