Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мэтай Бакіева ёсьць не вяртаньне да ўлады, а абарона сваіх капіталаў"


Вядомы расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі адказвае на пытаньні Радыё Свабода, зьвязаныя са знаходжаньнем зрынутага прэзыдэнта Курманбэка Бакіева ў Менску і ягоным заклікам не прызнаваць новых ўладаў.







Дракахруст: Як вы ацэньваеце гэтае запрашэньне Бакіеву з боку Лукашэнкі, выступ Бакіева? Як, на ваш погляд, і якім чынам гэты
крок беларускага кіраўніка адаб'ецца на беларуска-расейскіх адносінах?

Бялкоўскі
: Пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах да Бакіева і яго сям'і вызначаецца ня толькі салідарнасьцю двух кіраўнікоў дзяржаваў і спачуваньнем дзеючага беларускага прэзыдэнта да зрынутага кіргіскага калегі. Я мяркую, што супрацоўніцтва паміж Лукашэнкам і Бакіевым пачалося ўжо некалькі месяцаў таму, і яно мела пэўнае ўзаемадзеяньне ў эканамічных і фінансавых сфэрах, у тым ліку – інвэстыцыі капіталаў, акумуляваных сям'ёй Бакіева за час яго знаходжаньня пры ўладзе, у беларускую эканоміку. Вядома, што капіталы сям’і Бакіевых знаходзяцца ў латыскіх банках, а некаторыя латыскія банкіры, што маюць дачыненьне да кіраваньня гэтымі фінансамі, маюць пэўныя адносіны з кіраўніком Беларусі.

Таму дружба Лукашэнкі з Бакіевым пачалася яшчэ за некаторы час да перавароту, і зараз працягвае напаўняцца на цьвёрдай фінансава-эканамічнай падставе, асабліва з улікам таго, што бясьпечна сям'я Бакіевых можа адчуваць сябе толькі ў Беларусі, а гэта, у сваю чаргу, пашырае магчымасьці Аляксандра Лукашэнкі па прыцягненьні сямейных інвэстыцыяў Бакіевых у свае праекты незалежна ад іх эканамічнай эфэктыўнасьці. Безумоўна, як пазыцыя Лукашэнкі, так і заявы Бакіева ў Менску не паляпшаюць адносіны Беларусі і Расеі, але гэтыя адносіны за апошнія гады сапсаваныя нагэтулькі, а ўспрыманьне Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве і ў Крамлі зьяўляецца нагэтулькі нэгатыўным, што гэты выпадак з кіргіскім кіраўніцтвам ужо не адаб'ецца на адносінах якасна. Можа яны пагоршацца на нейкія долі адсоткі, але нічога прынцыпова новага ў фармат і характар расейска-беларускіх адносінаў ужо не ўнясуць.

Дракахруст: А што калі Менск зробіцца штаб-кватэрай кіргіскага рэваншу? Што калі выступы Бакіева выклічуць дэстабілізацыю ў Кіргізстане, якія тады будуць адносіны Масквы да Лукашэнкі?

Бялкоўскі: Я мяркую, што такога буйнамаштабнага кіргіскага рэваншу ня будзе. Мэтай Бакіева ёсьць не вяртаньне да ўлады ў Бішкеку, а абарона капіталаў сваёй сям'і і блізкіх да яго людзей. Нягледзячы на тое, што значная частка яго сваякоў, уключаючы сыноў, знаходзіцца зараз у Беларусі, і праз гэта ў адноснай бясьпецы, браты Курманбэка Бакіева па-ранейшаму знаходзяцца ў Кіргізстане, і на іх арганізаванае паляваньне. Некаторыя блізкія паплечнікі зрынутага прэзыдэнта знаходзяцца ў руках новага рэжыму, у прыватнасьці, блізкі да Бакіева чалавек, былы кіраўнік сакратарыяту прэзыдэнта Кіргізстану Аксана Малёваная, якая прабыла некалькі дзён ў СІЗА, і знаходзіцца зараз пад хатнім арыштам. І мэта Бакіева – шляхам стварэньня пэўнага ціску на новую ўладу ў Бішкеку, менавіта вырашыць праблему бясьпекі сваіх сваякоў і сваіх капіталаў.

Рэванш таксама немагчымы таму, што Бакіеў не гатовы ісьці да канца і ня мае для гэтага дастатковых рэсурсаў, у першую чаргу, рэсурсу падтрымкі кіргіскага народу. Калі ж Бакіеў паспрабуе вярнуцца да ўлады ў Кіргізстане, то гэта выклікае нэгатыўную рэакцыю, бо на працягу паўгоду, што папярэднічаў чарговай рэвалюцыі ў Бішкеку, адносіны паміж Крамлём і бакіеўскім клянам сур'ёзна сапсаваліся, у першую чаргу таму, што Крэмль лічыў Бакіева цэлага шэрагу абавязкаў у эканамічнай і бізнэс сфэрах. І, вядома ж, гэта паглыбіць супярэчнасьці паміж Масквой і Менскам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG