Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Арлоў сустрэўся з чытачамі ў Горадні


Начным цягніком з 20 на 21 красавіка пісьменьнік Уладзімер Арлоў пакінуў Горадню, дзе ў яго адбыліся дзьве сустрэчы з чытачамі, адна зь якіх — у Новым каралеўскім замку над Нёманам. Менавіта там адбыўся некалі вядомы “маўклівы сойм” і Рэч Паспалітая перастала існаваць. Пісьменьніка цікавяць тагачасныя падзеі і ёсьць думкі напісаць твор пра апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, прызнаўся ён.


Уладзімір Арлоў прывёз гарадзенцам новае выданьне кнігі “Імёны Свабоды”, эсэ зь якой гучалі на хвалях Радыё Свабода. Аўтар зачытаў тэксты пра трох гарадзенцаў — Цэлястына Цэханоўскага — цывільнага начальніка Горадні у час паўстаньня 1863 году, пра вядомага пісьменьніка Аляксея Карпюка і пра паэта Андрэя Пяткевіча, які вучыўся ў Гарадзенскім унівэрсытэце, а памёр на роднай Наваградчыне маладым у 1995 годзе.

Пісьменьнік таксама распавёў пра паездку ў Гданьск, дзе ён стаў першым “Эўрапейскім паэтам свабоды”. У.Арлоў прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць аб ахвярах самалёту прэзыдэнта Польшчы, які разьбіўся пад Смаленскам. Ён сказаў, што на борце былі некалькі чалавек, зь якімі ён пазнаёміўся напярэдадні ў Гданьску.

Пытаньняў было няшмат, але, напрыклад, прафэсар Аляксей Пяткевіч пацікавіўся меркаваньнем Уладзіміра Арлова аб тым, ці можна спадзявацца, што хтосьці з беларускіх пісьменьнікаў напіша кнігу, па важнасьці роўную “Крыжакам” Генрыка Сянкевіча? Госьць ня даў канкрэтнага адказу, але сказаў, што такую кнігу мог бы напэўна напісаць Кастусь Тарасаў, які, на жаль, нядаўна памёр.

Уладзімір Арлоў падпісвае кнігі гарадзенцам

Пісьменьнік з прафэсарам Аляксеем Пяткевічам (зьлева)

XS
SM
MD
LG