Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя аглядальнікі: “Як доўга Бакіеў прабудзе ў Менску?”



Камэнтуючы ўчорашнюю заяву беларускага кіраўніка аб прытулку для экс-прэзыдэнта Кіргізстану і ягонай сям’і ў Менску, амэрыканскае выданьне The New York Times прагназуе: цяперашняя прысутнасьць Бакіева ў Беларусі можа садзейнічаць яшчэ большай ізаляцыі Беларусі і яе аўтарытарнага прэзыдэнта Лукашэнкі, які нярэдка ідзе на супрацьстаяньне з Захадам і суседняй Расеяй. Рашэньне Лукашэнкі выглядае як выпад супраць Расеі, якая адыграла прынамсі частковую ролю ў тым, каб падрыхтаваць глебу для зьвяржэньня Бакіева. Акрамя таго, сам факт наданьня прытулку можа істотна пашкодзіць дачыненьням паміж Беларусьсю і Кіргізстанам.

Як піша аглядальнік выданьня Марк Швірц, у гэтай сувязі тэрмін знаходжаньня ў Беларусі зрынутага кіргіскага прэзыдэнта застаецца няясным.

Аляксандар Лукашэнка — адзіны прэзыдэнт на постсавецкай прасторы, які адкрыта стаў на бок Курманбека Бакіева і, па сутнасьці, ухваліў яго загад, аддадзены 8 красавіка — страляць па дэманстрантах. Гэты загад абышоўся ў 80 чалавечых жыцьцяў, піша нямецкае выданьне Südwest Presse. Акрамя таго, у Менску выказваюць падазрэньні, што за зьвяржэньнем Бакіева стаяць расейскія спэцслужбы.

У той час як ад самога Бакіева, які цяпер знаходзіцца ў Менску, не сыходзіць рэальнай небясьпекі, а пераходны кіргіскі ўрад запэўнівае, што падзеі трымаюцца пад кантролем, сытуацыя ў краіне па-ранейшаму застаецца напружанай. Як адзначае Südwest Presse, “Кіргістанам кіруе хаос”. І прававыя нормы, і гандаль, і гэтак далей — усё гэта па-ранейшаму дыктуе вуліца.

У сваю чаргу, намесьнік старшыні часовага ўраду Кіргізстану, міністар фінансаў Тэмір Сарыеў зьвярнуўся сёньня праз СМІ да экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева з заклікам “паўплываць на сваіх прыхільнікаў і спыніць беспарадкі”.

Паводле Сарыева, рашэньне Лукашэнкі аб прытулку для Бакіева — гэта выбар беларускага кіраўніцтва. “Сапраўды, Бакіеў заняў пасаду прэзыдэнта народнымі намаганьнямі. Але ён зрабіў шэраг сур'ёзных хібаў: пачаў усталёўваць аўтарытарны рэжым, садзейнічаў разьвіцьцю карупцыі, нарэшце, загадаў страляць у людзей", — заявіў намесьнік старшыні часовага ўраду.

Як лічыць Сарыеў, Курманбек Бакіеў павінен зрабіць высакародны ўчынак: зьвярнуцца да сваіх сваякоў і прыхільнікаў, каб тыя спынілі распальваньне хаосу і беспарадкаў на поўдні і поўначы краіны. "У любым выпадку часовы ўрад будзе ўсталёўваць згоду на падставе шырокай падтрымкі насельніцтва", адзначыў Тэмір Сарыеў.

Між тым сытуацыя ў рэгіёне надалей застаецца напружанай.

Як падае Voice of America, прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў, які знаходзіцца ў Маскве з афіцыйным візытам, заявіў, што “цяперашнія падзеі ў Кіргізстане ўяўляюць небясьпеку для ўсіх суседніх краін”.
XS
SM
MD
LG