Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тарас Сурган: “Няма закону, які забараняе бел-чырвона-белы сьцяг!”


Тарас Сурган сёньня ў судзе.

Тарас Сурган сёньня ў судзе.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская разглядае справу актывіста «Маладой Беларусі» Тараса Сургана, якога вінавацяць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за дробнае хуліганства. Спадару Сургану пагражае грашовы штраф альбо арышт да 15 сутак.


Падзеі, якія разглядае суд, адбыліся 20 красавіка. На Тараса Сургана склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі з выкарыстаньнем бел-чырвона-белага сьцяга, якую зладзіў каля Кастрычніцкага райсуду ягоны сябар, актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Апрача гэтага, Тараса Сургана вінавацяць у дробным хуліганстве — за тое, што ён нібыта спраўляў патрэбу ў грамадзкім месцы.

Што да апошняга абвінавачаньня, то Тарас Сурган усё катэгарычна абвяргае. Ён адразу заявіў хадайніцтва, каб судзьдзя зрабіла запыт на прагляд матэрыялаў, зьнятых камэрамі відэаназіраньня на будынку КДБ. Гэты будынак — суседні з тым, дзе яго і малодшага брата Сяргея Каваленкі Віталя затрымалі за тыя самыя «натуральныя патрэбы».

З КДБ па факце дробнага хуліганства нам нічога не дадуць.
Судзьдзя такі запыт рабіць адмовілася: маўляў, «з КДБ па факце дробнага хуліганства нам нічога не дадуць». А сьведкі-міліцыянты, якія праводзілі затрыманьне актывістаў, цьвердзілі, што відэаматэрыялы нічога не пакажуць, і пераконвалі судзьдзю ў немэтазгоднасьці прагляду. Урэшце судзьдзя адхіліла хадайніцтва падсуднага.

Сьведчылі міліцыянты і пра ўдзел актывіста ў несанкцыянаванай акцыі. Аднак гэтага Тарас Сурган і не адмаўляў. Ён прызнаў, што 20 красавіка прыйшоў у Кастрычніцкі райсуд падтрымаць Сяргея Каваленку, якога ў той дзень меліся судзіць за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы, што разам зь іншымі крычаў «Жыве Беларусь!» і разам з Каваленкам стаяў пад сьцягам:

«Я прыйшоў у суд, каб падтрымаць майго сябра Сяргея Каваленку. Ён узьняў сьцяг, я стаяў побач і крычаў „Жыве Беларусь!“ Дзе ў нас закон, які забараняе бел-чырвона-белы сьцяг? Гэта наш гістарычны сьцяг, шаноўны суд!»

Судзьдзя Іна Грабоўская прызнала вокліч «Жыве Беларусь!» палітычным лёзунгам, як і на папярэдніх працэсах, калі пакарала арыштамі Сяргея Каваленку — на 7 сутак, і ягонага брата Віталя — на 6 сутак.

Калі Тараса Сургана прызнаюць вінаватым, то яго чакаюць больш сур’ёзныя наступствы, чымсьці ягоных паплечнікаў. З 2 лютага ён знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам — з улікам ягонага крымінальнага мінулага і неаднаразовых адміністрацыйных пакараньняў за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

За правапарушэньні падчас прэвэнтыўнага нагляду прадугледжана асобнае пакараньне — ад папярэджаньня да абмежаваньня волі на працяглы тэрмін.
XS
SM
MD
LG