Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі апошні, пяты, дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Калі ён пройдзе ў тым жа тэмпе, што і папярэднія чатыры, то будзе зафіксаваны новы рэкорд датэрміновай яўкі выбарцаў.

За чатыры дні датэрміновага галасаваньня такой магчымасьцю скарысталіся 1.548.762 выбарцы. Гэта складае 22,1% ад агульнай іх колькасьці. Менавіта гэтыя лічбы назвалі сёньня «Свабодзе» у Цэнтравыбаркаме краіны. На мінулых мясцовых выбарах, які адбыліся ў студзені 2007 году, за тыя ж чатыры дні аналягічны паказьнік быў меншым — 18,8% усіх выбарцаў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адзначае:

Мікалай Лазавік
«У цэлым выбары ідуць спакойна, бязь яўных парушэньняў выбарчага заканадаўства. Адзначыў бы, што актыўнасьць выбарцаў даволі высокая. І, напэўна, гэта зьвязана з тым, што ў апошнія дні значна актывізавалася агітацыйная праца».

А вось праваабаронцы заяўляюць пра шматлікія парушэньні. Кіраўнік афіцыйна не зарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа: цэнтар сумесна зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам рэалізуюць спэцыяльную ініцыятыву «Праваабаронцы — за свабодныя выбары». Пад гэтай шыльдай і вядзецца маніторынг выбарчай кампаніі. Спадар Бяляцкі канстатуе:

Алесь Бяляцкі
«Схема прымусовага загону людзей галасаваць датэрмінова застаецца. З усёй краіны ідуць зьвесткі пра тое, што ў гар- і райвыканкамах створаны спэцыяльныя штабы. І там кіраўнікі ўстановаў і прадпрыемстваў кожную раніцу паведамляюць, колькі работнікаў у іх прагаласавала датэрмінова. Гэта азначае, што выканаўчая ўлада вельмі жорстка ставіцца да сытуацыі з выбарамі і гоніць людзей галасаваць гэтаксама, як і на папярэдніх выбарах.

Апазыцыйныя палітычныя партыі назіраюць за выбарамі, у тым ліку і за датэрміновым галасаваньнем, выключна кропкава. Так, старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае:

Анатоль Лябедзька
«Наша партыя як структура выйшла з гэтай палітычнай кампаніі. Але разам з тым кропкавае назіраньне намі ажыцьцяўляецца. Менавіта як маніторынг і як фіксацыя таго, што абсалютна нічога не зьмянілася параўнальна з папярэднімі кампаніямі.

Для гэтага мы выкарыстоўваем нашых чальцоў, якія ўваходзяць у выбарчыя камісіі. Адтуль мы іх не адклікалі. І яны ўжо зафіксавалі (напрыклад, Багданкевіч у Менску, Палякоў у Гомлі ды іншыя), што нават сябрам выбарчых камісіяў не даюць зьвестак пра тое, колькі людзей ужо прагаласавалі на тым ці іншым участку. І гэта вельмі грубае парушэньне.

А таксама вядзем кропкавае назіраньне за акругамі, дзе засталіся нашы кандыдаты. І яшчэ імкнемся фіксаваць рэальную яўку выбарцаў».

Канкрэтных прыкладаў прымусовага падштурхоўваньня да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні шмат. Апавядае адна са студэнтак Мазырскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Івана Шамякіна:

«Учора да мяне падышоў куратар і сказаў, што сёньня мы ідзем датэрмінова галасаваць. Я яму адказала, што датэрмінова гэтага рабіць ня буду. На што пачула адказ: у мяне будуць праблемы! Я спрабавала высьветліць: а хто даў такі загад? Бо мяркую, што не ад яго гэта паходзіць. Куратар адказаў, што ня можа сказаць, хто даў такі загад, але сказаў, што праблемы ў гэтай сувязі будуць.

Яшчэ ўчора па інтэрнаце ў нас бегала наша намесьніца па выхаваўчай працы й казала, каб усе ішлі галасаваць. Абавязкова!»
Франак Вячорка

Датэрмінова прагаласавалі й многія салдаты вайсковай часткі 48694, дзе служыў палітпрызыўнік Франак Вячорка — ён балятуецца кандыдатам у дэпутаты Мазырскага райсавету ў Станцыйнай акрузе № 25:

«Я размаўляў са сваімі саслужбоўцамі, пытаўся, як служба, як выбары? Расказалі, што ўчора а 3-й гадзіне дня іх пашыхтаваў зампаліт і сказаў: зараз усе дружна ідзем галасаваць! І яны ўсе прагаласавалі ў першы ж дзень датэрміновага галасаваньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG