Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Месца помнікам Леніну – у музэі гісторыі"


Сёньня – гадавіна народзінаў Леніна. За савецкім часам дату ягонага нараджэньня ў савецкіх рэспубліках адзначалі зь вялікай помпай. З кожным годам павялічвалася колькасьць помнікаў Леніну, якія ўсталёўвалі ў абласных гарадах і раённых цэнтрах. У Беларусі яны захаваліся да гэтага часу.

У цэнтры Менску стаіць самы вядомы помнік Леніну. Плошчу Леніна пераназвалі ў плошчу Незалежнасьці, але помнік пакінулі, і цяпер за ім сочаць ахоўнікі Дома ўраду. У 1969 годзе менавіта з-за гэтага помніка тагачасны студэнт другога курсу інстытуту замежных моваў Уладзімер Колас упершыню сутыкнуўся са сьледчымі КДБ.

Старшыня Рады інтэлігенцыі і дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас прыгадаў тую гісторыю:

"Гэта было напярэдадні кастрычніцкага сьвята. Я займаўся тады самадзейнасьцю і чакаў сваіх сяброў каля помніка. Мы рэпэтавалі ў БДУ. Не было чаго рабіць. Я залез на трыбуну, дастаў рулетку і пачаў мераць гэтыя пліты. Адразу ж выйшлі нейкія людзі ў цывільным, загадалі ісьці за імі.

Уладзімер Колас
Завялі мяне ў камэндатуру. Там капітан міліцыі праверыў мой партфэль, а ў ім былі сшыткі са спражэньнем дзеясловаў у слупок і скрыначкі з правадамі, дзе ляжалі й мікрафоны.

Калі ён убачыў гэта, то, відаць, убачыў адразу на сваіх пагонах на дзьве зоркі болей і выклікаў сьледчага па асабліва важных справах КДБ. Той мяне пачаў дапытваць.

Але скончылася гэта даволі міла, бо калі мяне вялі, адна дзяўчына гэта бачыла, а сярод маіх сяброў, зь якімі мы рэпэтавалі, быў Саша Міронаў, сын пісьменьніка Міронава, які езьдзіў на выступленьні ў КДБ і меў там нейкія кантакты.

Ён патэлефанаваў нейкаму генэралу, сказаў, што мяне ведае, пасьмяяліся – і на гэтым усё. Але потым па горадзе пайшлі чуткі, што напярэдадні кастрычніцкага сьвята нейкія ворагі спрабуюць у розных месцах узрываць помнікі Леніну".

У сувэрэннай Беларусі помнікі Леніну не руйнавалі паводле палітычных прычынаў, але некаторыя зьнесьлі, бо яны мелі ўжо вельмі непрывабны від, а грошай на іх рэканструкцыю не было.

Іншая справа была ў савецкія часы. За гэтымі помнікамі пільна сачылі, і пры неабходнасьці замянялі дэталі, якія псаваліся ад надвор'я ці фабрычнага браку. Былі адпаведныя майстэрні, дзе былі ўжо гатовыя галовы, рукі і г.д.

Дагэтуль у народзе ходзяць байкі пра тое, як у адным раённым цэнтры пасьля рэканструкцыі 22 красавіка ўрачыста адчынілі помнік. І толькі празь некалькі хвілінаў заўважылі, што ў Леніна традыцыйна на галаве кепка, а яшчэ адна ў руцэ.

Цяперашнія помнікі ў маленькіх гарадах амаль не рамантуюць. У Глуску помнік Леніну зьнесьлі ў 2004 годзе пасьля таго, як ад яго адвалілася рука. Жыхар Глуску Ігар Кірын прыгадаў тыя падзеі:

"Правая рука Леніна адваліся з-за таго, што гіпс ня вытрымаў часу, дый сам помнік пачаў рассыпацца. Прыйшла масьленіца. Перад помнікам паставілі слуп, на якім былі прызы, зрабілі сцэну для самадзейнасьці, а Ленін без рукі стаіць. Тады пашылі вялікі чорны мех і апранулі на помнік. Унізе напісалі: "Рэканструкцыя".

Празь нейкі час яго паднялі кранам, і тут ён разваліўся – нібыта выбухнуў".

Сябры "Маладога фронту" ў рамках кампаніі "Камунізм пад трыбунал" зьбіралі подпісы за адмену назваў вуліц у гонар дзеячаў камуністычнай партыі, а таксама за знос помнікаў галоўнаму камуністу.

Іх паплечнік Юрась Казак быў пакараны вялікім штрафам паводле крымінальнай справы за аблітага фарбай Леніна ў Наваградку. Гэта пры тым, што помнік сапсаваўся, і гарадзкія ўлады перад 7 лістапада ўсталявалі ў кутку плошчы толькі тое, што ад яго засталося – галаву.

У Чавусах пэрыядычна ў працягнутай руцэ Ленін трымае пустую бутэльку з-пад гарэлкі.

Шмат помнікаў, зробленых у чалавечы рост, выглядаюць камічна і выклікаюць усьмешкі камандзіровачных, бо мясцовыя да іх даўно прызвычаіліся.

Але грамадзкай дыскусіі наконт патрэбы ў помніках Леніну ў Беларусі не было.

Павал Севярынец
Гаворыць сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Павал Севярынец:

"Ленін разбураецца. Развальваюцца помнікі – па кавалках адвальваюцца вушы, насы, галовы ў каменных ідалаў. Развальваецца сьвядомасьць, закладзеная Леніным і ягонымі прыхільнікамі. Развальваецца камуністычная спадчына – бязбожная і чалавеканенавісьніцкая.

Месца гэтым помнікам у музэі гісторыі. Месца ж асобе Леніна ў шэрагу самых страшных злачынцаў гісторыі – Гітлера, Чынгісхана, Івана Жахлівага ды да іх падобных. У Беларусі дагэтуль няма помнікаў сынам і дочкам, якія будавалі краіну, тым, хто стварае гонар і славу нашай гісторыі".

Помнікі Леніну мясцовыя ўлады падчас вясновых суботнікаў (якія раней называліся ленінскімі) падфарбоўваюць ці паціху зносяць, а плошчы пераназываюць у гонар славутых землякоў. Назіральнікі лічаць, што такім чынам можа адпасьці неабходнасьць у дыскусіі, і сытуацыя вырашыцца зь цягам часу.
XS
SM
MD
LG