Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкіна: “Сын Бакіева зьвязаны зь Беразоўскім”


Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

Якімі палітычнымі матывамі можна патлумачыць рашэньне Аляксандара Лукашэнкі даць прытулак у Менску Курманбэку Бакіеву? Ці сапраўды такі крок Менску можа раззлаваць Крэмль ці гэты сцэнар мог быць узгодненым паміж бакамі? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.


Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка рэдка што робіць непрактычна. Звычайна за самай эмацыйнай формай хаваюцца палітычныя рацыянальныя прычыны. З гэтага пункту гледжаньня як можна патлумачыць паводзіны Лукашэнкі ў гісторыі з Бакіевым?

Калінкіна: Па-першае, відавочна, што гэтае ягонае рашэньне падкрэсьлівае самастойнасьць беларускага кіраўніка, якую ён апошнім часам усе больш настойліва імкнецца дэманстраваць у адносінах да Расеі і да Эўропы. Па-другое, я упэўнена, што Лукашэнку вельмі устрывожыў кіргіскі сцэнар і асабліва тое, што Расея і ЗША паставіліся да гэтых падзеяў з адзінай пазыцыяй. Таму я думаю, што спроба дапамагчы Бакіеву — гэта прымерка касьцюму Бакіева на сябе.

У Беразоўскага былі цесныя кантакты з Бакіевым.
І па-трэцяе, я нагадаю, што ў сына Бакіева Максіма ёсьць вялікі бізнэс у розных краінах, і па бізнэсе ён зьвязаны з Барысам Беразоўскім. У Беразоўскага былі цесныя кантакты з Бакіевым, і як пішуць кіргіскія СМІ, ён не аднойчы бываў у Кіргізстане. Таму я не выключаю, што ў дадзеным выпадку была нейкая просьба ад Беразоўскага і ён мог яе выканаць.

Цыганкоў: Ці падзяляеце вы меркаваньні некаторых камэнтатараў, што гэты крок Лукашэнкі можа раззлаваць Крэмль? Ці гэта больш уяўныя разважаньні, і на самой справе нічога такога Лукашэнка не зрабіў, каб выклікаць незадавальненьне Масквы?

Калінкіна: Я ня думаю, што тут будзе нейкае ярка выказанае незадавальненьне Масквы, бо ў любым выпадку лёс Бакіева нейкім чынам мусіў вырашыцца — недзе ён мусіў знайсьці прытулак. Я нават не выключаю, што тут можа быць і ўзгоднены сцэнар.

У любым выпадку, усе сёньняшнія заявы Лукашэнкі ў парлямэнце сьведчаць, што паміж Менскам і Масквой ідзе вельмі жорсткі гандаль, і ў Беларусі ужо няма тых козыраў, якія былі раней.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG