Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чарнобыльскую гадавіну частка апазыцыйных лідэраў разьяжджаецца


"Чарнобыльскі шлях-2010" будзе выключна жалобным мерапрыемствам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з чорнымі стужкамі. У такім фармаце заплянавалі акцыю яе арганізатары. Яны выказаліся супраць выкарыстаньня партыйнай сымболікі. Многія партыйныя лідэры ня будуць удзельнічаць у менскай акцыі. Як яны будуць адзначаць 24-ю гадавіну чарнобыльскай катастрофы?

Адзін з арганізатараў "Чарнобыльскага шляху-2010" лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч заявіў, што не пацерпіць на акцыі выступу анархістаў ці сьцягоў сэксуальных меншасьцяў.
Зьміцер Дашкевіч

"На вялікі жаль, цягам апошніх гадоў на "Чарнобыльскі шлях" прыходзяць дзеля таго, каб паказаць сваю сэксуальную арыентацыю ці каб пабіць у барабаны, запаліць файеры і г.д. "Чарнобыльскі шлях" – гэта жалобнае мерапрыемства, і мы заклікаем усіх людзей, якія хочуць прыйсьці на акцыю, прытрымлівацца гэткага фармату мерапрыемства – зь бел-чырвона-белымі сьцягамі з чорнымі стужкамі".

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька сёлета ня будзе ўдзельнічаць у менскай акцыі. Ён патлумачыў "Свабодзе":
Анатоль Лябедзька

"26 красавіка я асабіста буду знаходзіцца ў чарнобыльскай зоне. У нас заплянавана паездка па рэгіёнах, сустрэчы зь людзьмі. З такой паездкі ты зможаш прывезьці матэрыял, які атрымаеш непасрэдна ад людзей. Так што "Чарнобыльскі шлях" у мяне будзе, але па чарнобыльскай зоне".

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама разам з актывам партыі паедзе ў Гомельскі рэгіён:
Аляксей Янукевіч

"Едзем у чарнобыльскую зону. Едзем ужо ў суботу і 26-га будзем там. Прывязем жыхарам нейкія харчовыя прадукты. Будзем парадкаваць камяні, якія стаяць, як помнікі выселеным вёскам".

Віктар Івашкевіч некалькі гадоў запар быў арганізатарам "Чарнобыльскага шляху". Сёлета ён не ўвайшоў у аргкамітэт, але на акцыю прыйдзе:

"Апошнія 3 гады апазыцыя не змагла сфармуляваць яснай пазыцыі на чарнобыльскую тэму. Галоўнае пытаньне ўзьнялася наконт будаўніцтва АЭС, і меркаваньні ў апазыцыі падзяліліся.
Віктар Івашкевіч

У сувязі з тым, што не было адзінага пасланьня, то й даносіць не было чаго. Рабіць з "Чарнобыльскага шляху" Радаўніцу на магілах чарнобыльцаў можна, але гэта можна рабіць тады, калі пытаньне вырашана – калі ёсьць кантроль за харчаваньнем, калі адселены тэрыторыі, калі дзеці атрымліваюць вітаміны і выконваюцца адпаведныя праграмы за паводзінамі радыёнуклідаў і г.д."

Каардынатар "Эўрапейскай кааліцыі" Мікола Статкевіч зазначыў, што акцыя будзе адбывацца на другі дзень пасьля выбараў у мясцовыя саветы, і таму трэба быць разам:

"Калі мы спынім праводзіць "Чарнобыльскі шлях", то тэма гэтая ўладамі падымацца ня будзе, і рабіцца больш нічога ня будзе.
Мікола Статкевіч

Калі мы паедзем недзе па вёсках, калі ніхто з улады ад гэтага не занэрвуецца, то ўлада будзе сябе паводзіць, нібыта Чарнобылю ў нас няма. Гэта першая прычына.

Другая – у нас у краіне за дзень да правядзеньня "Чарнобыльскага шляху" адбываюцца нібыта выбары. Людзі, якія пайшлі на гэтыя выбары і атрымалі калясальны эмацыйны стрэс, павінны мець магчымасьці прыйсьці да сваіх".

26 красавіка а 6-й вечара ўдзельнікі "Чарнобыльскага шляху-2010" зьбяруцца каля прэзыдыюму Акадэміі навук. Адтуль яны пройдуць жалобнай калёнай вуліцай Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. Там ускладуць кветкі і запаляць сьвечкі за тых, хто загінуў ад наступстваў катастрофы. Акцыя скончыцца сумеснай малітвай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG