Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-вэнэсуэльская "Санта Барбара"


Да Адэскага порту падплывае танкер Seastar, які вязе першую партыю вэнэсуэльскай нафты для Беларусі. У порце судна чакаюць 24 красавіка а 12-й гадзіне.

Танкер выйшаў з Вэнэсуэлы 2 красавіка пад сьцягам Мальты. Гатунак нафты называецца "Санта Барбара". Першая партыя нафты – 80 тысяч тонаў. Дыспэтчар Адэскага порту патлумачыў, чаму мяняецца дата прыбыцьця судна:

"Гэта такая інфармацыя, якая мае асаблівасьць мяняцца. І ўмовы надвор'я, і пераадоленьне Басфору – гэта ўсё ўплывае. Гэта чыста навігацыя".

Паводле начальніка нафтараёну Адэскага порту Вячаслава Феакцістава, пасьля прыбыцьця танкера будзе разглядацца пытаньне яго пастаноўкі да прычалу. А для гэтага трэба, каб былі свабодныя ёмістасьці і свабодныя прычалы:

"Каб паставіць яго да прычалаў, патрэбна наяўнасьць на нафтабазе свабодных ёмістасьцяў. І сродкамі судна ўключаюць помпу і пачынаюць выгружаць на бераг, у берагавыя ёмістасьці. А потым у чыгуначныя вагоны. Звычайна на ўвесь танкер не хапае, і яго часткова выгружаюць. Спатрэбіцца каля шасьці сутак – трое сутак, каб выгрузіць з танкера, і трое сутак, каб пагрузіць на вагоны".
Спатрэбіцца каля шасьці сутак – трое сутак, каб выгрузіць з танкера, і трое сутак, каб пагрузіць на вагон

Нафту з Адэсы плянуюць везьці цягніком на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, і для гэтага спатрэбіцца каля 25 саставаў. Паводле дамовы, да канца году плянуецца паставіць у Беларусь каля 4 мільёнаў тон вэнэсуэльскай нафты.

Кантракт быў падпісаны падчас апошняга візыту А.Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. Асноўныя выдаткі пры пастаўках – кошт фрахту, перагружэньне ў порце і асабліва транзыт і транспартаваньне нафты па чыгунцы.

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначыў, што дастаўка нафты з Вэнэсуэлы будзе каштаваць таньней, чым з Адэсы ў Беларусь:

"Усё будзе залежаць ад таго, па якой цане вэнэсуэльскія прадпрыемствы будуць адпускаць гэтую нафту для Беларусі, для гэтага сумеснага беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства, якое яшчэ павінна быць створана. Калі захоча Чавэс дапамагчы Беларусі, як Кубе, як іншым антыамэрыканскім рэжымам і будзе адпускаць нафту ніжэй за сабекошт, тады і тут нешта будуць зарабляць. Але тады гэта будзе дапамога Вэнэсуэлы".
Калі цана насамрэч будзе біржавая, цэны будуць як на сусьветным рынку, то тады ўлічваючы адсталасьць тэхналёгій на нашых НПЗ, гэта праект непрыбытковы

Аляксандар Лукашэнка загадаў ураду пачаць перамовы з Украінай аб далучэньні Беларусі да праекту нафтаправоду "Адэса-Броды". Аднак пакуль гэты нафтаправод, які злучаецца з нафтаправодам "Дружба", працуе ў такім рэжыме, які дазваляе пампаваць расейскую нафту з Бродаў у Адэсу. А.Лукашэнка запатрабаваў рушыць наперад у лягістыцы паставак нафты з Вэнэсуэлы і да канца году выйсьці на дастаўку вэнэсуэльскай нафты з партоў (у тым ліку краінаў Балтыі) па трубаправодах на беларускія НПЗ.

"Надзявайце боты гумавыя і пачынайце", – загадаў Лукашэнка. Паводле Л.Злотнікава, нават па трубаправодах дастаўка нафты будзе дарагая – дадаткова на тону нафты пойдзе 15-20 даляраў:

"Калі цана насамрэч будзе біржавая, цэны будуць, як на сусьветным рынку, то тады, улічваючы адсталасьць тэхналёгій на нашых НПЗ, гэта праект непрыбытковы".

У Адэскім порце не валодаюць інфармацыяй, ці будуць сустракаць танкер прадстаўнікі афіцыйнага Менску. Пакуль няма інфармацыі, калі адправіцца наступны танкер з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG