Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёзна: Аляксандар Мілінкевіч агітуе за Хрыстафора Жаляпава


Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Райцэнтар Лёзна месьціцца за 40 км ад Віцебску. Гэта памежны рэгіён з Расейскай Фэдэрацыяй і ці ня самы бедны раён Віцебскай вобласьці. Віцебскі каардынатар руху «За свабоду» і сябар партыі БНФ кажа, што знарок вырашыў балятавацца на мясцовых выбарах менавіта тут — дзе мясцовых прадстаўнікоў апазыцыі практычна няма.


На сустрэчу з Хрыстафорам Жаляпавым, які балятуецца ў Лёзьненскі райсавет, народу сабралася няшмат. Праўда, сярод цікаўных местачкоўцаў былі і цяперашняя старшыня райсавету, і загадчык ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму, і старшыня акруговай выбарчай камісіі.

Але тыя нешматлікія шараговыя грамадзяне, якія прыйшлі сёньня а 12-й дня на цэнтральны стадыён, таксама грунтоўна падрыхтаваліся. Пытаньні да віцебскага апазыцыянэра спадара Жаляпава, да прыкладу, былі такія.

Пэнсыянэр: «Вы ведаеце, што патрэбна раёну? Вы былі на вёсцы? Кажаце, былі? І што кажуць людзі, як яны вас падтрымліваюць?»

Жаляпаў: «Быў. Кажуць, што маленькія заробкі, што працуюць з ранку да вечара, і што хацелі б жыць па-людзку.»

Хрыстафор Жаляпаў сказаў, што ён прыхільнік таго, каб аддаць зямлю прыватнікам, каб на ёй былі гаспадары, і гэтае меркаваньне, як высьветлілася, падзяляюць многія суразмоўцы.


Некалькі правакацыйных пытаньняў прагучалі і на адрас Аляксандра Мілінкевіча, даверанай асобы спадара Жаляпава. Да прыкладу, нехта з жыхароў папрасіў сказаць, дзе, на думку палітыка, людзі жывуць горш, як у Беларусі.

Мілінкевіч: «Ведаеце, прыклад трэба браць з тых, дзе лепей. Да прыкладу, Латвія — гэта самая бедная краіна Эўразьвязу. А ці ведаеце, якія там пэнсіі ды заробкі, у самай беднай краіне Эўразьвязу?
Да прыкладу, Латвія — гэта самая бедная краіна Эўразьвязу. А ці ведаеце, якія там пэнсіі ды заробкі, у самай беднай краіне Эўразьвязу?
Пэнсія ў тры разы большая, як у нас, заробкі ў два з паловай разы вышэйшыя. І квартплата — хоць і высокая, але вы ня думайце: на жыцьцё ім застаецца болей, чым у нас з вамі».

Актыўны ўдзел у спрэчках узялі і загадчык ідэалягічнага аддзелу, які здымаў сустрэчу на відэакамэру, і старшыня райсавету. Яны пайшлі і далей суправаджаць незалежнага кандыдата Хрыстафора Жаляпава ды ягоных давераных асобаў. Нават на кірмашы, дзе віцебскія актывісты разышліся, каб паразмаўляць зь мясцовымі жыхарамі ды распаўсюдзіць незалежныя выданьні, функцыянэры ні на крок не адступаліся.

На стадыён, а потым на кірмаш разам з актывістамі пайшоў і старшыня акруговай выбарчай камісіі Пятро Верам’ёў. Ён толькі дзівіўся, што нехта, ды яшчэ зь Віцебску, змагаецца за тое, каб стаць дэпутатам райсавету — бо гэта дужа цяжкая праца, асабліва калі ў раённым бюджэце няма грошай:

Я быў старшынём райсавету шэсьць гадоў. Гэта ж трэба хадзіць па вуліцах, сустракацца зь людзьмі. Хто гэта хоча рабіць?
«Я быў старшынём райсавету шэсьць гадоў. Гэта ж трэба хадзіць па вуліцах, сустракацца зь людзьмі. Хто гэта хоча рабіць? А за кожным жа дэпутатам замацаваная вуліца, і зь яго спытаюць, ці там прыбрана! А бывае, што калодзежа няма, ці ваду прарвала, і ўсе — да дэпутата. І ён пачынае тэлефанаваць... Гэта ж колькі працы! І за яе ніхто ня плаціць. Толькі пяцёрку дадуць, калі на сэсію прыехаў, і ўсё».

Хрыстафор Жаляпаў гаворыць, што гатовы займацца такімі пытаньнямі, калі яго абяруць. Хаця больш верагоднай лічыць перамогу праўладнага суперніка, кіраўніка Віцебскай дыстанцыі чыгункі спадара Пахолкіна.

Аляксандар Мілінкевіч таксама ў перамогу дэмакратычнага кандыдата ня верыць. Але кажа, што самае каштоўнае падчас выбарчай кампаніі — гэта вось такія зносіны зь людзьмі. Таму ён не ўхваляе ідэю байкатаваць выбары: палітык пэўны, што звычайныя людзі мусяць сустракацца з прадстаўнікамі апазыцыі, знаходзіць зь імі агульную мову, і толькі так паміж імі можа ўсталявацца поўны давер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG