Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 красавіка ў менскім клюбе "Рэактар" адбудзецца дабрачынны канцэрт "Добры Фэст", сродкі ад якога пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў з Чэрвеньскага дома-інтэрнату. Арганізатары канцэрту – грамадзкая культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!", гурт IQ48, дабрачынны фонд "Добра тут".


У імпрэзе возьмуць удзел папулярныя беларускія музыкі: гурты "IQ48", "Neuro Dubel", "B:N", "Зьмяя", "Палац". Для лідэра Neuro Dubel Аляксандра Кулінковіча дабрачынныя канцэрты – звычайная справа:

"Мы выступалі ў дапамогу дзецям, хворым на СНІД, выступалі ў падтрымку дзіцячага хосьпісу, проста для дзіцячых дамоў – некалькі разоў на год такія канцэрты бываюць. І зьбіраем нядрэнныя грошы. Вось для дзіцячага хосьпісу мы сабралі 10 мільёнаў рублёў. Дзеці – гэта ж самая неабароненая частка насельніцтва. Тым больш дзеці, якія кінутыя. Іх больш за ўсіх шкада".

Лідэр гурту "Палац" Алег Хаменка таксама ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў дабрачынных акцыях. Ён перакананы:

"Проста гэта важна – яшчэ раз нагадаць: ёсьць дзеці, якім нялёгка, ёсьць выхавацельніцы, якія працуюць па сутнасьці гераічна і за капейкі. Па вялікім рахунку, тут нават і ня тыя грошы, хаця грошы таксама важна, гэта падстава яшчэ раз засяродзіць увагу, што побач з намі людзі, якім нестае проста ўвагі. Увогуле, калі мы пазыцыянуем нашу краіну як сацыяльна арыентаваную, дабрачынных акцыяў павінна быць багата. Запрашаем усіх спрычыніцца да гэтай акцыі".
Аляксандар Кулінковіч

Музыкі перакананыя, што такія канцэрты – самая ўдалая форма дабрачыннасьці, бо нават калі ў чалавека і ёсьць памкненьне – адгукнуцца на чужую бяду, дапамагчы матэрыяльна – сам мэханізм, пералічэньня грошай не заўсёды просты. Аляксандар Кулінковіч працягвае:

"Вось ён бы і дапамог, ён бы і зрабіў нешта добрае. Але палезьці ў кішэню за гаманцом, а часьцяком пайсьці на пошту, запоўніць нейкія блянкі – ну, нязручна яму, лянота. А чалавек прыйшоў на канцэрт, папіў піва, паскакаў, паслухаў любімую музыку – і адначасова зрабіў добрую справу, заняўся дабрачыннасьцю. Тое самае, у прынцыпе, і мы, музыкі. Мы займаемся сваёй любімай справай, мы любім публіку. Мы сыгралі і дапамаглі даволі вялікай колькасьці людзей".

Кожны, хто зьбіраецца на канцэрт, зможа дапамагчы яшчэ і падарункамі: прынесьці цацкі, каляровыя алоўкі, флямастэры, фарбы, альбомы для маляваньня ды іншыя патрэбныя дзецям дробязі. Ды і кошты квіткоў сымбалічныя: ад 20 да 40 тысяч рублёў, каб на канцэрт магло прыйсьці як мага больш людзей.
XS
SM
MD
LG