Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка заўсёды імкнецца да наднацыянальнай ролі, што выходзіць за межы ўласна беларускай палітыкі”


Рашэньне Лукашэнкі даць прытулак зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстану Бакіеву камэнтуе расейскі палітоляг, рэдактар часопіса “Россия в глобальной политике” Фёдар Лук’янаў.


Дракахруст: Што гэта азначае прадстаўленьне прытулку Бакіеву ў кіргіскім крызісе, і што гэта азначае для беларуска-кіргіскіх
адносінаў?

Лук’янаў
: Тут, вядома, ёсьць розныя аспэкты. Адзін – заключаецца ў тым, што Бакіева трэба некуды падзець. Як мы назіралі на мінулым тыдні, для таго, каб спрыяць ад'езду былога прэзыдэнта Бакіева з Кірігізстану, былі задзейнічаныя самыя цяжкія прылады сусьветнай палітыкі ў выглядзе прэзыдэнтаў Расеі, ЗША і Казахстану, а таксама АБСЭ. Для забесьпячэньня адноснай стабільнасьці ў краіне эвакуацыя Бакіева была абсалютна неабходная. Пры гэтым зразумела, што ні Казахстан, ні Расея асаблівага энтузіязму ад знаходжаньня Бакіева на іх тэрыторыі ня маюць. Расейская ўлада вуснамі чарговай ананімнай крыніцы на мінулым тыдні на пытаньне адной з газэтаў "Ці прыме Расея прэзыдэнта Кіргізстану?" адказаў: "Дзякуй, у нас ужо адзін ёсьць". Маючы на ўвазе Аскара Акаева, які жыве ў Расеі ўжо пяць гадоў. Казахстан, мяркуючы па ўсім, ня хоча мець на сваёй тэрыторыі такі патэнцыйны ачаг незадаволенасьці і магчымых спробаў вяртаньня да ўлады.

Таму той факт, што Бакіеў знайшоў, дзе яму прызямліцца, я мяркую, што будзе пазытыўна ўспрынята астатнімі. З другога боку, ня цяжка здагадацца, што для Лукашэнкі гэта пэўны палітычны жэст. На мінулым тыдні ён ужо выказаўся рэзка крытычна пра Расею і ЗША за іх дзеяньні ў кіргіскім крызісе, за тое, што яны не падтрымалі законную ўладу, а згадзіліся з вынікамі адхіленьня той улады. Аляксандар Рыгоравіч, як і шэраг іншых постсавецкіх лідэраў, у першую чаргу з Цэнтральнай Азіі, прымярае сытуацыю на сябе. Бо самае дзіўнае, што адбылося вакол кіргіскіх падзеяў, гэта не сам пераварот, які на жаль ў Кіргізстане робіцца нормай жыцьця, і тое, што адбылося, наўрад ці апошні акт драмы. Але дзіўнай была рэакцыя Масквы, якая раней нязьменна падтрымлівала статус-кво ў суседніх краінах і вельмі нэрвова і неахвотна прымала любыя перамены. Тут раптоўна здарылася нечаканае, калі перамены былі прынятыя практычна імгненна, больш за тое, былая ўлада зьведала празрыстую крытыку з расейскага боку.

Я мяркую, што і ва Ўзбэкістане, і ў Казахстане, і ў Таджыкістане, і ў Туркмэністане, і ў Беларусі, там, дзе ёсьць лідэры аўтарытарнага тыпу, усе насьцярожыліся. Таму што гэтая зьмена альгарытму паводзінаў з боку Масквы ў прынцыпе можа па-рознаму адбіцца на лёсах вось гэтых суседніх краінаў.

Дракахруст: А запрашэньне Бакіева ў Беларусь было зробленае па ўзгадненьні з Масквой, магчыма негалоснаму, ці гэта асабістая ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі, магчыма, і ў процівагу Маскве. Таксама на мінулым тыдні Лукашэнка сказаў, што Бакіеў яшчэ скажа сваё слова. Ці не азначае гэта, што Менск зробіцца цэнтрам барацьбы з новым урадам Кіргізстану?

Лук’янаў: Я сумняюся, што гэта было ўзгоднена, я мяркую, што гэта – ініцыятыва самого прэзыдэнта Беларусі. Часткова з тае прычыны, што ён успрыняў гэта як абсалютна некарэктныя паводзіны вялікіх дзяржаваў у адносінах да свайго нядаўняга партнэра. Усё ж такі і для Масквы, і для Вашынгтону Бакіеў быў важным партнэрам, саюзьнікам. Ніхто не аспрэчваў яго права на кіраўніцтва, нягледзячы на своеасаблівыя паводзіны. І я мяркую, што для Лукашэнкі гэта часткова пытаньне прынцыпу. Што так вось нельга паводзіць сябе з чалавекам, зь якім вас зьвязвалі нейкія палітычныя адносіны. А што да таго, ці здолее Менск зрабіцца штаб-кватэрай кіргіскага рэваншу, я наконт гэтага сумняюся, бо, па-першае. гэта давлі далёка, па-другое гэта рызыкавана для Бакіева. Бо ўсё ж такі яму дапамаглі адтуль зьехаць з поўдня Кіргізстану, але калі ён паспрабуе вярнуцца ці паспрабуе відавочна ўскладніць сытуацыю, я мяркую, што гэта не спадабаецца нікому з зацікаўленых бакоў, ні ў Расеі, ні ў Амэрыцы, ні ў Казахстане. І, напэўна, ёсьць спосабы націснуць на яго і на сям'ю праз фінансавы кантроль за невядома куды зьніклымі 200 млн. даляраў, ці іншым спосабам. Усё ж такі Бакіеў ня тая постаць, якая можа весьці "бітву тытанаў", не зважаючы на буйнейшых гульцоў.

Дракахруст: А што выйграе ад гэтага Лукашэнка? У краіне, у двухбаковых адносінах, зарабіўшыся, пакуль у адзіночнай асобе, галавой новага "сьвяшчэннага саюзу".

Лук’янаў: Я не думаю, што ён нешта выйграе. І ўвогуле гэтая сытуацыя, я спадзяюся, досыць хутка будзе рассмоктвацца. Вядома, калі новыя ўлады Кіргізстану ня здолеюць узяць пад кантроль сытуацыю, тады гэта будзе зацягвацца і можа неяк эскалявацца, але хутчэй за ўсё сытуацыя стабілізуецца, а пасьля Бакіеў ужо нікога цікавіць ня будзе. Я сумняюся, што ўлады ў Бішкеку здолеюць зрабіць тое, пра што яны заяўляюць – прыцягнуць яго да адказнасьці за нейкія ўчынкі ці вярнуць у краіну грошы. Вопыт паказвае, што ніколі гэта не атрымліваецца зрабіць. Хутчэй за ўсё гэтую старонку папросту перагорнуць, што будзе азначаць, што атрымаць нейкія дывідэнды з Бакіева не атрымаецца. Але я не выключаю, што ён такім чынам здабудзе пэўныя пункты ў вачах сваіх калегаў на постсавецкай прасторы, тых што прымяраюць сытуацыю на сябе. Бо ён паказаў сябе такім надзейным сябрам. Ня ведаю, ці можна ад гэтага атрымаць, напрыклад, дывэрсыфікацыю крыніцаў сыравіны, калі яшчэ бліжэй сябраваць з Узбэкістанам ці Казахстанам. Але Лукашэнка заўсёды імкнецца да наднацыянальнай ролі, што выходзіць за межы ўласна беларускай палітыкі. Можа ў яго нешта атрымаецца састрыгчы ў гэтай досыць дзіўнай сытуацыі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG