Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэйшаму Каваленку — 7 сутак арышту, малодшаму — 6 сутак і штраф


Браты Каваленкі — Cяргей (зь сьцягам) і Віталь (леваруч ад яго)

Браты Каваленкі — Cяргей (зь сьцягам) і Віталь (леваруч ад яго)

Кастрычніцкі райсуд Віцебску прысудзіў сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку 7 сутак арышту за арганізацыю і правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Удзельнікам быў прызнаны і малодшы брат актывіста — Віталь Каваленка, якому прысуджаныя 6 сутак арышту і штраф за дробнае хуліганства.

На двух судовых працэсах, якія прайшлі ў Кастрычніцкім раённым судзе адзін за адным, судзьдзя Іна Грабоўская разьбірала падзеі ўчорашняга дня. Учора каля 11-й гадзіны віцебскі актывіст Сяргей Каваленка ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг перад гэтым самым судом, дзе меўся адбывацца разгляд ягонай крымінальнай справы за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой навагодняй ёлцы.

Суд па крымінальнай справе быў адкладзены, і супраць Сяргея Каваленкі распачалі новую, адміністрацыйную справу — за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Яе і разглядаў сёньня суд.

Паводле прысутнага на судзе праваабаронцы Паўла Левінава і адваката Пятра Каваленкі, разгляд справы ягонага фамільята Сяргея праходзіў з парушэньнямі. У прыватнасьці, быў парушаны артыкул 6 Адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу: судзьдзя ня выдаліла сьведак на пачатку пасяджэньня, і яны сядзелі ў залі, слухаючы тлумачэньні падсуднага.

Таму паказаньні першых трох сьведак-міліцыянтаў, якія прызналі факт парушэньня, судзьдзя Інна Грабоўская была вымушана ня ўлічваць. І абвінаваціла Сяргея Каваленку, прыняўшы да ўвагі паказаньні адзінага сьведкі ды міліцэйскія пратаколы.

Зрэшты, удзелу ў акцыі Сяргей Каваленка не адмаўляў. Але падкрэсьліў, што вінаватым сябе ня лічыць:
Каб усе гэтыя міліцыянты, судзьдзі прывыкалі да нашага бел-чырвона-белага сьцяга ...

“Я толькі выказваў свае перакананьні і агітаваў за бел-чырвона-белы сьцяг. Каб усе гэтыя міліцыянты, судзьдзі прывыкалі да нашага бел-чырвона-белага сьцяга. І калі яны будуць мне жыцьцё псаваць, каб ведалі, што і ў суд, і да іх у кабінэт магу прыйсьці са сьцягам. Каб яны не маглі схавацца ад нашага сьцяга!”

Судзьдзя вынесла пастанову: 7 сутак арышту Сяргею Каваленку. На гэта актывіст адрэагаваў так:

“Мне не прывыкаць адбываць суткі. Мне што дарогу перайсьці, што суткі адседзець!”

У адрозьненьне ад Сяргея, які выходзіў са сьцягамі і быў за гэта пакараны неаднойчы, ягоны малодшы брат Віталь Каваленка ўчора ўпершыню ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі, а сёньня ўпершыню трапіў у суд. Прычым на яго склалі адразу два пратаколы: за ўдзел у той самай несанкцыянаванай акцыі і за дробнае хуліганства — нібыта ён спраўляў патрэбу ў грамадзкім месцы:

Віталь Каваленка
“Я падзяляю перакананьні, погляды свайго брата. Лічу, што бел-чырвона-белы сьцяг гістарычны, я яго люблю, мне гэты сьцяг падабаецца. Таму я не адмаўляю, што браў удзел у акцыі. Але нязгодны з тым, што мяне вінавацяць, нібыта я спраўляў патрэбу ў грамадзкім месцы. Думаю, тут адно з другім зьвязана: праходзіла акцыя, і мяне спрабуюць скампрамэтаваць, хаця нічога падобнага не было, усё хлусьня і мана!”

Пасьля таго як Віталю Каваленку таксама прысудзілі арышт на 6 сутак, ды яшчэ на дадатак штраф за хуліганства, бо судзьдзя грунтавалася выключна на паказаньнях сьведак-міліцыянтаў, маці братоў, спадарыня Лідзія, не змагла стрымаць абурэньня:

“Вы бачыце, што яны робяць? З гэтага будуць цяпер зьдзекавацца! Нікуды не пайду, няхай і мяне саджаюць! Што ж гэта такое? Як нячэсна гэтыя суды йдуць… Усе вы тут згаварыліся, міліцыя непраўдзівыя паказаньні дае! Усё хлусьня! Мала таго, што са старэйшага зьдзекуюцца, дык і за меншага ўзяліся! Гэта ня суд, а самасуд! Самасуд! Вы злачынцы тут, вось вы хто!”

Лідзія Каваленка ня хоча, каб было відаць заплаканыя вочы.
Міліцыянты, якія дзяжурылі ў судзе, сталі пагражаць Лідзіі Каваленцы, што складуць пратакол за хуліганства і на яе, аднак зрабіць гэта ніхто не адважыўся. Маці двух асуджаных актывістаў пайшла дадому.

Тарас Сурган, сябар Сяргея Каваленкі, якога таксама меліся сёньня судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, на працэс не зьявіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG