Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: за два дні да фінішу


Belarus -- Empty stand for placement campaigning in local elections, 20mar2010

Belarus -- Empty stand for placement campaigning in local elections, 20mar2010

Да завяршэньня кампаніі па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў фактычна застаюцца два дні — субота і нядзеля. А ўжо ў панядзелак стануць вядомымі імёны больш за 20 тысяч абраньнікаў — ад сельскіх да абласных саветаў. З чым прыйшлі на самы фініш выбарчай кампаніі дэмакратычныя кандыдаты?


Сёньня ўжо можна дакладна казаць: першапачатковым амбіцыям апазыцыі не давядзецца спраўдзіцца. На самым пачатку выбарчай кампаніі яе лідэры зьбіраліся «закрыць» ня менш за 10% усіх акруг. А гэта значыць — прэтэндаваць на больш за дзьве тысячы мандатаў.

Пакуль жа можна казаць, што толькі прыкладна 500 вылучэнцаў застаюцца ў шэрагах. Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец называе канкрэтныя лічбы стратаў і тлумачыць, чаму так атрымалася:

Павал Севярынец
«Каля 300 чалавек разглядаліся як патэнцыйныя кандыдаты — такі намер быў напрыканцы мінулага году. 204 чалавекі падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. 173 дайшлі да перадачы дакумэнтаў з сабранымі подпісамі. Там прымушалі людзей забіраць заявы, не здаваць сабраныя подпісы і г. д. Некалькі чалавек з гэтых трох дзясяткаў не сабралі подпісы, і гэта ўжо наша віна. Але больш за 20 „згубленых“ чалавек — гэта вынік ціску.

І з 173 чалавек засталося толькі 82. Гэта тыя, каго зарэгістравалі».

Спадар Севярынец кажа: найбольш прычэпак было на этапе рэгістрацыі кандыдатаў:

«Некалькі нашых вылучэнцаў дапусьцілі сур’ёзныя памылкі і былі незарэгістраваныя з-за сваёй віны. Але ўсе астатнія, а гэта прыкладна 80 чалавек, былі незарэгістраваныя незаконна».

Анатоль Лябедзька
Пра сытуацыю з вылучэнцамі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, таксама на канкрэтных лічбах, распавядае яе старшыня Анатоль Лябедзька:

«Я магу назваць чатыры лічбы: 1000 — гэта наш патэнцыял. Столькі мы маглі б вылучыць на нармальных выбарах. Папярэдні сьпіс быў на 300 чалавек. Пайшлі на рэгістрацыю і прайшлі яе 100. А засталося ўсяго каля 30. Вось такі раскід паміж лічбамі — ад 1000 да 30 — сьведчыць пра поўны крызіс выбарчай сыстэмы. Яна ў нас фактычна савецкая».

Мікалай Лазавік
23 красавіка сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік сказаў Свабодзе:

«За тры дні датэрміновага галасаваньня ў рэспубліцы прагаласавалі 15% выбарцаў».

Гэта на 2,6% болей, чым было за тыя ж тры дні папярэдніх мясцовых выбараў у студзені 2007 году.
XS
SM
MD
LG