Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імем закону", а ня "імем рэвалюцыі"


 Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Дваццаць адрозьненьняў паміж пасланьнямі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Аляксандра Лукашэнкі прадставілі сёньня кіраўнікі АГП на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі.


Яны прапануюць уладам Беларусі стварыць антыкрызісную групу, якая зоймецца пераходам ад цэнтралізаванай плянавай эканомікі да рынкавай.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька і яго намесьнік Яраслаў Раманчук адзначаюць: гэтая прапанова — рэакцыя на ўчорашняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Апазыцыйныя лідэры вітаюць заявы з пасланьня кіраўніка дзяржавы пра неабходнасьць лібэралізацыі эканомікі, павелічэньне канкурэнтнасьці, інвэстыцыяў, абмежаваньне манаполіяў. Але ніякага мэханізму, як гэтыя пажаданьні рэалізаваць, Аляксандар Лукашэнка не прапанаваў,— лічыць Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
"Інтэлектуальны патэнцыял ураду вельмі нізкі. Многія людзі, якія там рыхтуюць такія дакумэнты, болей думаюць пра свае пасады, чым пра тое, што трэба казаць праўду, прапаноўваць канкрэтныя мэханізмы. Таму, калі спадар Лукашэнка кажа, што праграма на наступныя пяць гадоў павінна быць прынцыпова новай, без шаблёнаў, то менавіта пасланьне АГП (наша антыкрызісная праграма) і зьяўляецца нешаблённым, інавацыйным падыходам, які шукае беларуская ўлада. І мы гатовыя сядаць зь ёй за стол перамоваў і шукаць разам нетрадыцыйнае інавацыйнае бачаньне нашай краіны".

Што тычыцца адрозьненьняў паміж двума пасланьнямі, то самае галоўнае зь іх фармулюецца так: АГП —"эканамічныя рэформы і стварэньне інстытутаў дэмакратыі і рынку"; Лукашэнка — "захаваньне аўтарытарнай дзяржавы і цэнтралізаванай плянавай эканомікі". А ўчорашнія абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі падпісаць Дэкрэт № 4, з дапамогай якога нібыта можна правесьці лібэралізацыю, Яраслаў Раманчук ацэньвае наступным чынам:
Дэкрэтам эканоміку не пабудуеш. Яе трэба ствараць законамі ...

"Дэкрэтам эканоміку не пабудуеш. Яе трэба ствараць законамі. Я не лічыў, колькі разоў дакладна ўчора спадар Лукашэнка ўжываў выраз "імем рэвалюцыі", але дакладна не аднойчы. Але я не лічу такі падыход, нават калі б ён распаўсюджваўся на бюракратыю, вэртыкаль, карупцыянэраў, правільным. Яго трэба зьмяніць на той, які існуе ў рынкавых, дэмакратычных, сучасных краінах — "імем закону". Вось такія дзьве супрацьлеглыя рэчы, якія бачныя, калі параўноўваць наша пасланьне з пасланьнем Аляксандра Лукашэнкі".

На палітычных аспэктах двух пасланьняў спыніўся Анатоль Лябедзька. Камэнтуючы ўчорашнія выказваньні кіраўніка беларускай дзяржавы, ён заўважыў:

"Я думаю, што пасьля гэтых заяў мы можам гаварыць зь вялікай доляй верагоднасьці, што Лукашэнка ўсё ж страціў манаполію на расейскі вэктар. І гэта дае пэўны шанец палітычнай апазыцыі Беларусі".
XS
SM
MD
LG