Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпоха скончылася, Ленін — застаўся


Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
Помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

22 красавіка споўнілася 140 год з дня нараджэньня арганізатара бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расеі Ўладзімера Ўльянава (Леніна). З гэтай нагоды актывісты вэтэранскіх арганізацый, як і ў папярэднія гады, сёньня ішлі з кветкамі да помнікаў камуністычнаму правадыру ў Менску і некаторых іншых гарадах краіны. Беларусь па-ранейшаму застаецца краінай найбольшай ляяльнасьці да асобы Леніна і ягоных помнікаў.


Помнік на плошчы Незалежнасьці ў Менску, а таксама яшчэ шэсьць у абласных цэнтрах прызнаныя творамі мастацтва і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Помнікі Леніну ў іншых гарадах — на ўтрыманьні мясцовых адміністрацый з адпаведным стаўленьнем чыноўнікаў і жыхароў. У Глыбокім помнік Леніну займеў слыннасьць ня толькі сярод жыхароў гораду, паведаміў мясцовы краязнаўца Уладзімер Скрабатун:

«Быў у нас бэтонны помнік, але яму некалькі разоў галаву адкручвалі і кідалі ў прыбіральню. Яе даставалі, прыклейвалі, а пасьля прыбралі помнік і паставілі новы, які цяпер стаіць — як у штаны наклаўшы: ногі ў розныя бакі, рукі ў кішэнях. І калі прыяжджаюць нейкія замежныя госьці, турысты, то яны бягуць і фатаграфуюцца на тле гэтага помніка, асабліва палякі».

Помнік Леніну ў Глыбокім.
Масавае ўсталяваньне помнікаў Леніну ў Беларусі адбывалася ў 50-70-я гады мінулага стагодзьдзя. Іх абавязкова меў кожны раённы цэнтар і буйны горад. Падчас перабудовы састарэлыя і малапрывабныя манумэнты Ільлічу чыноўнікі раённага маштабу ціха прыбіралі, як, да прыкладу, у Клецку ці Мар’інай Горцы. Альбо пераносілі з цэнтральных плошчаў у менш заўважныя месцы, як гэта адбылося ў Нясьвіжы, кажа актывіст партыі БНФ Сяржук Семянюк:

«Леніна паставілі ў нас перад ратушай яшчэ за савецкім часам. А калі пачалі рэстаўрацыю плошчы, то атрымалася, што перад старажытнай ратушай стаіць Ленін. Улады доўга думалі і перанесьлі мэтраў на сто — паміж двума дамамі ў нейкія кусты, дзе яго амаль не відаць. А калі ўсталёўвалі ў новым месцы, то ногі ў помніка разьехаліся, і каля яго зараз небясьпечна стаяць».

Процілеглыя выпадкі — калі ў Любанскім раёне мясцовыя вэтэраны перашкодзілі дэмантаваць помнік Леніну, а састарэлы манумэнт у Буда-Кашалёўскім раёне нават сьмяротна параніў чалавека, але пазьней быў адноўлены. Застаецца помнік Леніну і на плошчы Незалежнасьці ў Менску, хоць на пачатку 90-х ішлі вострыя дыскусіі пра яго дэмантаж. Што наконт гэтага думаюць менчукі сёньня, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:
Астаповіч: Я катэгарычна супраць дэмантажу помніка Леніну перад Домам ураду.


Карэспандэнтка: «Ці патрэбны помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці ў Менску?»

Спадарыня: «А мне ўсё роўна. Але ж гэта постаць гістарычная, то няхай будзе».

Юнак: «Ну, няхай памятаюць Леніна — ён усё ж нашу гісторыю рабіў».

Спадарыня: «Канечне, ён вельмі неадназначная асоба і выклікае шмат нараканьняў і абмеркаваньняў. Але я лічу, што ня варта чапаць — няхай стаіць, калі ўжо пастаўлены».

Юнак: «Я думаю, што так, канечне».

Юначка: «Каб людзі пра яго памяталі, што ён казаў: вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца».

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч мяркуе, што да вырашэньня лёсу так званай беларускай ленініяны трэба падыходзіць абачліва і пісьменна:

«У нашых умовах і ў нашым грамадзтве гэта досыць складанае пытаньне. Магчыма, спачатку неабходна праводзіць інфармацыйную кампанію, а пасьля распачынаць дэмантаж. Але я супраць зьнішчэньня гэтых помнікаў, а за стварэньне парку-музэю савецкай скульптуры пад адкрытым небам, што было б цудоўна. Я таксама катэгарычна супраць дэмантажу помніка Леніну перад Домам ураду. Бо гэта будавалася як цудоўны архітэктурны ансамбль у стылі канструктывізму, і проста дэмантаваць помнік Леніну нельга».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG