Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мясцовым начальнікам ня веру. Хто б там ні быў”


Пасьлязаўтра ў Беларусі — асноўны дзень галасаваньня. Агітацыйная перадвыбарчая кампанія завяршаецца. Сёньня нашы карэспандэнты выйшлі разам зь вядомымі ў рэгіёнах кандыдатамі на вуліцы і паслухалі, што гавораць людзі пра выбары і пра палітыкаў, якія хочуць стаць дэпутатамі.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Ад мясцовых саветаў толку няма»

У Магілёве апазыцыйны кандыдат у дэпутаты аблсавету Аляксандар Сілкоў балятуецца па 37 цэнтральнай акрузе абласнога цэнтру. У яго адзіны канкурэнт — старшыня савету абласной арганізацыі вэтэранаў Анатоль Любчанка.

Аляксандар Сілкоў
Аляксандар Сілкоў: «Добры дзень, я кандыдат у дэпутаты па вашай выбарчай акрузе. Якія б да мяне былі пажаданьні як да кандыдата?»

Спадар: «Гэта трэба пачынаць зьнізу і ісьці паступова наверх. На першым месцы ў чалавека — ягонае жыцьцё, дабрабыт. На дадзены момант у нас заработная плата ня годная».

Сілкоў: «Вы павінны разумець, што дэпутат ня можа вам павысіць заробак. Я магу толькі зрабіць адно — калі буду выступаць у савеце, змагу ўзьняць пытаньне: «Чаму ў людзей такі заробак?»

Спадар: «У нас палітыка адна — нашага „бацькі“. І калі яна скончыцца, гэта пытаньне цяжкое».

Спадарыня: «Ад мясцовых саветаў толку няма».

Сілкоў: «А ці зьвярталіся вы па сваіх пытаньнях да дэпутатаў саветаў?»

Нам давялося зьвяртацца да дэпутатаў мясцовага савету. Ён нам не дапамог.
Спадарыня: «Нам давялося зьвяртацца да дэпутатаў мясцовага савету. Ён нам не дапамог. Мы ў прыватным сэктары жывём, і нам трэба ня нешта асабістае, а калектыўнае. Ад мясцовых саветаў карысьці няма».

Сілкоў: «Вы павінны зразумець, што ёсьць дэпутаты прызначаныя, а ёсьць абраныя. Тыя, каго прызначылі, яны ніколі ня ўздымуць вострае пытаньне перад гарадзкой выканаўчай уладай».

Спадарыня: «Усё адно ня веру. Мясцовым ня веру. Хто б там ні быў».

Сілкоў: «Як вы думаеце, ці ёсьць толк ад нашых дэпутатаў?»

Спадар: «Там кожны абраны стараецца абараніць ня толькі тых, хто яго выбраў, але й абараніць пэўную галіну, у якой ён працуе».

Сілкоў: «Я лічу, што ў мяне вялікія шанцы перамагчы. Людзі многія галасуюць. Вось я стану дэпутатам, што я ў першую чаргу мушу зрабіць?»

Спадар: «Трэба трымаць напрамак пэўны. Калі ў дзяржаве ёсьць сапраўды нейкія пытаньні, якія трэба вырашаць, і яны вырашаюцца, то трэба ў гэтым удзельнічаць. Быць згаворлівымі».

Сілкоў: «Вялікі дзякуй. Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць. Зьвяртайцеся да мяне незалежна ад вынікаў выбараў».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Гарадзенскі кандыдат Вадзім Саранчукоў: «15 гадоў нічога не зьмяняецца. І з гэтым трэба змагацца»

Вадізм Саранчукоў
Саранчукоў: «Добры дзень. Я Вадзім Саранчукоў, кандыдат у дэпутаты. Хацеў бы запытацца, чаго вы чакаеце ад новаабранай мясцовай улады, якія праблемы, на вашу думку, яна павінна вырашаць?»

Малады спадар: «Я наагул не галасую, бо ў нас толькі адна ўлада — Аляксандар Рыгоравіч...»

Саранчукоў: «Гэта самая вялікая праблема...»

Малады спадар: «Я нікому ня веру. Лепш за ўсё сабе. А якія праблемы? Ва ўсіх праблемы фінансавыя, і іх ніхто ня вырашыць, пакуль сам ня вырашыш».

Ягоная жонка дадае, што колькі ні абіраюць дэпутатаў, нічога не зьмяняецца ў краіне.

Спадарыня: «А вы як лічыце — зьмянілася што-небудзь у нас у краіне ці не?»

Саранчукоў: «Сапраўды, апошнія 15 гадоў нічога не зьмяняецца. Але з гэтым трэба нешта рабіць...»

Далучаецца сталая спадарыня і кажа пра набалелыя праблемы.

Спадарыня: «Вось з будаўніцтвам у нас зусім дрэнна, няякасна будуюць. Як было некалі цяп-ляп, так і надалей застаецца».

Саранчукоў: «Вы б хацелі, каб дэпутаты гэтым заняліся?»

Спадарыня: «Мне вельмі хацелася б...»

Спадар: «Самае галоўнае — кошты на ўсе харчы штучна завышаныя...»

Саранчукоў: «На жаль, гэта не праблема мясцовай улады...»

Спадар: «Ну чаму не? Паглядзіце, прывозяць з брэсцкага, менскага мясакамбінатаў прадукцыю — і кошты на 10-15% ніжэйшыя. Якасьць прадуктаў дрэнная: гарадзенскі мясакамбінат, хлебазавод, лікёра-гарэлачны завод, малочны камбінат. Малако ў фірмовыя крамы прывозяць збрыдшае, хлеб — чэрствы...».

Саранчукоў: «Безумоўна, кантроль за гэтым ляжыць на органах мясцовай улады, яна за гэта павінна адказваць...»

Адзін спадар папросту выказаў патрабаваньні наагул усім дэпутатам.

Спадар: «Паставіць пад кантроль грашовыя плыні, каб яны ішлі на карысьць дзяржавы. Зьвярнуць увагу на гістарычную і культурную адметнасьць гарадоў і вёсак, каб турысты, якія да нас прыяжджаюць, не казалі, што пабывалі ў розных гарадах, а яны аднолькавыя. І яшчэ трэба зьвярнуць увагу на адукацыю, каб падрастаючае пакаленьне расло беларускім і нацыянальная спадчына не была ў загоне. Ёсьць наагул вялікае поле дзейнасьці, трэба працаваць...»

Кандыдат Аляксандра Васілевіч: «За мяне тыя выбарцы, якія думаюць»

Аляксандра Васілевіч (справа) з маладой мамай-выбарцам.
У Горадні на Азёрскай шашы знаходзіцца інтэрнат ЦЭЦ-2, у якім участак для галасаваньня № 129 выбарчай акругі № 30 па выбарах дэпутата Гарадзенскага гарадзкога савету. Тут балятуецца прадстаўнік ад АГП Аляксандра Васілевіч.

Карэспандэнт: «За каго будуць галасаваць людзі на гэтым участку?»

Васілевіч: «Тут, напэўна, будуць галасаваць за свайго начальніка. Таму што звычайна ва ўсіх інтэрнатах праводзіцца сход і тлумачыцца — хто „правільны“ кандыдат. Адзінае, людзі, якія самі думаюць, ня так залежаць ад начальства, могуць яшчэ падумаць — за каго аддаць свой голас».

Карэспандэнт: «А вам не даводзілася размаўляць зь людзьмі тут, уступаць у спрэчкі?»

Васілевіч: «У спрэчкі — не, але ў мяне тут многа знаёмых жыве — не ў інтэрнаце, а ў пяціпавярховых дамах побач. Яны не залежаць ні ад кога, у іх такі пункт гледжаньня: з аднаго боку, і за мяне хочуць галасаваць, з другога — яшчэ раздумваюць. А хто жыве ў інтэрнаце, яны галасуюць у рэчышчы «лініі партыі».

Малады спадар: «Вы ведаеце, я ўвогуле буду галасаваць, напэўна, супраць усіх. Я ні за кога ня буду галасаваць, такая мая пазыцыя».

Спадарыня: «За беспрацоўную я ня буду ніколі галасаваць. Калі галасаваць, то за чалавека, які ў жыцьці чагосьці дасягнуў, штосьці можа рабіць. Калі галоўны інжынэр і беспрацоўная — то выбар які? Беспрацоўная — дзяўчына з Грамадзянскай партыі, чорным па белым напісана — беспрацоўная».

Пэнсіянэрка: «Таварышы, я, калі што, — за камуністаў, за савецкую ўладу! А чаго вы ўсьміхаецеся? Яна, савецкая ўлада, мне дала ўсё! Вучобу, жытло, працу. За Лукашэнку — дык я дзьвюма рукамі, калі дажыву. Я дачка парабка, я скончыла дзесяць клясаў, так што мы граматныя, таварышы. Усё, да пабачэньня!»

Карэспандэнт: «За прадстаўніка апазыцыйнай партыі вы б прагаласавалі ці не?»

Маладая мама з каляскай: «Мы мала ведаем прадстаўніка апазыцыйнай партыі, але я б прагаласавала, бо ўжо хочацца чагосьці навейшага, свабаднейшага, чагосьці, напэўна, іншага. Таму я б прагаласавала. У нядзелю пойдзем галасаваць. Канечне, усё трэба рабіць своечасова, ня трэба заранёў, мы ўсёй сям’ёю пойдзем у нядзелю. Трэба даваць маладым дарогу».

Спадар з інтэрнату: «Я буду галасаваць за тых, хто цяпер ля ўлады. Мяне ўсё задавальняе. Не за апазыцыянэраў, я ня ведаю іх. Каторыя ёсьць — хай будуць. Вайны няма, заробак плацяць, усё добра».

ВІЦЕБШЧЫНА


Абмежаваньні з боку дзяржавы на друкаваныя агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты змушаюць кандыдатаў часьцей сустракацца з выбарцамі на вуліцы.

Уладзімер Рамановіч
Актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч балятуецца ў Віцебскі гарсавет па Тэхналягічнай выбарчай акрузе № 9. На тэрыторыі гэтай акругі месьціцца тэхналягічны ўнівэрсытэт і некалькі інтэрнатаў.

Незалежны кандыдат ад пачатку датэрміновага галасаваньня назірае за выбарчым працэсам на ўчастку № 47 у галоўным корпусе навучальнай установы. А падчас перапынку мы разам зь ім падышлі да студэнцкіх інтэрнатаў, каб пацікавіцца меркаваньнямі маладых выбарцаў пра пэрспэктывы незалежнага кандыдата і ягонага суперніка, прарэктара тэхналягічнага ўнівэрсітэту Аляксея Шута.

Рамановіч: «Добры дзень, мяне зваць Уладзімер Рамановіч, я кандыдат у гарадзкі савет па гэтай акрузе. Скажыце калі ласка, ці пойдзеце вы на выбары?"

Хлопец: «На выбары пайду, бо я ўжо дасягнуў адпаведнага ўзросту і мяне хвалюе мая будучыня, будучыня маіх сяброў, блізкіх...»

Карэспандэнтка: «І ўжо ведаеце, за каго будзеце галасаваць?»

Хлопец: «За Рамановіча і буду».

Карэспандэнтка: «А ці ведаеце, хто ягоны канкурэнт?»

Хлопец: «Гэта Шут, наш прарэктар.... Ну, калі шчыра сказаць, то гэта і ўсё, што я пра яго ведаю!»

Карэспандэнтка: «Спадар Шут ужо не ўпершыню тут балятуецца?»

Рамановіч: «Так, ён тут балятаваўся ўжо двойчы ці тройчы. І зноў мае намер трапіць у гарсавет».

Карэспандэнтка: «Ці адчуваецца ў акрузе ягоная дэпутацкая праца?»

Хлопец: «Ёсьць шмат пытаньняў, але нічога ня робіцца. На тэрыторыі ўнівэру нават лавачак няма, каб прысесьці. І інтэрнэту няма на тэрыторыі ВНУ — калі што трэба студэнту, то даводзіцца бегаць на Маскоўскі праспэкт у пункт калектыўнага карыстаньня. І толькі так».

Дзяўчына: «За Рамановіча буду галасаваць! Ён малады. А маладыя — больш пэрспэктыўныя, у іх сьвяжэйшы пагляд на ўсё. Яны больш актыўныя, больш сіл, энэргіі...»

Карэспандэнтка: «А ці хопіць у Рамановіча сіл ды энэргіі, каб змагацца на выбарах з вашым прарэктарам?»

Дзяўчына: «Канечне, хопіць!»

Хлопец: «А я буду за Шута галасаваць. Таму што ведаем яго як добрага выкладчыка і чалавека».

Дзяўчына: «Таксама за Рамановіча! У маладых сіл болей. Ён самы малады. Актыўны. І гэтым я буду кіравацца падчас выбараў».

Рамановіч: «Я Ўладзімер Рамановіч, ваш кандыдат у гарадзкі савет. Скажыце, вы пойдзеце на выбары? Ці ўжо прагаласавалі?»

Дзяўчына: «Пойдзем. А за каго прагаласуем, яшчэ ня ведаем».

Хлопец: «Я пайду галасаваць роўна 25 красавіка. А што да праграмаў і поглядаў кандыдатаў, то мне бліжэйшыя вашы, Уладзімер. Так што і галасаваць, мусіць, буду за вас».

Карэспандэнтка: «Скажыце, калі ласка, раз у выбарах бярэ ўдзел прарэктар вашай ВНУ, то ці не адчуваецца нейкі ціск на студэнтаў?»

Хлопец: «Ведаеце, у мяне сябар стаў назіральнікам на выбарах. Дык ім пільна зацікавіўся дэканат. І я сам чуў размову выкладчыкаў: маўляў, ён засеў у апазыцыю і там яму грошы плацяць за назіраньне».

Карэспандэнтка: «А ці ёсьць, на вашую думку, у спадара Рамановіча шанец выйграць на выбарах?»

Хлопец: «Ня ведаю. Але думаю, што заўсёды ёсьць шанец».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Кандыдат Марыя Багдановіч: «Трэба працаваць па наказах выбарцаў»

Марыя Багдановіч
Гомельская актывістка партыі левых «Справядлівы сьвет» Марыя Багдановіч балятуецца ў дэпутаты гарадзкога савету ў Малайчукоўскай выбарчай акрузе № 5. Яна не зьняла сваю кандыдатуру, бо вылучалася на кандыдата шляхам збору подпісаў.

І зараз спадарыня Марыя не прапускае магчымасьці сустрэцца з выбарцамі, даведацца, што іх хвалюе.

А пытаньняў у гараджанаў да кандыдата нямала:

Спадар: «Вось у нас у падвале цякуць трубы. Што вы можаце зрабіць — як дэмакратычны кандыдат у дэпутаты?»

Марыя: «Калі мне пашчасьціць перамагчы на выбарах, я абавязкова наведаюся ў ваш дом, вывучу праблему й абавязкова зраблю дэпутацкі запыт гарадзкой камунальнай службе. Я спадзяюся, што гэтую праблему мы будзем вырашаць сумеснымі намаганьнямі.

Галоўная задача дэпутата — працаваць па наказах выбарцаў.
Наагул камунальныя пытаньні зараз выходзяць на першы плян. У горадзе шмат састарэлых дамоў, шмат дзе цякуць трубы й дахі. Я зьбіраюся ня даць сядзець склаўшы рукі работнікам камунальнай гаспадаркі».

Людзі пыталіся ў дэмакратычнага кандыдата й пра дзіцячыя пляцоўкі ў мікрараёне «Стары аэрадром».

Спадарыня: «Марыя, вось вы ідзяце ў дэпутаты гарсавету. У нас у мікрараёне не хапае дзіцячых пляцовак, кепскае асьвятленьне двароў. Чым вы можаце дапамагчы?»

Марыя: «Пра пытаньне з асьвятленьнем мне ўжо казалі пры сустрэчы. Я думаю, што вырашыць яго адносна нескладана. Што тычыцца дзіцячых пляцовак, то тут я павінна буду прайсьці па дварах і паглядзець, дзе пляцоўкі ёсьць, а дзе іх няма. І там, дзе няма, прайсьціся па кватэрах і, відаць, сабраць подпісы жыхароў, каб быў ня толькі мой запыт, але й заява жыхароў. Мы гэтую праблему вырашым абавязкова».

Дэмакратычны кандыдат мае намер займацца й шэрагам іншых гарадзкіх праблемаў:

Марыя: «Галоўная задача дэпутата — працаваць па наказах выбарцаў. У нас неяк пра гэта забываюць. Таксама я буду змагацца за вяртаньне ільготаў на праезд у гарадзкім транспарце для інвалідаў, школьнікаў і студэнтаў. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы такую працу ў Гомелі пачалі, і я мушу гэта працягнуць. І трэцяе: я абяцаю юрыдычную дапамогу тым працаўнікам, на якіх цісьне наймальнік».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG