Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму замінаюць сьцягі?


Дом на Палескай вуліцы ў Гомелі.

Дом на Палескай вуліцы ў Гомелі.

Сёньня а 15-й гадзіне ў офіс Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, разьмешчаны ў прыватным доме на вуліцы Палеская, 52, прыехалі ажно 8 міліцыянтаў Чыгуначнага райаддзелу ўнутраных спраў.

Адзін зь іх быў нават зь відэакамэрай. Яны запатрабавалі зьняць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Эўразьвязу, якія былі вывешаныя на доме з боку двара. Патлумачылі, што сьцягі заўважыла нейкая чыноўная асоба й загадала зьняць. Якая менавіта — не назвалі.

Прадстаўнікі АГП вырашылі не даводзіць справу да канфлікту й зьнялі сьцягі.

Неўзабаве прыйшоў участковы інспэктар, старшы лейтэнант Дзяніс Каханік, і пад пратакол апытаў двух сяброў АГП — бачылі яны вывешаныя сьцягі ці не.

У мінулым годзе міліцыянты самі здымалі сьцягі з офісу, калі тут трымаў галадоўку палітык Уладзімер Кацора на знак пратэсту супраць пакараньня ўдзельнікаў ланцуга памяці былога міністра ўнутраных спраў, генэрала Юрыя Захаранкі.

Гомельскія назіральнікі заўважаюць, што ўлады неяк выбарачна ставяцца да нацыянальных і эўрапейскіх сымбаляў. На некаторых будынках абласнога цэнтру, у прыватнасьці — УКДБ, да гэтага часу красуецца барэльефны герб СССР. І ніхто не прымушае чэкістаў зрынуць яго й усталяваць, напрыклад, цяперашні герб сувэрэннай Рэспублікі Беларусь.


XS
SM
MD
LG