Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны кандыдат судзіцца з выбарчай камісіяй


Уладзімер Целяпун

Уладзімер Целяпун

Кандыдат у дэпутаты аблсавету, сябра Партыі БНФ Уладзімер Целяпун з Мазыра зьвярнуўся ў раённы суд з пазовам да камісіі Палескай выбарчай акругі № 43 і дырэктара дзяржаўнага паліграфічнага прадпрыемства «Калёр» Сяргея Дылюка. Яны адмаўляюцца друкаваць перадвыбарчыя ўлёткі кандыдата ад апазыцыі.

«Ужо другі дзень, — апавёў Уладзімер Целяпун, — ідзе датэрміновае галасаваньне, а мае перадвыбарчыя ўлёткі яшчэ не надрукавалі. Прычыну адмовы ніхто не называе. Толькі дырэктар „Калёру“ сам на сам патлумачыў, што друкаваць іх ня будзе. У афіцыйным жа адказе — спаслаўся на загружанасьць друкарні».

Кандыдат, натуральна, зьвяртаўся ў акруговую, абласную камісіі, у Цэнтрвыбаркам. Аднак там разводзяць рукамі: маўляў, ня можам паўплываць на дырэктара паліграфічнага прадпрыемства.

Давераная асоба Целепуна, былы палітпрызыўнік і сам кандыдат у дэпутаты Мазырскага райсавета Франак Вячорка так камэнтуе валакіту:

«Мясцовыя ўлады не ўспрымаюць ніякай крытыкі на свой адрас. Яны проста баяцца праўды. „Калёр“ і мне затрымліваў выпуск перадвыбарчых матэрыялаў».

Мясцовыя ўлады не ўспрымаюць ніякай крытыкі на свой адрас. Яны проста баяцца праўды.
Ляйтматывам выбарчай кампаніі 54-гадовага кандыдата ў дэпутаты Гомельскага аблсавету ад Партыі БНФ сталі чатыры простыя словы «Ня бойся! Не прыніжайся!» Уладзімір Целепун у сваёй перадвыбарчай праграме патрабуе вярнуць Мазыру статус радыяцыйнай тэрыторыі з аднаўленьнем усіх льготаў, спыніць неабгрунтаваныя паборы з прадпрыемстваў на будаўніцтва дарагіх спартовых палацаў, на ўладкаваньне пампэзных сьвятаў-дажынак і накіраваць гэтыя сродкі на рамонт дамоў і ўшчэнт разьбітых вуліц у мікрараёнах Чыгуначны, Кастрычніцкі, Зарэчны.

Целяпун пытаецца ў выбарцаў: «Ці не надакучыла вам, жыхарам ускраін, разам зь дзецьмі выходзіць з пад’ездаў, з аўтобусаў проста ў лужыны, у гразь, а ў гарачыню — глытаць пыл?» І далей: «Вашы праблемы не вырашаюцца. А людзі, якія спрабуюць дамагацца справядлівасьці, зьведваюць на сабе абсурдны ціск з боку чыноўнікаў».

Тым часам яны ўжо, як піша кандыдат ад БНФ, «дабраліся да дзяцей». Увесь раён «брудны» ад радыяцыі, а Мазыр стаў «стэрыльна чыстай зонай», і дзяцей пазбавілі бясплатных абедаў у дзіцячых садках і школах. Аднак ніхто з прызначаных зьверху дэпутатаў не пратэставаў супраць адмены сацыяльных і чарнобыльскіх ільготаў.

На думку апазыцыйнага кандыдата, «прызначаны дэпутат, як сланечнік: тварам павернуты да таго, хто яго прызначыў, а да нас, выбарцаў, — іншай часткай цела».

Уладзімер перакананы, што «трэба, каб сярод дэпутатаў былі людзі, якія ня зьвязаныя з чыноўніцкімі й дырэктарскімі пасадамі». У такім разе яны змогуць адкрыта абараняць правы выбарцаў. Бо ўлада — гэта ня каста богаабраных, а проста «група наёмных службоўцаў, якіх народ за свае падаткі наняў на працу».

«Яны сьмелыя, — лічыць кандыдат Целяпун, — пакуль мы ляжым тварам у глебу. Як толькі мы падымаем галаву, яны пачынаюць нэрвавацца. Яны баяцца любога вольнага чалавека».
XS
SM
MD
LG