Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску будуць судзіць Тараса Сургана


Тарас Сурган
Тарас Сурган

20 красавіка на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якую зладзіў каля Кастрычніцкага райсуду сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Апрача гэтага, Сургана вінавацяць у дробным хуліганстве.


Тараса Сургана разам з братам Сяргея Каваленкі, Віталём, затрымалі ў той самы дзень 20 красавіка. Прычына затрыманьня, паводле актывіста, была несапраўдная: абодвух затрымалі й завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС нібыта за тое, што яны спраўлялі патрэбу ў грамадзкім месцы.

Ужо ў пастарунку на абодвух склалі і другі пратакол — за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

21 красавіка Сяргей Каваленка за акцыю каля Кастрычніцкага райсуду, дзе меўся пачацца разгляд ягонай крымінальнай справы за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой навагодняй ёлцы, атрымаў адміністрацыйнае пакараньне — арышт на 7 сутак.

На 6 сутак арыштаваны Віталь Каваленка — за падтрымку старэйшага брата. Абодва браты адбываюць пакараньне ў віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Тарасу Сургану, які з асабістых прычын не зьявіўся на судовае пасяджэньне 21 красавіка, прызначаны суд на 14 гадзін сёньня.

Калі суд прызнае яго вінаватым, Тараса Сургана чакаюць больш сур’ёзныя наступствы, чымсьці ягоных паплечнікаў. З 2-га лютага ён знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам — з улікам ягонага крымінальнага мінулага і неаднаразовых адміністрацыйных пакараньняў за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

За правапарушэньні падчас прэвэнтыўнага нагляду прадугледжана асобнае пакараньне — ад папярэджаньня да абмежаваньня волі на працяглы тэрмін.
XS
SM
MD
LG