Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюлетэнь — участак — урна!


Так, панове, насамперад пакіньце ўсе летуценьні.


Аляксандар II


Канстанцін Чарнец
Вось нармальны красавік беларускі — хісткі ды халаджавы, нягледзячы на лагодную назву. Пры гэткім упадніцкім настроі атмасфэры найлепш сядзець у хаце ля абагравальніка, чуць, як вятрыскі й трывожныя навіны варушацца знадворку. Піць гарачую каву. Слухаць прэзыдэнта. Каб летуценьні канчаткова пазапаветраліся. А хіба былі якія? Хто йшоў на выбары зь няўхільным намерам перамагчы або загінуць, роўна Бакіеў-у-Менску? Усе аналітыкі разам з практыкамі далёказрочна ўзіраліся ў палітычны пазем, і ўсё на ім было ясна, буйна, бачна. Няма дзе схавацца. Нават кіраўнік дзяржавы перастаў мроіць: «Не рабіце выбары — заўтра ў мясцовыя саветы, пазаўтра прэзыдэнцкія — крытэрам нашых адносінаў з Эўропай. Гэтыя так званыя апазыцыянэры ня ведаюць, што з гэтай уладай потым рабіць». Адылі, і выбарцы зараз ня ведаюць, што рабіць з уласнай уладай абіраць. Той, хто не цікавіўся палітыкай, ня пойдзе галасаваць ад абыякавасьці. Тыя, хто цікавіліся — збольшага, верагодна, ня пойдуць ад ціхага адчаю.


У любым разе хадзіць на выбары — гэта як гуляць у напарсткі. Што б ты ні выбраў — ты лох ужо таму, што згадзіўся ў гэтым удзельнічаць


абагульняе й робіць радыкальны вырак isto4nik-zarazi.


Тую ж думку, толькі рахмана, выказвае твітэранін czyk:


...а ўвогуле раёнчык наш утульны і ціхі, і не зразумела, навошта нам гэны дэпутат, калі ўчастковы з жэсам і так усяму даюць рады.


Але хтосьці ж туды ідзе, ідзе, ідзе?.. Маўклівая большасьць, заўсёды нэўтральная (каб не казаць «ніякая», бо яна-ткі жаночага роду), што спакусілася на ўяўную нэўтральнасьць кандыдатаў? Сёлета модна балятавацца неангажавана — вось што аналізуе skalinkina ў сваім допісе «Назіраньне»:


На маёй акрузе галасаваць няма за каго. Быў маладафронтавец, ды зьняўся ў апошні момант. Гэта значыць, на выбары я не пайду. Але ўсё-ткі ў сувязі з выбарамі ў мясцовыя саветы маем цікавае назіраньне.


Кандыдаты ўлады ўсяляк спрабуюць дыстанцыявацца ад гэтай самай улады. Сяброўства ў «Белай Русі», БРСМ і да таго падобных арганізацыях на агітацыйных плякатах не пазначаюць, падтрымліваць палітыку прэзыдэнта ўжо не абяцаюць, агітацыйныя плякаты друкуюць не ў зялёна-чырвонай гаме, а ў нэўтральных тонах. Увогуле, адметная рыса гэтых выбараў — усё робіцца так, каб адразу кандыдата ўлады ня кожны мог распазнаць.


Спагадлівы камэнтатар раіў блогерцы галасаваць «супраць усіх», зацікаўліваў пэрспэктывай прыемна пашпацыраваць па вясновых вуліцах ды падыхаць сьвежаком, багатым на карысны кісларод.


Насамрэч, як жа зацікавіць панурых грамадзян, як падахвоціць іх на грамадзянскі крок да выбарчага ўчастку й назадкі? З афіцыйнымі адміністрацыямі ўсё ясна: будуць звычайныя сьціплыя фэсты для незаможных, штосьці таннае ў буфэтах... Хаця каму гэта патрэбна ў эпоху гіпэрмаркетаў?


А zhelezko нібыта проста так паведамляе пра вынаходлівыя спосабы стымуляваць выбарцаў у цудоўных, незразумелых Нідэрляндах:


Зьвяз уладальнікаў кофішопаў галяндзкага гораду Маастрыхт зьвярнуўся да сваіх сталых кліентаў зь незвычайнай прапановаю. У дзень выбараў у парлямэнт, 9 чэрвеня, усім рэгулярным спажыўцам канабісу будзе прапанаваная адна бясплатная цыгарэта з марыхуанаю, але толькі пры ўмове таго, што яны папярэдне прагаласуюць на выбарах.


Анягож! Адзіны пых — і сем бюлетэняў, і ўсё неба ў кандыдатах!


Маладзёны зацікавіцца. Яны й зараз жвавеюць без канабісу, адразу лёгкія на «хі-хі», калі вядзецца пра выбары. Адзін кажа, іншы з далёкага ўскрайку блогасфэры адгукнецца, трэцяя дадасьць нібы рэхам:


— Галасуйце за мяне, я буду добрым дэпутатам )


— Хахаха.. .ну я абавязкова за ця галасну, дэпутат:)...


— Ахаха:) мой тата шкадуе, што не балятаваўся сёлета ў дэпутаты... вось блін... стармазіў :(


Здаецца, выбары пачынаюць рабіцца чымсьці кшталту інтэрнэт-мэму. Калі дастаткова ўжыць умоўнае слоўца, каб выклікаць сьмех суразмоўцы. Добра сьмяецца той, хто сьмее сьмяяцца заўсёды.

XS
SM
MD
LG