Кангрэс ЗША распачаў расьсьледаваньне кантрактаў паставак паліва на амэрыканскую вайсковую авіябазу ў кіргіскім горадзе Манас. У чацьвер пачалося паседжаньне спэцыяльнага кангрэсавага камітэту пад назвай "Крызіс у Кіргізстане: кантракты, паліва і рэвалюцыя на шляху паставак у Аўганістан".
Панэль экспэртаў заявіла на першым слуханьні ў Кангрэсе, што Пэнтагон удзельнічаў у карупцыйных схемах з кіргіскімі элітамі для захаваньня авіябазы ў гэтай краіне. Кіргіскія ўрадоўцы нібыта атрымлівалі дзясяткі мільёнаў даляраў праз карупцыйныя схемы паставак на авіябазу.
Амэрыканская вайсковая база ў Манасе служыць як перавалачны пункт для войскаў і грузаў, што накіроўваюцца ў Аўганістан.
Тым часам праваахоўчыя органы Кіргізстану наклалі арышт на маёмасьць сына зрынутага прэзыдэнта краіны Курманбека Бакіева.