Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагрозы грамадзянскай вайны ў Кіргізстане няма


Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў ад панядзелка знаходзіцца ў Беларусі. Яму і яго сям'і аказваецца мэдычная дапамога. Пра гэта заявіў 20 красавіка Аляксандар Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланьнем да Нацыянальнага сходу. Госьця начнога эфіру – супрацоўніца Кіргіскай службы Радыё Свабода ў Бішкеку Гулайым Ашакеева. Яна распавяла пра рэакцыю ў Кіргізстане на паведамленьне аб тым, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі.




СЛУХАЦЬ:


Абламейка: Гулайым, ці ёсьць ужо афіцыйная рэакцыя ў Бішкеку на заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Бакіеў знаходзіцца ў Менску?

Ашакеева: Пакуль кіргіская ўлада не зьбіраецца прасіць выдаць былога прэзыдэнта Бакіева, бо кіргіская ўлада праводзіць зараз сьледчую працу. Некаторыя былыя чальцы ўраду даюць паказаньні. І калі сьледзства высьветліць, што у Курбанбэка Бакіева ёсьць віна за падзеі 7 красавіка, то кіргіскі бок будзе афіцыйна зьвяртацца да Беларусі, а таксама да іншых краінаў, як США, Расея і Казахстан, якія былі пасярэднікамі працэсу вывазу Бакіева з Кіргізстану. Гэта першы варыянт. Другі варыянт, калі сам Бакіеў і кіраўнік часовага ўраду Роза Атунбаева прасілі міжнародную супольнасьць стварыць незалежную міжнародную камісію для расьсьледаваньня красавіцкіх падзеяў у Кіргізстане. Калі такая камісія будзе створаная і яна знойдзе, што Бакіеў вінаваты, то яны будуць зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці і да спадара Лукашэнкі наконт экстрадыцыі былога прэзыдэнта Кіргізстану. Таксама міжнародная супольнасьць павінна вырашыць, як будзе адбывацца суд на Бакіевым: міжнародны крымінальны суд ці кіргіскі суд.

Абламейка: А якая рэакцыя кіргіскіх палітолягаў і кіргіскага народу?

Ашакеева: Народ быў вельмі абураны, калі спадара Бакіева вывезьлі з Кіргізстану. Таму што многія кіргізы не хацелі выпусьціць яго з краіны. Калі ўчора зьявілася інфармацыя, што ён у Беларусі, ці будзе там, то насупраць беларускай амбасады нават быў невялікі стыхійны мітынг. А сёньня меркаваньні вельмі розныя. Адны кажуць, што трэба весьці расьсьледаваньне, іншыя ўпэўненыя, што Бакіеў вінаваты ў страляніне, што былі забітыя і параненыя, і што над ім будзе суд. Іншыя лічаць, што для стабільнасьці ў Кіргізстане лепш, каб ён зьехаў з краіны, што ён знаходзіцца далёка. Тым ня менш, на поўдні, адкуль родам сам Бакіеў і яго браты, супрацоўнікі, адбываюцца стыхійныя мітынгі, там лічаць, што Бакіеў вернецца ў родны паўночны рэгіён Кіргізстану і далей будзе дзейнічаць як прэзыдэнт Кіргізстану.

Абламейка: Ці існуе пагроза грамадзянскай файны ў краіне?

Ашакеева: Я бы не сказала, што Кіргізстан на мяжы грамадзянскай вайны. Таму што колькасьць дэманстрантаў на поўдні вагаецца ад 20 да 2 тыс. чалавек, і яны паводзяць сябе па-рознаму. Многія прыходзяць проста паглядзець, што адбываецца. Самі удзельнікі мітынгаў кажуць, што іх найбольш турбуюць сацыяльныя праблемы. Там таксама мітынгуюць супрацоўнікі міліцыі. У іх свае сацыяльныя праблемы. Такія мітынгі адбываюцца па ўсяе краіне, але пагрозы грамадзянскай вайны няма.
XS
SM
MD
LG