Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Рыгоравіч мяне прымае як прэзыдэнта”


Курманбек Бакіеў падчас прэсавай канфэрэнцыі.
Курманбек Бакіеў падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Курманбек Бакіеў заявіў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прымае яго як прэзыдэнта Кіргізстану.


На вуліцы і ў будынку Нацыянальнага прэс-цэнтру былі зробленыя захады бясьпекі. У журналістаў правяралі рэчы і абшуквалі мэталашукальнікамі, паўсюль былі прадстаўнікі спэцслужбаў. Супрацоўнік аховы прэзыдэнта папярэдзіў журналістаў, што ўсялякія пасяганьні на Бакіева будуць расцэньвацца як тэрарыстычныя дзеяньні. Журналістам забаранілі рухацца падчас прэс-канфэрэнцыі і даставаць нешта з сумак. Спадар Бакіеў быў прадстаўлены як прэзыдэнт і выступаў на фоне сьцяга Кіргізстану. На прэсавую канфэрэнцыю адвялі адну гадзіну. Найперш далі магчымасьць задаць пытаньні прадстаўнікам дзяржаўных мэдыяў. Спадар Бакіеў заявіў, што не прызнае сваю адстаўку, але не зьбіраецца вяртацца ў якасьці прэзыдэнта ў Кіргізстан. Таксама ён заявіў, што не зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку і фармаваць урад у выгнаньні і што пакуль ня вызначыўся, колькі часу будзе заставацца ў Беларусі.

«Аляксандар Рыгоравіч мяне прымае як прэзыдэнта. Я яму вельмі за гэта ўдзячны».

Спадар Бакіеў абвясьціў сябе легітымным прэзыдэнтам, але ці азначае гэта, што ён будзе выконваць абавязкі гаранта канстытуцыі Кіргізстану зь Менску? Адказваючы на гэтае пытаньне карэспандэнта «Свабоды», зрынуты прэзыдэнт сказаў:

«Я гатовы гэта рабіць, і таму я кажу, што зраблю ўсё, каб нармалізаваць становішча ў краіне і ўвайсьці ў прававое рэчышча ўсім, хто сёньня ў Кіргізстане лічыць сябе ў пэўнай ступені ўладай. Не зьбіраюся я вяртацца прэзыдэнтам, але выкарыстоўваць, бо іншых легітымных органаў фактычна няма. А як інакш уваходзіць у прававое поле? Я прапаную свае паслугі для гэтага. І праводзьце рэфэрэндум, канстытуцыйную рэформу, рабіце краіну парлямэнцкай. Але выкарыстоўвайце мае паўнамоцтвы для таго, каб нармалізаваць сытуацыю. Толькі з гэтай мэтай, але ня з мэтай вяртаньня ў якасьці прэзыдэнта».

Курманбек Бакіеў сказаў, што чацьвёрты дзень знаходзіцца ў Менску, аднак ніхто зь лідэраў краін-удзельніц АДКБ яму дагэтуль не патэлефанаваў.

Хоць бы адзін калега выйшаў, сказаў — ну што там?
«Хоць бы адзін калега выйшаў, сказаў — ну што там? Хоць бы на сувязь, хаця б голас пачуць. Не. Я думаю, што такое бязьдзеяньне сяброў АДКБ ні да чога добрага не прывядзе. Я хачу яшчэ раз выказаць вялікую ўдзячнасьць прэзыдэнту Беларусі».

Курманбек Бакіеў сказаў, што ў Кіргізстане адбыўся дзяржаўны пераварот, аднак у спэцслужбаў не было ніякай інфармацыі, што рыхтуецца «ўзброены захоп». Ён заявіў, што напісаў заяву аб сваёй адстаўцы «пры такіх абставінах, калі ня мог іначай паступіць». Ён не выключае, што за падзеямі ў Кіргізстане стаіць Расея. Маўляў, ён быў у шоку, калі Расея ўвяла мыта на гаруча-змазачныя матэрыялы, што «моцна ўдарыла па эканоміцы Кіргізстану». Таксама ён адзначыў, што расейскае кіраўніцтва «раздражняла» знаходжаньне ваеннай амэрыканскай базы ў Кіргізстане і што краіна «вядзе самастойную зьнешнюю палітыку».

«Я прама так не кажу, што гэта справа спэцслужбаў Расеі. Трэба стварыць міжнародную камісію, якая б разабралася з гэтым. Але чамусьці дагэтуль ніякай рэакцыі. Трэба ўвесьці ў Бішкек міратворчыя сілы ААН, інакш парадку там ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG