Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбіткі пальцаў — рэчавы доказ ці адмычка?


Ад 21 красавіка ўступаюць у дзеяньне зьмены ў закон "Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі", паводле якіх адбіткі пальцаў мусяць зьбіраць ва ўсіх ваеннаабавязаных. Закон прадугледжвае таксама іншыя зьмены, якія адаб'юцца на розных сфэрах жыцьця.


Як патлумачылі напярэдадні ў МУС, пашыраная дактыляскапічная рэгістрацыя "дазволіць выкарыстоўваць інфармацыю ня толькі для барацьбы са злачыннасьцю, але і ў іншых галінах: у банкаўскім сэктары, сацыяльнай сфэры, транспарце і камунікацыях, мэдыцыне, кантролі фізычнага доступу да базаў дадзеных". Больш пэўна патлумачыць, як цяпер будуць выкарыстоўваць "пальчыкі" міліцыянты, чыноўнікі ў пагонах не бяруцца. У МУС кажуць, што пэўныя праекты яшчэ распрацоўваюць у зацікаўленых установах, таму казаць пра гэта рана.
Сяргей Парсюкевіч

Былому маёру міліцыі зь Віцебску Сяргею Парсюкевічу давялося працаваць у аддзеле, які займаўся і зборам адбіткаў пальцаў:

"Я працаваў на гэтай сыстэме непасрэдна. Яна дастаткова эфэктыўная, шмат злачынстваў гэтак раскрывалася. Такім чынам, як сродак барацьбы са злачыннасьцю гэта эфэктыўная сыстэма, але як яе можна выкарыстоўваць па-іншаму, у звычайным штодзённым жыцьці — не ўяўляю. Прыкладам, як у мэдыцыне гэта могуць выкарыстаць? Ці ў банкаўскім сэктары? Тэарэтычна, можа, і магчыма, але на практыцы поўнае глупства. Сэнс жа ў чым? Што можна выкарыстаць пальчыкі там, дзе трэба вызначыць асобу. Нават без наяўнасьці дакумэнтаў. Таму ня бачу, каб недзе, акрамя праваахоўнай сыстэмы, гэта можна было выкарыстаць".

У эканаміста Яраслава Раманчука я спытаўся: ці можа прыдацца ў банкаўскай сфэры база адбіткаў пальцаў, сабраных ва ўсіх ваеннаабавязаных Беларусі? Яраслаў Раманчук сказаў, што з дапамогай адбіткаў пальцаў ужо можна заходзіць у кампутар, а, значыць, і на свой банкаўскі рахунак. Але яму не падабаецца тое, што беларускія спэцслужбы могуць зрабіць тое самае, выкарыстаўшы адбітак з базы дадзеных:
Яраслаў Раманчук

"Стабільнасьць банкаўскіх укладаў залежыць зусім ад іншых чыньнікаў. А калі ў краіне такі падыход да прыватнай інфармацыі, тады банкаўская сфэра будзе хутчэй баяцца, чым вітаць такія захады беларускага ўраду. Ня ведаю ніводнай краіны сьвету, дзе б такая мера была б абавязковай, і дзе б яна стала пазытыўным чыньнікам разьвіцьця фінансавай сыстэмы".

Праблема прымусовага збору адбіткаў пальцаў узьнікла адразу пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў у Менску 4 ліпеня 2008 году. Тады паводле падазрэньняў у датычнасьці да выбуху былі затрыманыя дзясяткі палітычных актывістаў, у якіх у турме узялі адбіткі пальцаў

Падазрэньні не пацьвердзіліся, актывістаў адпусьцілі на волю, а калі пачалі выклікаць на размовы ў міліцыю іншых людзей, узьнікла праблема – шмат хто здаваць адбіткі пальцаў адмаўляўся.

Праз пэўны час афіцыйныя асобы загаварылі пра падрыхтоўку зьменаў у закон "Аб дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі", паводле якіх здача адбіткаў пальцаў для ваеннаабавязаных стане абавязковай.

Закон прадугледжвае адміністрацыйную адказнасьць за невыкананьне, якая , аднак, пэўна не акрэсьлена. Паводле праваабаронцы Алега Гулака, міліцыянты могуць выкарыстоўваць для пакараньня артыкул адміністрацыйнага кодэксу аб "невыкананьні законных патрабаваньняў прадстаўнікоў улады" – гэта штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG