Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Вось што мне падумалася амаль адразу, калі я прачытаў кісла-грэблівыя словы Дзьмітрыя Мядзьведзева аб "прыёме на пастаяннае месца жыхарства людзей, якія згубілі працу". Прэзыдэнт Расеі выказаў іх у адрас Менску пасьля таго, як паабяцаў у Харкаве прэзыдэнту Украіны Віктару Януковічу салідную скідку на расейскі газ.

Ну й няхай! Ня трэба зайздросьціць украінцам, а рабіць свае, беларускія высновы.

То бок, няхай украінцы і далей жывуць у катэджах — яны таго заслужылі. Януковіч жа пацьвердзіў, што расейская мова ніколі ня будзе
...народу з такім дасягненьнем дарога хутчэй не ў катэджы, а ў зямлянкі.
дзяржаўнай у ягонай краіне. А Лукашэнка? Каторы ўжо раз — ці ня шэсьцьдзесят сёмы за сваё даволі-такі кароткае прэзыдэнцтва? — ён пацьвердзіў, што расейска-трасянкавы білінгвізм у Беларусі зьяўляецца велічэзным культурным дасягненьнем беларускага народу. Зразумела, што народу з такім дасягненьнем дарога хутчэй не ў катэджы, а ў зямлянкі.

"Я не магу дазволіць сабе прыніжаць уласны народ. У зямлянкі пойдзем, але выжывем!" Гэтак было сказана прэзыдэнтам Беларусі два дні таму, у кантэксьце таго самага клятага расейскага газу. Да першай часткі гэтага выказваньня ў мяне няма вялікіх засьцярогаў. Беларускі народ ужо настолькі прыніжаны апошнім пятнаццацігодзьдзем, што цяжка прыдумаць нешта новае, каб прынізіць яго яшчэ болей. А вось наконт зямлянак — дык у маёй галаве віруюць сякія-такія парушынкі сумневу.

Я, зразумела, усёй душой за зямлянкі і за паўнамаштабны антыкрамлёўскі партызанскі рух у Беларусі.

Але ці падымецца ён? Ці народ, як прэзыдэнт каля сваёй рэзыдэнцыі ў Драздах, стане таксама капаць зямлянкі, хто на дачы, а хто проста на агародзе ў аграгарадку?

Мне прыгадваецца партызанскі рух і зямлянкі ў лесе каля маёй роднай вёскі Ляхі, што на Беласточчыне. Гэта было амаль семдзесят
Ці народ, як прэзыдэнт каля сваёй рэзыдэнцыі ў Драздах, стане таксама капаць зямлянкі?
гадоў таму. Ямы пасьля тых зямлянак засталіся там да сёньняшняга дня, хоць яны ўжо добра заплылі пяском і зарасьлі новым лесам. У тых зямлянках жыло штук шэсьць-сем савецкіх партызанаў (савецкіх акружэнцаў і мясцовых беларусаў-падляшукоў з КПЗБ), якія за ўсю вайну не застрэлілі ні аднаго немца, але затое добра аблапошылі мясцовых людзей зь ежы, вопраткі і самагонкі.

Гэтых партызанаў ці не ў самы апошні дзень акупацыі пастралялі немцы, калі яны, зь цяжкога перапою, узяліся страляць са сваіх вінтовак па нямецкай танкетцы. А потым немцы спалілі дашчэнту маю родную вёску ў акце помсты за тое, што яе жыхары тры бітыя гады дазвалялі рабаваць сябе зь ежы, вопраткі і самагонкі.

Я прыгадаў гэтае тут не таму, каб яшчэ раз насыпаць солі на хвост саветам. Не. Хай ужо зь імі чорт у пекле разьбіраецца. Мяне проста зацікавіла такая гіпатэтычная сытуацыя — ад каго новыя беларускія партызаны будуць браць ежу, вопратку і самагонку, калі пойдуць у антыкрамлёўскія зямлянкі? Гэта ж немцаў у Беларусь трэба запрашаць, каб яны наладзілі сякую-такую вытворчасьць вышэй памянёных тавараў і прадуктаў, ці як?

Няўжо мае рацыю Альгерд Бахарэвіч, які, будучы некалі ў Празе, горача выказваўся за тое, каб сёньняшнія беларусы масава вывучалі нямецкую мову?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG