Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскі канфлікт вырашаецца праз суд


Cёньня Эканамічны суд СНД вызначыць, ці будзе разглядацца пазоў афіцыйнага Менску да Расеі адносна правамернасьці расейскага мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь. Канфлікт пачаўся пасьля падпісаньня нафтавых дамоўленасьцяў з Расеяй.

Ад 1 студзеня прадукты перапрацоўкі нафты, што пастаўляюцца з Расеі, абкладаюцца мытам. Сярод іх – і нафтахімічная сыравіна для беларускіх прадпрыемстваў. Патрабаваньні афіцыйнага Менску патлумачыць такія захады расейскі бок пакінуў бяз увагі. Паводле міністэрства юстыцыі, расейскае мыта па некаторых пазыцыях прывяло нават да поўнага спыненьня паставак нафтапрадуктаў на беларускія заводы. Мінюст накіраваў пазоў у Эканамічны суд СНД, каб дамагчыся адмены расейскага мыта.

Прайшоў амаль месяц і, нарэшце, суд вырашыў вызначыцца адносна гэтага пазову. Кіраўнік сакратарыяту Эканамічнага суда СНД Грач'я Сіманян сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Заплянавана судовае пасяджэньне а 15-й гадзіне. Вызначаецца пытаньне аб прыняцьці ў вытворчасьць ці адмове аб прыняцьці заявы. Ці ўваходзіць гэта ў кампэтэнцыю суду? Суд гэтае пытаньне разглядае калегіяльна".

Прысутнасьць бакоў пакуль неабавязковая. Раней расейскі віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў заявіў, што Расея мае права прымяняць мыта і мае яўныя прававыя перавагі ў вырашэньні спрэчкі з афіцыйным Менскам аб пастаўках нафтапрадуктаў.

Паводле крыніцы ў расейскім урадзе, уся гэтая судовая гісторыя ня ёсьць найпершай тэмай для расейскага боку:
Якое рашэньне не было б вынесена гэтым судом, яно, безумоўна, ніякага прававога значэньня для Расеі мець ня будзе.

"Абсалютна не на слыху. Прайшла інфармацыя ў самым пачатку пра тое, што Беларусь падала пазоў. Але ад таго часу ніхто пра гэта не гаворыць і не камэнтуе. Ажыятажу ніхто з гэтага ня робіць".

Паводле крыніцы, пасьля падпісаньня нафтавых дамоўленасьцяў у Маскве, зь беларускім бокам "не было кантактаў адносна нафтавага мыта".

Якія пэрспэктывы ў Беларусі выйграць суд? Кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў, што справа можа расьцягнуцца не на адзін месяц:

"Шанцы выйграць у гэтым судзе мінімальныя, бо сам факт, што Беларусь зьвярнулася да гэтага суду – гэта ўжо параза беларускага боку. Бо Расея ня тая краіна, якая вырашае падобныя канфлікты праз суды. Трэба было зусім інакш падыходзіць да гэтага пытаньня. Якое рашэньне не было б вынесена гэтым судом, яно, безумоўна, ніякага прававога значэньня для Расеі мець ня будзе. А яшчэ больш пагоршыць стасункі паміж краінамі. Расея паводзіць сябе згодна з падпісанымі ўмовамі. І тое, што Лукашэнка зноў наехаў на Расею, сьведчыць аб тым, што ён пагрозамі, шантажом нешта спрабуе зьмяніць. Але гэта паказчык яго слабасьці, бо ён канкрэтных крокаў для выхаду з гэтай сытуацыі ня робіць. Ён проста гаворыць".
XS
SM
MD
LG