Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарасу Сургану далі 9 сутак арышту


Тарас Сурган сёньня ў судзе.

Тарас Сурган сёньня ў судзе.

За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі судзьдзя Іна Грабоўская прысудзіла актывісту «Маладой Беларусі» арышт на 9 сутак. У ізалятары ўжо адбываюць арышты паплечнікі Тараса Сургана — Сяргей Каваленка і ягоны брат Віталь.


Суд разглядаў міліцэйскі пратакол, складзены на Тараса Сургана 20 красавіка — пасьля таго як ягоны сябар Сяргей Каваленка правёў акцыю з выкарыстаньнем бел-чырвона-белага сьцяга каля Кастрычніцкага райсуду.

Актывіст і не адмаўляў, што прыходзіў у суд падтрымаць Сяргея Каваленку, якога ў той дзень меліся судзіць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы, што разам зь іншымі крычаў «Жыве Беларусь!» і разам з Каваленкам стаяў пад сьцягам.

Аднак Тарас Сурган катэгарычна ня згодны з абвінавачаньнем у дробным хуліганстве, за якое на яго таксама склалі пратакол у дзень акцыі. Міліцыянты запісалі, нібыта ён і брат Сяргея Каваленкі Віталь спраўлялі патрэбу ў грамадзкім месцы.

Спадар Сурган заявіў хадайніцтва, каб судзьдзя зрабіла запыт на прагляд матэрыялаў, зьнятых камэрамі відэаназіраньня на будынку КДБ. Гэты будынак — суседні з тым, дзе яго і малодшага брата Сяргея Каваленкі Віталя затрымалі. Судзьдзя Іна Грабоўская адмовіла актывісту, аднак пазьней усё ж задаволіла такое самае хадайніцтва адваката Вячаслава Праскаловіча.

На хадайніцтва адваката таксама будзе запатрабаваны так званы «бартавы журнал» — пералік выклікаў супрацоўнікаў міліцыі на службовай машыне. Бо Тарас Сурган цьвердзіць, што за ім і Віталём Каваленкам міліцыянты хадзілі некалькі гадзін, першы чым затрымалі за тыя самыя патрэбы. Актывіст пэўны, што сачыць за імі пачалі яшчэ каля будынку суду і ўрэшце проста выдумалі нагоду для затрыманьня.

Працяг судовага разбору наконт дробнага хуліганства адбудзецца ўжо пасьля таго, як Тарас Сурган адседзіць «суткі». Адбываць арышт яго павезьлі адразу з суду. У ізалятары часовага ўтрыманьня, дзе адбываюць кароткатэрміновыя арышты, ужо знаходзяцца ягоныя паплечнікі. 21 красавіка судзьдзя Іна Грабоўская пакарала арыштамі Сяргея Каваленку — на 7 сутак, і ягонага брата Віталя — на 6 сутак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG